Чаму дэкрэт аб «дармаедах» трэба адмяніць?
Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч распавядае пра тое, што будзе далей адбывацца з дэкрэтам аб «дармаедах».
Дэкрэт выклікаў
пратэсты людзей, што ў сваю чаргу дало падставы ўладам распачаць супраць
пратэстоўцаў рэпрэсіі. І на гэтай хвалі сама тэма дэкрэта неяк ціха адыйшла ў
бок. Як зменіцца дакумент? Ці ўсё-такі варта чакаць, што яго цалкам адменяць?
Генадзь Фядыніч адзначыў:
— Дзеянне дэкрэта, як вядома прыпынена, людзі ўжо не плацяць падаткі за “дармаедства”. Як нам стала вядома, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў распрацавалі нейкі законапраект па ўдасканаленні дакумента і аддалі яго ў Адміністрацыю кіраўніка краіны. Гэтыя прапановы раней агучваліся ў СМІ, хутчэй за ўсё, яны і застануцца.
— Вас не задавальняюць такія змены ў дэкрэт?
— Безумоўна, не задавальняюць, бо мы і раней выступалі за тое, каб дэкрэт быў адменены. Такога ж няма ў іншых краінах, мы — наперадзе планеты ўсёй. Трэба разумець, што дэкрэт прыпынілі пад ціскам саміх людзей, але, калі і ўнясуць змены, то выключыць з пад дзеяння дакумента могуць яшчэ 10-15 адсоткаў грамадзян. Але ж гэта ўсё роўна не тое. У дакуменце вельмі шмат супярэчнасцей! І пытанняў пакуль больш, чым адказаў. Я наогул не разумею, як яны “запускалі” гэты дэкрэт, папярэдне не абмеркаваўшы яго з грамадскімі арганізацыямі, з народам, з прафсаюзамі… Але ж хто з намі раіцца? І, калі так распрацоўваецца дэкрэт, то ён заўсёды будзе мець вялікія хібы.
— Было заяўлена, што некаторым з тых, хто ўжо заплаціў падатак на “дармаедства”, грошы могуць вярнуць назад. Якім чынам гэта будзе адбывацца?
— Я яшчэ не ведаю ніводнага чалавека, якому б дзяржава вярнула падаткі. Больш за тое, наколькі вядома, на сённяшні момант не існуе і працэдуры вяртання гэтых грошай. Улады задэкларавалі, што ў асобных выпадках вернуць іх, але ніхто не ведае, як гэта будзе адбывацца на практыцы. Гэта ж не так проста, што чалавек прыйшоў у падаткавую, і яму выдалі наяўныя грошы альбо вярнулі іх на банкаўскую картку. Таму ўпэўнены, што для тых жа шэраговых работнікаў падаткавай інспекцыі гэты дэкрэт таксама – як костка ў горле.
— Але на поўную яго адмену ўлады не пойдуць?
— Напэўна, не пойдуць, бо яны ўперліся ў сценку і назад адступаць ні ў якім разе не хочуць. Хаця і далейшага шляху няма. Так і будуць стаяць. Паказалі народу замест абяцанага заробку ў 500 даляраў дубінкі – вось і ўся размова.
Кастусь Заблоцкі,
Беларускае Радыё Рацыя