«Чым большая зніжка пры продажы дзяржаўнага срэбра, тым прыватны інтарэс цікавейшы»

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» папулярна тлумачыць, чаму так аптымістычна выглядаюць лічбы беларускай эканомікі, успамінае «стартавыя ўмовы» і намякае, што не так з планамі продажу МТС.

12_mts_10032016_zam_tutby_phsl.jpg


Учора прэм’ер Галоўчанка падзяліўся планамі на беларускую эканоміку ў будучым годзе. І трэба сказаць, што, улічваючы ўсе спадарожныя абставіны, гэта вельмі аптымістычныя планы. Хоць прэм’еру Галоўчанка, аптымізм, вядома, належыць па штатным раскладзе. І вось ён паведаміў, што ўрад чакае інфляцыю ў шэсць адсоткаў, замест цяперашніх дзесяці, дэфіцыт бюджэту — тры мільярды замест 6, якія запланаваныя на гэты год, і яшчэ эканамічны рост у тры працэнты. Гэта пры тым, што, пачынаючы з ліпеня, эканоміка неяк супакоілася на нулявых, а з верасня ўжо, падаецца, і на адмоўных тэмпах росту.

І можна было б, вядома, выказаць здагадку, што, выпраменьваючы гэты ўмераны аптымізм, прэм’ер Галоўчанка спадзяваўся на жыватворны эфект новых санкцый. Таму што, як усім вядома, чым больш санкцый, тым прыгажэй асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Але ўчора адна газета, якую ўжо, здаецца нельга называць (насамрэч, яшчэ можна: «Наша Ніва» не была прызнаная экстрэмісцкім выданнем — НЧ) паведаміла, што беларускія ўлады задумалі прадаць долю ў МТС, а разам з ёй яшчэ і Белтэлекам.

Дык вось, магчыма, гэта як раз і ёсць асіметрычны адказ і спосаб нейтралізацыі негатыўных наступстваў санкцыйнага ціску, які прэм’ер Галоўчанка даўно збіраўся знайсці. Беларускія ўлады доўга адкладалі сваё фамільнае срэбра на чорны дзень, а цяпер, падобна, вырашылі, што чарней ужо няма куды. І, калі распрадаць усё, на што можна яшчэ знайсці пакупнікоў, то гэтых грошай, вядома, не хопіць для поўнага эканамічнага шчасця, але дзірку ў бюджэце можна будзе прыкрыць.

Невядома, колькі ўлады хочуць атрымаць за Белтэлекам, але долю МТС яны прапануюць з дысконтам у 600 мільёнаў, ад яго ранейшага кошту ў 900 мільёнаў. І, трэба прызнаць, што такіх зніжак не бывае нават па чорных пятніцах. Праўда, за 900 мільёнаў беларускі МТС ніхто не хацеў купляць. Але ж няма ніякіх гарантый, што хто-небудзь захоча купіць і за 300 мільёнаў.

Таму што, калі ўжо гаворка зайшла аб продажы фамільнага срэбра, то самае слабое звяно ў гэтых планах — будучы пакупнік. За апошнія пару месяцаў беларускае фамільнае срэбра моцна дэвальвавалася. Таму што купіць са зніжкай завод у краіне альтэрнатыўнай дэмакратыі — рызыкоўнае, але патэнцыйна выгаднае ўкладанне інвестыцый. А калі купляеш той жа самы завод у краіне, якую ў прыстойным грамадстве ўжо называюць гібрыдным агрэсарам, то рызыкуеш не толькі капіталам. І калі ўжо купляць, то зніжка павінна быць вельмі пераканаўчай.

А з такімі зніжкамі продаж губляе сэнс. Прынамсі калі разглядаць яе ў маштабах краіны. Хоць, акрамя дзяржаўных бываюць яшчэ і асабістыя, прыватныя інтарэсы. І звычайна бывае, што чым большая зніжка пры продажы дзяржаўнага срэбра, тым прыватны інтарэс цікавейшы.

Ад НЧ: Нагадаем, учора ў «МТС-Беларусь» змяніўся дырэктар. Шматгадовага кіраўніка Уладзіміра Карповіча змяніў сын чыноўніка Уладзіміра Андрэйчанкі Уладзіслаў. Маскоўскія акцыянеры, роўна як і менеджмент кампаніі, даведаліся пра гэтае прызначэнне з БелТА.