Беларуская чыгунка: Цэны — наперад, заробкі — назад
У супрацоўнікаў Беларускай чыгункі скарачаюць заробкі на 10%, прапануюць пераходзіць на «чатырохдзёнку» і сыходзіць у адпачынкі за свой кошт.
Такі загад падпісаў галоўны эканаміст Беларускай чыгункі Мікалай Бекіш. З чым гэта звязана і як да такой ініцыятывы ставяцца самі чыгуначнікі?
Кіраўніцтва Беларускай чыгункі загад аб зніжэнні заробкаў не каментуе. Сам галоўны эканаміст Мікалай Бекіш у адпачынку, паведаміла ягоная сакратарка. А вось дасведчаная крыніца, якая папрасіла
не называць яе, патлумачыла, што на Беларускай чыгунцы працягваецца электрыфікацыя, ідзе мадэрнізацыя — закупляюцца нятанныя імпартныя гарадзкія электрычкі, а інвестыцыяў няма:
«Сёньня ў чыгункі прыбытку, каб падтрымліваць усе гэтыя пачатыя мадэрнізацыі, проста няма. Таму пачалі не людзей скарачаць — людзі, калі будуць істотна зьніжацца заробкі,
самі будуць звальняцца. Заработная плата ў выдатках — даволі сур’ёзная частка, вось і вырашылі крыху сабекошт зэканоміць і атрымаць хоць нейкі прыбытак, каб завяршыць усе тыя
праекты, якія пачалі.
Да таго ж зьніжаюцца аб’ёмы грузавых перавозак. Агульная прамысловая вытворчасьць у Беларусі пачала падаць, адпаведна, і перавозіць няма чаго. З гэтым і зьвязаныя новыя захады
— скарачэньне заробкаў на 10% ды іншыя».
Істотна скараціліся грузавыя перавозкі за мяжу, асабліва гэта тычыцца нафтапрадуктаў. Таму сытуацыя на чыгунцы даволі складаная.
У рэгіёнах у чыгуначнікаў пастаянна затрымліваюць заробкі, людзей адпраўляюць у адпачынкі, кажа машыніст баранавіцкага лякаматыўнага дэпо:
«У нас пастаянна затрымліваюцца зарплаты і адпускныя. Я зараз у адпачынку, але адпускных мне не выплацілі. Я звяртаўся да кіраўніцтва Баранавіцкага аддзялення чыгункі, яны тлумачаць
тым, што ўсе грошы ідуць на падрыхтоўку Чэмпіянату свету па хакеі», — распавёў супрацоўнік БЧ.
У Мінску назіраецца дэфіцыт кадраў лакаматыўных брыгад, асабліва машыністаў. Пасля дэвальвацыі 2011 года, калі зарплаты машыністаў упалі ўдвая, пачаўся іх масавы адток іх у Расію.
«У асноўным з'язджаюць у Расію. З Оршы едуць у Смаленск (там можна вахтамі працаваць). З Мінска едуць у Сібір, Маскву, Піцер. Зараз імкнуцца нават не даваць права кіравання
машыністу на рукі, яны застаюцца ў аддзеле кадраў для таго, каб у Расіі машыністаў не бралі на працу. Але ўсё роўна прыдумляюць усякія абыходныя шляхі», — распавёў памочнік машыніста са сталіцы.
Ён падкрэсліў, што з-за масавага ад'езду кваліфікаваных кадраў на заробкі ў Расію ў лакаматыўных брыгадах вялікая нагрузка.
«Шмат хто проста не хоча працаваць за такія грошы. Проста кіраўніцтву выгадна, каб людзі перапрацоўвалі на 20-25 гадзін штомесяц. Бо аплачваецца перапрацоўка менш, чым праца ў норме
чалавека-гадзін. Пры перапрацоўцы людзі не атрымліваюць за класнасць, за стаж, за выслугу», — растлумачыў памочнік машыніста.
Кваліфікаваны машыніст лакаматыва са стажам ў Беларусі мог зарабіць за месяц максімум 1 тысячу даляраў. У Расіі за тую ж працу ён атрымае ў сярэднім ад 2 да 3 тысяч даляраў. Чыгуначнікі кажуць, што калі заробкі ў Беларусі знізяць на абяцаныя 10%, то масавыя звальненні спыніць будзе ўжо немагчыма.