Беларусь можа страціць 25–30 мільёнаў даляраў у месяц з-за ўспышкі афрыканскай чумы свіней

Гэта не адаб'ецца фатальна на беларускай эканоміцы, але адаб'ецца на кашальках простых беларусаў, прагназуюць эканамісты.



svin.jpg

Следам за Украінай, Расіяй, Польшчай і Літвой забарона на пастаўкі мясных і малочных прадуктаў з Беларусі ўвяла Латвія. У суму 25–30 мільёнаў даляраў у месяц ацэньвае магчымыя страты з-за адсутнасці экспарту свініны эканаміст Леанід Злотнікаў.
 

— Зрэшты, трэба ўлічваць, што палова свініны рээкспартуецца, гэта значыць, мы купляем за мяжой пэўную колькасць свініны, і адпраўляем на рээкспарт ў Расію. Калі ж браць толькі сваю свініну, то страты складуць 12-15 мільёнаў даляраў у месяц, паколькі калі нам нельга свініну рээкспартаваць, то яе можна і не купляць за мяжой для гэтага, — адзначае эксперт.
 

Аднак ён агаворваецца, што кошт можа ісці толькі на парадкі, а дакладныя лічбы страт цяпер палічыць наўрад ці нехта зможа. Невядома, колькі месяцаў будзе доўжыцца каранцін, колькі яшчэ раёнаў можа быць ахоплена ўспышкай   афрыканскай чумы свіней.
 

— Па тых маштабах захворвання, якія маюцца сёння, калі прыняць у разлік прыкладна восем раёнаў (ачагі ў меншай колькасці раёнаў, але забой свіней ідзе і па суседстве), страты можна ацаніць у некалькі дзесяткаў мільёнаў даляраў. А ў залежнасці ад тэрмінаў страты экспарту гэтыя сумы могуць скласці да 60-70 мільёнаў даляраў, — падкрэслівае Леанід Злотнікаў.
 

Эканаміст Леў Марголін не думае, што такія страты адаб'юцца на беларускай эканоміцы фатальным чынам.
 

— Але гэтая сітуацыя істотна адаб'ецца на кашальках беларускіх грамадзян. Кошты на свініну на рынках і ў крамах ужо пачалі паўзці ўверх, і гэта далёка не мяжа, — адзначае эксперт. — Калі ў нас раней свініна была дастаткова дарагой у  параўнанні з сумежнымі краінамі, але ўсё-такі яна была адсоткаў на трыццаць танней ялавічыны, то цяпер кошты могуць зраўняцца. А гэта вельмі балюча для простых людзей, якія жывуць ад заробку да заробку ці ад пенсіі да пенсіі.

Масавы забой свіней ідзе цяпер не толькі ў гаспадарках, але і на прыватных падворках.
 

З з'яўленнем новага ачага АЧС - у філіяле «Лучоса» Віцебскага камбіната хлебапрадуктаў можна меркаваць, што гэтая мера барацьбы з захворваннем прыме яшчэ большыя маштабы. Ці не атрымаецца так, што беларусы наогул застануцца без свініны?
 

— Калі няма ўласнай вытворчасці, на выручку прыходзіць імпарт. Іншая справа, якім будзе кошт гэтай свініны, ці даступнай яна будзе простаму народу, — лічыць Леў Марголін. — Цяпер праблема ў тым, што ў сітуацыі з захворваннем свіней няма празрыстасці. Ужо ходзяць чуткі, што тую свініну, якую забіраюць у насельніцтва, асабліва ў тых раёнах, якiя не знаходзяцца побач з цэнтрамі эпідэміі, не знішчаюць, а перапрадаюць. Любое непразрыстае дзеянне тут жа спараджае масу чутак.
 

У Беларусі выяўлены другі ачаг афрыканскай чумы свіней (АЧС). Захворванне пацверджана ў Віцебскай вобласці. Першы ачаг быў знойдзены ў Гродзенскай вобласці. Першыя вынікі расследавання па факце заносу віруса паказалі, што захворванне занесена з кармамі для жывёл, увезеных з тэрыторыі Расіі.

zautra.by