Ці ўдарыць падзенне тэнге па беларускім рублі?

Беларускі рубель будзе працягваць падаць, але не з-за казахскай валюты, кажуць эканамісты.



business_tenge.jpg

20 жніўня адбыўся абвал казахскай валюты. За адзін дзень тэнге патаннеў у стасунку да долара на 35%. Як гэта паўплывае на стабільнасць беларускай валюты? Ці беларусам варта чакаць чарговай дэвальвацыі? На гэтыя тэмы мы размаўляем з беларускімі эканамістамі.

У сераду кіраўнік Казахстана Нурсултан Назарбаеў заявіў, што яго суайчыннікам варта падрыхтавацца да таго, што цана нафты апусціцца да 30–40 долараў за барэль і пратрымаецца на гэтым узроўні каля 5 гадоў. Увечары гэтага ж дня казахскія ўлады прынялі рашэнне адпусціць тэнге ў «свабоднае плаванне». У выніку казахская валюта страціла больш за траціну сваёй вартасці.

Ці падзенне курсу тэнге ўдарыць па Беларусі, якая, разам з Казахстанам і Расіяй, уваходзіць у Еўразійскі эканамічны звяз?

Не — адказвае беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў. І Беларусь, і Казахстан гандлююць з Расіяй, аднак амаль не гандлююць паміж сабой. Таму «прасяданне» казахскага рынку не паўплывае на эканоміку Беларусі — лічыць эксперт.

Л. Злотнікаў: Гэта не будзе моцна ўплываць на нашую эканоміку, бо гандлёвыя сувязі паміж Казахстанам і Беларуссю слабыя. У Казахстан ідуць лічаныя працэнты нашага экспарту, а імпартуем мы адтуль яшчэ менш. На нашу эканоміку ўплываюць іншыя фактары. Думаю, ва ўсім рэгіёне варта чакаць гонкі дэвальвацыяў, якая пачалася з дэвальвацыі кітайскага юаня.

Адсутнасць сувязі паміж краінамі не азначае, што беларускі рубель будзе стабільным. Ужо некалькі тыдняў курс долара расце. У чацьвер амерыканская валюта дасягнула адзнакі ў 16,5 тысяч беларускіх рублёў. Негатыўны ўплыў на курс беларускай валюты аказвае падзенне расійскага рубля і падзенне цэнаў на нафту. «Чорнае золата» патаннела да ўзроўню крызісу 2009 года. Цяпер барэль нафты маркі Brent каштуе 47 долараў. Беларусь губляе валютную выручку — тлумачыць эканаміст Міхаіл Залескі.

М. ЗалескіЭкспарт мінеральных прадуктаў дае каля 60% нашай валютнай выручкі. Нашая выручка будзе змяншацца, і долараў мы будзем атрымліваць менш. А аплату па крэдытах нам ніхто не скасуе і не адтэрмінуе — мы ж не грэкі...

Нацыянальны банк Беларусі вырашыў развеяць панічныя чуткі і пракаментаваў сітуацыю на валютным рынку. «Ва ўмовах прымянення рэжыму кіраванага плавання бягучая дынаміка абменнага курсу беларускага рубля, якая складваецца як рэакцыя на знешнія эканамічныя фактары, дазваляе падтрымліваць канкурэнтаздольнасць эканомікі», – гаворыцца ў заяве Нацбанку.

У перакладзе на зразумелую мову, гэта азначае, што беларускі рубель таксама адпушчаны ў свабодная плаванне, бо ў Нацбанку не хапае валютных рэзерваў, каб утрымліваць курс.

Л. ЗалескіУ часы вялікага голаду руплівы гаспадар падыходзіць да свайго Бобіка, адвязвае яго і гаворыць: «Ідзі, Бобік, гадуйся сам», бо няма чым яго карміць.

У свабодным плаванні беларускай валюты нічога страшнага, у прынцыпе, няма – кажа Леанід Злотнікаў. Цану беларускага рубля будзе вызначаць рынак. Аднак эканамічная кан'юнктура з'яўляецца неспрыяльнай, таму беларускі рубель працягне падаць.

Л. ЗлотнікаўТэндэнцыі, якія ціснуць на курс беларускага рубля, сапраўды ёсць. У чэрвені ўзмацніўся адток замежнага капіталу. Назіраецца перавод рублёвых дэпазітаў у валютныя. На курс беларускага рубля будзе ціснуць і падзенне расейскага рубля, з-за якога беларуская прадукцыя губляе канкурэнтаздольнасць на расейскім рынку. Беларускія ўлады будуць вымушаныя ісці ўслед за дэвальвацыяй расійскага рубля.

Такім чынам, звычайным беларусам пакуль не варта баяцца шокавай дэвальвацыі, накшталт той, якая адбылася ў 2011 ці на пачатку гэтага году года. Долар будзе даражэць, але паступова. Нацбанк будзе старацца ўтрымліваць ваганні курсу прынамсі да прэзідэнцкіх выбараў. А вось пасля Новага Году, калі сітуацыя не зменіцца, беларускі ўлады могуць пайсці на больш радыкальнае паніжэнне курсу беларускага рубля — мяркуе Міхаіл Залескі.

Аляксандр Папко, www.radyjo.net