Больш чым 400 прадпрымальнікаў з'ехаліся на форум у Мінск
Форум на тэму "Тэхнічны рэгламент Мытнага саюза (сертыфікацыя) — беларускае пытанне" праходзіць сёння ў гасцініцы "Юбілейная". Сустрэча прысвечана праблемам увядзення тэхрэгламенту МС па бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці.
Анатоль Шумчанка
Арганізатарам мерапрыемства выступіла РГА "Перспектыва". На форум прыехалі прадпрымальнікі з Мінска, Віцебска, Гродна, Гомеля, Брэста, Рагачова, Пінска, Слоніма, Маладзечна,
Оршы, Мядзела, Салігорска і Смалявічаў. Запрошаныя прадстаўнікі Дзяржкамітэта па стандартызацыі, Мінгандлю і Мінэканомікі мерапрыемства праігнаравалі.
Адкрываючы форум, старшыня савета РГА "Перспектыва" Анатоль Шумчанка нагадаў, што 31 кастрычніка віцэ-прэм'ер Пётр Пракаповіч, кіраўнік Савета па развіцці
прадпрымальніцтва, паведаміў аб уваходжанні ў сілу патрабаванняў тэхрэгламенту аб бяспецы тавараў легпрама ўжо з 1 снежня 2013 года. І гэта нягледзячы на тое, адзначыў Шумчанка, што
раней з профільнымі дзяржорганамі была дасягнута дамоўленасць: прадпрымальнікі змогуць працаваць па старых правілах да 1 ліпеня 2014 года.
"Гэтая вераломная заява была зроблена вельмі не своечасова, — падкрэсліў Шумчанка. — За ўвесь час прэзідэнцтва спадара Лукашэнкі такога не было. Так,
паміж намі былі непаразуменні, але калі мы садзіліся за стол перамоў, то пасля выконваліся ўсе дамоўленасці".
Паводле звестак лідара "Перспектывы", Міністэрства эканомікі раней прапаноўвала ўрада ўвесці такую сістэму, пры якой прадпрымальнік мог бы сам пацвярджаць паходжанне сваіх
тавараў без правядзення сертыфікацыі, аднак гэтую прапанову не падтрымалі іншыя дзяржведамствы.
"Паводле нашай інфармацыі, не ўсе органы ўлады раздзяляюць пазіцыю Пракаповіча, — сказаў Шумчанка. — А значыць, у нас ёсць шанс урэгуляваць гэту
сітуацыю, якая ў іншым выпадку прывядзе да калапсу ўсёй прадпрымальніцкай супольнасці ў Беларусі".
Тэхрэгламент МС аб прадукцыі легпрама набыў моц 1 ліпеня 2012 года. Для паэтапнага пераходу да адзіных патрабаванняў да 1 студзеня 2013 года дапускалася вытворчасць і выпуск у
абарачэнне на тэрыторыі МС прадукцыі, якая не падлягала да ўваходжання ў сілу тэхрэгламенту абавязковай ацэнкі (пацвярджэння) адпаведнасці. У Беларусі для ІП — плацельшчыкаў адзінага
падатку гэты перыяд быў працягнуты да 1 ліпеня 2013 года.
Яшчэ адзін пераходны перыяд тычыцца прадукцыі, на якую да ўвядзення тэхрэгламенту былі выдадзеныя або зарэгістраваныя дакументы аб пацвярджэнні адпаведнасці абавязковым патрабаванням, раней
устаноўленым нарматыўнымі правамі актамі МС або заканадаўствам дзяржавы — члена МС. Вытворчасць і выпуск у абарачэнне такой прадукцыі дапускаецца да 1 ліпеня 2014
года.
Увядзенне патрабаванняў тэхрэгламенту МС выклікала пратэсты індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП). Абавязваючы ажыццяўляць дарагую працэдуру сертыфікацыі тавараў, лічаць яны, улады ставяць іх на мяжу выжывання. У канцы чэрвеня — пачатку ліпеня на рынках і ў гандлёвых цэнтрах Беларусі прайшлі забастоўкі.
У выніку тры міністэрствы — гандлю, аховы здароўя, сельскай гаспадаркі і харчавання — і Дзяржкамітэт па стандартызацыі прынялі сумесную пастанову аб аптымізацыі
пераходу да патрабаванняў тэхрэгламенту. Дакумент спрасціў для ІП працэдуру сертыфікацыі ў адпаведнасці з патрабаваннямі тэхрэгламенту пры ўмове давання імі суправаджальных дакументаў на
тавары.
Да 1 лістапада 2013 года Мінгандлю і Дзяржкамітэт па стандартызацыі дамовіліся не правяраць рэалізуемыя ІП тавары легпрама на адпаведнасць патрабаванням тэхрэгламенту. Пасля гэтай даты
прадпрымальнікі павінны прад'яўляць суправаджальныя дакументы з пацвярджэннем куплі тавару на тэрыторыі краін МС.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН