Беларусы скупляюць валюту ужо 17 месяцаў запар
Чыноўнікі абнавілі статыстыку ўнутранага валютнага рынку і ЗВР РБ. З гэтых дадзеных можна выцягнуць шмат карыснага для разумення рэальнай сітуацыі.
Нядаўна Нацбанк даў справаздачу аб росце рэзерваў адразу на 337,9 млн USD. У выніку да 1 траўня ЗВР краіны дасягнулі 7,278 млрд USD. Аднак, калі зазірнуць глыбей, то аказваецца, што крыніцы папаўнення рэзерваў мелі няўстойлівы разавы характар, пішуць banki24.by.
Па-першае, у красавіку адбываецца выплата квартальных падаткаў прыватнікамі і дзяржпрадпрыемствамі. З-за гэтага часова павышаюцца аб’ёмы валютнай выручкі, якія прадпрыемствы канвертуюць у рублі дзеля выплаты падаткаў і збораў. Красавіцкай расстаноўкай попыту і прапановы на рынку рэгулярна карыстаецца НБРБ, які скупляе валюту. Грошы ўдавалася сабраць нават у крызісным 2020 годзе. Таму ў 2021 годзе скупка валюты не павінна выглядаць дзіўна.
Фактар квартальных падаткаў узмацняецца ў красавіку выплатай гадавых дывідэндаў у дзяржсектары. Наступныя квартальныя падаткі будуць у ліпені. Значыць, пры іншых роўных, валюты на травеньскіх таргах будзе менш.
Па-другое, за красавік паднялося ў кошце манетарнае золата. Па нашых разліках, колькасць золата ў ЗВР практычна не змянілася. Таму ўсё падаражэнне металу ў рэзервах (123,3 млн USD) тлумачыцца ростам цаны. У лютым і сакавіку былі зваротныя працэсы: золата таннела, што прывяло да падзення рэзерваў больш чым на 270 млн USD. Так што, калі ў траўні трэнд па золаце разгорнецца, то ў рэзервах РБ зноў з’явіцца салідная «дзірка».
Па-трэцяе, за красавік улады пагасілі валютныя пазыкі ўсяго на 105 млн USD. Для параўнання: у сакавіку 2021-га аб'ём пагашэнняў быў утрая вышэйшы —310 млн USD. Дастаткова ўжо таго факту, што плацяжы за красавік 2021 года сталі мінімальнымі за 47 месяцаў публікацыі статыстыкі.
Калі змадэляваць на красавік сітуацыю з аб’ёмам валютных плацяжоў і дынамікі коштаў на золата па ўзоры сакавіка, то нават скупка валюты з унутранага рынку не выратавала б ЗВР ад падзення. Пакуль нельга казаць, што зададзены нейкі пазітыўны трэнд па памеры рэзерваў. Красавіцкія дадзеныя выкліканыя збегам спрыяльных акалічнасцяў, а не глыбінным паляпшэннем спраў у эканоміцы. Нездарма Нацбанк захоўвае на канец года вельмі расплывісты прагноз па ЗВР — «вышэй 6 млрд USD». Тэарэтычна гэта можа быць і 6 мрд і 1 USD.
Што тычыцца ўнутранага рынку, то ў красавіку беларусы ўзмацнілі скупку валюты. За гэты месяц фізасобы на чыстай аснове набылі ў банкаў 123,1 млн USD (супраць 24,5 млн USD у сакавіку-2021).
Беларусы бесперапынна скупляюць валюту са снежня 2019 года. За гэты час насельніцтва вынесла з банкаў 2,362 млрд USD.