Без перамен чакаць росту рэальных заробкаў да $500 і вышэй не варта
Што будзе з даходамі беларусаў, якія перспектывы зарабіць запаветныя «па 500» і што для гэтага неабходна — пра гэта Myfin.by распавяла вядучая даследчыца Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.
Што адбылося?
Белстат апублікаваў свежую статыстыку аб даходах беларусаў. Паводле яго даных, у лютым сярэдняя налічаная зарплата ў Беларусі склала 1277,1 рубля або $490,5 па сярэднім курсе лютага (2,6036). Гэта менш, чым у студзені ($503,9), прыкметна менш, чым у снежні 2020-га ($576,6) і таксама менш, чым год таму — у лютым 2020-га ($510,9).
І гэта толькі налічаны сярэдні заробак — грошы да выліку падаткаў. На рукі ў сярэднім выходзіць яшчэ на 14% менш.
Самападман не мяняе факту
Чаму заробак падае другі месяц запар і ніяк не дасягне сакральнай для ўлады лічбы ў «папяццот» — пацікавіліся ў Кацярыны Барнуковай.
— Улада падманвае сябе, думаючы, што можа кантраляваць усё, але на самой справе памеры заробкаў яна кантралюе ўжо вельмі абмежавана.
У лютым яны ўпалі ў тым ліку і таму, што гэта кароткі месяц і тыя, у каго заробак залежыць ад выпрацоўкі, атрымалі менш. Хоць у мінулым годзе ў лютым заробак у рублях вырас.
Так што сезоннасць ёсць, але агульная тэндэнцыя, тым не менш, паказвае на структурную слабасць беларускай эканомікі: 500 долараў сталі для ўлады рысай, праз якую не пераскочыць — як толькі сярэднія заробкі падымаюцца вышэй за гэты паказчык, тут жа эканоміка пачынае губляць сваю канкурэнтаздольнасць і даводзіцца нешта карэктаваць. Да прыкладу — валютны курс.
З гэтай сітуацыі беларускія ўлады могуць выбрацца ў двух выпадках.
Першы — калі складуцца неверагодна спрыяльныя ўмовы на знешнім рынку і за кошт росту рэальнага экспарту эканоміка будзе канкурэнтаздольнай нават і з заробкамі вышэй за 500 долараў. Другі варыянт — калі ў Беларусі пройдуць тыя самыя структурныя рэформы, пра якія эксперты гавораць гадамі.
У першую чаргу, гаворка ідзе пра рэструктурызацыю дзяржпрадпрыемстваў. Нягледзячы на тое, што ва ўрадзе ўсе разумеюць, што эфектыўнасць дзяржсектара трэба павышаць, але на дзеянні ніхто не адважваецца.
Прыватызацыя, як нам пастаянна нагадваюць, «недапушчальная». Але нават усталяваць на дзяржпрадпрыемствах фінансавую дысцыпліну, прымусіць іх працаваць у дакладных бюджэтных абмежаваннях — нават гэтага пакуль мы зрабіць не можам. Хоць досвед Кітая паказвае, што нават такія абмежаваныя крокі могуць даць штуршок у эфектыўнасці.
У іншым выпадку росту рэальных заробкаў або сярэдніх заробкаў у доларах да 500 і вышэй чакаць не варта.
Антон Зарудніцкі, Myfin.by