Крыніцы: МТС могуць прадаць туркам — расіяне не супраць
«Нашай Ніве» стала вядома, што абмяркоўваецца магчымасць продажу сотавага аператара МТС, 51% акцый якога належыць дзяржаве ў выглядзе «Белтэлекама», а яшчэ 49% — расійскім «Мабільным тэлесістэмам».
Як паведамляюць крыніцы, разглядаецца продаж беларускага МТС
адной з турэцкіх кампаній. Разам з МТС улады хацелі б прадаць і «Белтэлекам»
(«Белтэлекам» называецца адной з цэляў для пятага пакета санкцый).
«Рускія не супраць гэтай угоды, іх ужо так дапякла гэтая
беларуская гісторыя і вечнае чаканне горшага, што яны нават гатовыя дапамагчы
беларусам прадацца, каб далей імі займаўся нехта іншы.
Сума ўгоды вельмі залежыць ад умоў, як яны дамовяцца
прадаваць — толькі беларускую частку, ці беларускую разам з расійскай, гэта ўсё
з "Белтэлекамам" ці без яго.
За беларускую долю хочуць 300 мільёнаў долараў, але гэта
малаімаверная сума, бо прадаць актыў у Беларусі ўжо даволі складана. Спрашчае
сітуацыю тое, што туркі ўжо прысутнічаюць на рынку, "Life" належыць "Turkcell"», — паведамляюць абазнаныя крыніцы.
Нагадаем, учора ў «МТС-Беларусь» змяніўся дырэктар. Шматгадовага кіраўніка Уладзіміра Карповіча змяніў сын чыноўніка Уладзіміра Андрэйчанкі Уладзіслаў. Маскоўскія акцыянеры, роўна як і менеджмент кампаніі, даведаліся пра гэтае прызначэнне з БЕЛТА.