Беларусь пабіла рэкорд па вонкавым дзярждоўгу

Яшчэ ні разу ў суверэннай гісторыі дзяржава не была вінная так шмат грошай, як цяпер.

kqaiucdcdv2nm7lwxi6q2jal3whoauis.jpg


Мінфін абнаўляе інфармацыю па дзярждоўгу з месячным адставаннем. Таму на сёння самыя свежыя дадзеныя датаваныя 1 лістапада. Да 1 лістапада знешні дзярждоўг склаў 18,121 млрд USD. Такога вялікага дзярждоўгу перад знешнімі крэдыторамі яшчэ не было ў гісторыі Беларусі, канстатуе рэсурс banki24.by.

На 1 студзеня дзярждоўг на знешнім контуры быў роўны 17,133 млрд USD. Такім чынам, усяго за 10 месяцаў сума знешняга дзярждоўгу падскочыла амаль на 1 млрд USD.

Папярэдні рэкорд быў усталяваны 1 ліпеня. Тады знешнія даўгі краіны дасягалі 18,038 млрд USD.

Улетку рост знешняга дзярждоўгу адбыўся з-за размяшчэння суверэнных еўрабондаў. Новы рэкорд тлумачыцца прыцягненнем у кастрычніку крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця. Сума крэдыту склала 500 млн USD, асноўная частка грошай амаль адразу сышла на пагашэнне газавых даўгоў. Акрамя павелічэння дзярждоўгу ў грашовым выражэнні адбылося пагаршэнне суадносін дзярждоўгу і ВУП. Калі на 1 студзеня знешні дзярждоўг склаў 27,1% ВУП, то на 1 лістапада ўжо 29,8%.

Такая дынаміка тлумачыцца двума прычынамі — падзеннем ВУП у супастаўных цэнах і дэвальвацыяй беларускага рубля. За 2020 год «зайчык» сур’ёзна абясцэніўся да долара і еўра, а росту намінальнага ВУП не хапіла, каб гэта кампенсаваць.

Унутраны дзярждоўг значна менш, чым знешні. Мінфін прыводзіць яго суму ў рублях — 10,168 млрд BYN на 1 лістапада. Унутраны дзярждоўг у Беларусі прадстаўлены аблігацыямі Мінфіна. У структуры гэтага доўгу доля беларускага рубля была маргінальнай — усяго 13,6%. У пераліку на грошы «зайчыкавы» доўг склаў 1,380 млрд BYN. Астатні доўг фармавалі каштоўныя паперы ў далярах, еўра і расійскіх рублях.

На 1 лістапада ў звароце былі аблігацыі Мінфіна на 1,954 млрд USD, 1,180 млрд EUR і 147,4 млн RUB. Суадносіны ўнутранага дзяржаўнага доўгу і ВУП да 1 лістапада склала 6,4%. Выходзіць, што знешні і ўнутраны дзярждоўг разам узятыя дасягнулі 36,2% ад ВУП. Гэта горшыя суадносіны дзяржаўнага доўгу і ВУП з 1 жніўня 2018 года.

А ёсць яшчэ дзяржгарантыі, якія Сусветны банк і МВФ таксама залічваюць у суверэнны доўг Беларусі. На 1 лістапада гарантыі дзяржавы склалі 4,9% ВУП. Такім чынам, дзярждоўг з гарантыямі дасягнуў 41,1%.