«Беларуснафта» «кінула» партнёраў? У Эквадоры хочуць адсудзіць у беларускага прадпрыемства $60 млн.

У Эквадоры хочуць спагнаць з «Беларуснафты» і звязанай з ёю мясцовай кампаніі больш чым 60 млн. долараў. Даўгі ўтварыліся як перад дзяржаўнымі ўстановамі, так і мясцовымі падрадчыкамі за выкананыя працы на нафтавых свідравінах, паведамляюць венесуэльскія СМІ.

ekvador_belorusneft1.jpg


Беларусь і Эквадор сталі супрацоўнічаць у нафтавай сферы пасля візіту Лукашэнкі летам 2012 года ў гэтую краіну ў Лацінскай Амерыцы. Нягледзячы на тое, што Эквадор цалкам забяспечвае сябе нафтай і нават экспартуе яе, распрацоўка новых радовішчаў і здабыча нафты патрабуюць значных укладанняў у інфраструктуру. Але эквадорскія кампаніі не могуць пакрыць усе выдаткі, паколькі не валодаюць неабходнымі рэсурсамі. Таму не дзіўна, што буйнымі гульцамі на эквадорскім нафтавым рынку з’яўляюцца французскія, амерыканскія і кітайскія кампаніі, піша TUT.BY.

Беларускія нафтавікі ўваходзілі на гэты рынак у 2012 годзе ў якасці сервіснай кампаніі. За гэты час рэалізавалі шэраг сейсмаразведачных праектаў у складаных умовах: у джунглях, запаведных зонах. Лагічным працягам супрацоўніцтва стаў праект здабычы нафты.

«Беларуснафта» заснавала з эквадорскай кампаніяй «Edinpetrol» сумеснае прадпрыемства «Сервіс Ойл Эквадор Эквасервойл». Прычым кантрольны пакет акцый застаўся ў беларускага боку.

У 2016 годзе «Сервіс Ойл Эквадор Эквасервойл» падпісаў 15-гадовы кантракт з дзяржаўнай нафтаздабываючай кампаніяй Эквадора «Петраамазонас» на распрацоўку радовішча Армадыльё («Блок 55»). Генпадрадчык абавязаўся ўкласці ў праект больш за 125 млн. долараў. Перад інвестарамі стаяла задача павялічыць здабычу на «сталым» радовішчы, звяртаючыся да выкарыстання новых тэхналогій. Акрамя таго, быў вызначаны тарыф, па якім «Петраамазонас» павінна весці разлікі.

За мінулы час сумесная кампанія збудавала 11 свідравін, атрымала ўстойлівы прамысловы прыток нафты, даказала геалагічны патэнцыял «Блока 55», сфармавала здабываючы кластар з усёй неабходнай наземнай інфраструктурай, гаворыцца на сайце «Беларуснафты».

З ліпеня 2017 года да снежня 2020 года «Сервіс Ойл Эквадор Эквасервойл» здабыла на Армадыльё блізу 2,4 млн. барэляў нафты, або 350 тысяч тон. Прычым апошнія гады гаворка ішла аб здабычы 130-160 тыс. тон у год. Для параўнання: «Беларуснафта» здабывае ў Беларусі 1,6−1,7 млн. тон нафты ў год. Беларусь купляе для перапрацоўкі 17-18 млн. тон нафты ў год. Гэта значыць, аб’ёмы здабычы «Беларуснафты» ў гэтай лацінаамерыканскай краіне можна назваць мізэрнымі.

І вось нядаўна стала вядома пра канфлікт паміж удзельнікамі праекта.

У траўні 2016 года «Сервіс Ойл Эквадор Эквасервойл» падпісала кантракт з эквадорскай падраднай арганізацыяй «Servicios Drilling Technologies» (SDT) на бурэнне свідравін, інжынерныя даследаванні, будаўніцтва інфраструктуры. У праекце таксама была задзейнічана кітайская «CNPC Chuanqing Drilling Engineering Company».

Для спагнання ўкладзеных інвестыцый SDT, «Беларуснафта», CNPC, крэдыторы «Сервіс Ойл Эквадор Эквасервойл» і SDT стварылі траст. Былі прапісаны прапорцыі, у якіх кожны з бакоў будзе атрымліваць сродкі. У 2020 годзе SDT і яе пастаўшчыкі сталі вінаваціць «Беларуснафту» ў прысваенні сродкаў, якія павінны былі пайсці ў траст. Эквадорскія кампаніі патрабуюць ад беларускага боку нявыплачаных плацяжоў на суму больш за 60 мільёнаў долараў. Адпаведны пазоў накіраваны ў суд.

SDT абвінаваціла Станіслава Шапкіна, гендырэктара «Сервіс Ойл Эквадор Эквасервойл» і прадстаўніка «Беларуснафты», у злоўжыванні даверам. Шапкін назваў гэтыя абвінавачанні абсурднымі.

У сакавіку 2021 года эквадорскія падрадчыкі паскардзіліся міністру энергетыкі і неаднаўляльных прыродных рэсурсаў Эквадора Рэнэ Орцісу.

У лісце гаворыцца, што беларускі бок «не прыцягнуў у краіну фінансаванне, як гэта было прадугледжана ў двухбаковым пагадненні з урадам Эквадора», і працягвае «штомесяц спаганяць узнагароду і не разлічвацца па даўгах у памеры каля 60 мільёнаў долараў не толькі перад эквадорскімі кампаніямі, але і з дзяржаўнымі ўстановамі». Пры гэтым многія з 60 кампаній, з якімі не разлічыліся за работы, выкананыя на радовішчы Армадыльё, і іх работнікі аказаліся ў складаным фінансавым становішчы.

«Мы просім вашага ўмяшання і каардынацыі з іншымі дзяржаўнымі ўстановамі (...) і спадзяёмся, што магчымасцей, устаноўленых Канстытуцыяй Эквадора і Законам аб вуглевадародах, хопіць, каб канчаткова вырашыць гэтую праблему і запатрабаваць ад “Сервіс Ойл Эквадор Эквасервойл” і “Беларуснафты” выканання сваіх абавязацельстваў. А таксама каб гэтыя кампаніі не заставаліся беспакаранымі пасля гэтай масавай афёры, якая нанесла шкоду шматлікім эквадорскім кампаніям і іх сем’ям», — гаворыцца ў лісце на імя міністра энергетыкі.

У цяперашні час, паводле даных эквадорскіх СМІ, «Сервіс Ойл Эквадор Эквасервойл» разглядае магчымасць прыцягнення інвестара ў асобе «Gazprom International». Кансалтынгавая кампанія «Walsh» ужо праводзіць аўдыт актыву.

У «Беларуснафце» адмовіліся ад каментароў.