«Расатам»: першы блок БелАЭС гатовы на 97%. Эколагі: гэтыя 97% могуць быць вельмі ўмоўнымі
Эколагі мяркуюць, што расійскія ацэнкі гатоўнасці першага энергетычнага блоку БелАЭС могуць сур’ёзна разыходзіцца з рэальнасцю, паведамляе Белсат.
Генеральны дырэктар расійскай дзяржаўнай карпарацыі ў атамнай энергіі «Расатам» Аляксей Ліхачоў 24 верасня заявіў, што першы блок БелАЭС гатовы на 97%. «Першы блок знаходзіцца ў вышэйшай ступені тэхнічнай гатоўнасці, мы ацэньваем – гэта 97% рэалізацыі праекту. Сёння мы ў прынцыпе з дакладнасцю да дзён можам распісаць усе падзеі і дзеянні, уключаючы фізічны пуск, падключэнне да сеткі, выхад на 100% -ную магутнасць», – заявіў ён. Нагадаем, па плану першы энергаблок БелАЭС мусіць будзе ўведзены ў эксплуатацыю да канца 2019 года.
Сябра рады ГА «Экадом» Ірына Сухій у каментары belsat.eu адзначыла, што паралельна з заяваю Ліхачова з тэлеграм-каналу NEXTA стала вядома, што пры будаўніцтве БелАЭС праз карупцыю быў дапушчаны шэраг дэфектаў. На думку Сухій, гэта сведчыць пра тое, што на БелАЭС могуць быць і іншыя недапрацоўкі.
«Мы не ведаем, якія парушэнні і праблемы там былі яшчэ ў працэсе будаўніцтва. Па нейкім фрагментарным звесткам (абвалілася нешта, пабілі корпус рэактару) можна судзіць, што там, імаверна, шмат парушэнняў і праблемаў. Таму гэтыя 97% гатоўнасці могуць быць вельмі ўмоўнымі. Вонкава энергаблок можа быць гатова на 97%, але пры рэальнай ацэнкі якасці можа апынуцца, што гэтую АЭС наагул нельга запускаць», – кажа яна.
Сухій падкрэслівае, што адным з галоўных патрабаванняў эколагаў з’яўляецца ўсталяванне фільтраў у сістэме вентыляцыі БелАЭС, якія б не дапускалі шкодных выкідаў у атмасферу.
«Адзін з галоўных момантаў, на якіх мы настойваем – гэта фільтры ў сістэме вентыляцыі. Гэта цяпер укараняецца на ўсіх атамных станцыях, бо гэта можа знізіць выкіды радыенуклідаў пры працы АЭС у звычайным, безаварыйным рэжыме. Бо ўсе станцыі ўсё роўна выкідваюць значную колькасць радыенуклідаў і на адлегласці 10 кіламетраў гэта даволі заўважнае ўздзеянне можа быць. Нямецкія вучоныя, напрыклад, сцвярджаюць, што ў 10 км ад АЭС шанец захварэць лейкеміяй узрастае ў некалькі разоў. Гэта вельмі сур’езныя рэчы», – падкрэслівае прадстаўніца «Экадом».
Таксама эколагі выступаюць супраць таго, каб адробленае паліва з БелАЭС накіроўвалі на перапрацоўку ў Расію з вяртаннем адыходаў у Беларусь. Нагадаем, менавіта такі план сёлета зацвердзілі ва ўрадзе.
«Думаю, Беларусі не трэба транспартаваць адпрацаванае ядравае паліва ў Расію, а потым перапрацаванае весці назад. На чыгункі могуць быць аварыі, гэта толькі павялічвае небяспеку», – адзначыла суразмоўца belsat.eu. Сухій мяркуе, што адыходы трэба захоўваць у спецыяльных сховішчах на самой станцыі – менавіта на карысць гэтага сведчыць цяперашні сусветны досвед.