Чыноўнікі рыхтуюць беларусам турбулентны канец года

У панядзелак Лукашэнка сустракаўся з прэм’ерам Раманам Галоўчанкам. Змест гутаркі дае не аптымістычныя для будучыні беларускай эканомікі сігналы.

27.08.3.jpg


Лукашэнка пачаў размову з Галоўчанкам з таго, што «вельмі хацелася б, каб у гэтым годзе на злосць, як у народзе кажуць, нашым ворагам і непрыяцелям эканоміка ў нас спрацавала зменшага не горш, чым у навакольных краінах». Ён дадаў, што было б нядрэнна захаваць ВУП на ўзроўні 2019 года.

Адзначым, што нават паводле аптымістычных ацэнак Мінэканомікі ўзору верасня эканоміка Беларусі павінна скараціцца ў 2020 годзе на 0,6%. Пры гэтым па факце падзенне ВУП за 9 месяцаў склала 1,3%. Атрымліваецца, каб выйсці на межы, якія пазначыў Лукашэнка, трэба нарасціць ВУП у 4 квартале амаль на 4%. У 3 квартале падзенне ВУП да 2019 года не спынялася. Такім чынам, у канцы года ўлады хочуць убачыць рэзкае паскарэнне эканомікі, пішуць banki24.by.

Раман Галоўчанка заявіў, што ўрад будзе спрабаваць забяспечыць нулявое падзенне ВУП. Галоўчанка адзначыў, што «ў цэлым эканоміка Беларусі адчувае сябе лепш, чым эканоміка рэгіёну ў цэлым, у тым ліку і дзякуючы тым вывераным і кропкавым мерам па падтрымцы эканамічнага росту, якія прымаюцца ў краіне».

Прэм’ер, што праўда, не ўдакладніў, якія захады падтрымкі росту прынеслі жаданы эфект. Публічныя дакументы аб дзяржпадтрымцы мелі вельмі абмежаванае ўжыванне. Напрыклад, па дадзеных Дзяржкаммаёмасці, на 1 кастрычніка па ўказе №143 «Аб падтрымцы эканомікі» падтрымку ў выглядзе льгот і прэферэнцый па арэнднай плаце, кампенсацыі пазыкадаўцам выдаткаў, растэрміноўкі па набытай маёмасці атрымалі 7976 суб’ектаў гаспадарання. Пры гэтым агульная сума падтрымкі згодна з указам №143 склала толькі 30,805 млн BYN. Гэта значыць, што ў сярэднім атрымальнік дзяржпадтрымкі распарадзіўся 3862 BYN. Падобныя грошы значныя толькі для мікрапрадпрыемстваў.

Хутчэй за ўсё, асноўная частка падтрымкі прайшла ў непублічным рэжыме. Паводле ацэнак партала tut.bу, памер уліванняў склаў не менш за 2 млрд BYN.

Таксама памяншэнню спаду ВУП спрыяла назапашванне складскіх запасаў у прамысловасці. Узровень гэтых запасаў ўсё яшчэ застаецца ў 5-гадовых максімумах.

Галоўчанка заявіў, што «задача выйсці на стоадсоткавы рост эканомікі — досыць напружаная, неабходна адшукаць дадатковыя рэсурсы», і «ўрад наладжаны гэтую задачу выканаць».

Прэм’ер-міністр своеасабліва ахарактарызаваў правал задачы па абмежаванні інфляцыі на адзнацы 5%. Калі ў Нацбанку 14 кастрычніка заявілі, што інфляцыя застанецца каля 6% да канца года і вернецца да 5% у сярэднетэрміновай перспектыве, то Галоўчанка прапанаваў «лічыць у існуючых умовах любую адназначную лічбу (гэта значыць да 10%) нядрэнным вынікам».

У верасні гадавая інфляцыя ў Беларусі склала 6,1%. Калі снежаньская інфляцыя дасягне 9,9%, то гэта будзе ў межах чаканага прэм'ерам. Каб інфляцыя паскорылася да такой велічыні (9,9%) усяго за 3 месяцы, патрэбны рост коштаў за 4 квартал каля 4,9%. Значыць, у эканоміцы павінен адбыцца ўсплёск коштаў, якога не было з часоў крызісу 2015-2016 гадоў.

За кошт чаго можа адбыцца паскарэнне інфляцыі? За кошт дэвальвацыі ў спалучэнні з вялікім рублёвым крэдытаваннем. Мабыць, Нацбанк не выпадкова падоўжыў па 19 студзеня прыпыненне выдачы крэдытаў овернайт. Гэта купіруе хаця б адзін канал паступлення ў эканоміку «лішніх» рублёў.

Адкуль з’явяцца грошы на ўліванні ў эканоміку? На гэты выпадак ёсць падыходзячы кандыдат — Мінфін. Па вераснёўскіх разліках ведамства, дэфіцыт бюджэту на 31 снежня будзе вагацца ў межах 3-5 млрд BYN. На 1 кастрычніка дэфіцыт на ўзроўні рэспублікі складаў 1,851 млрд BYN. Вось і лічыце, якія рэзервы ўладаў па выхадзе на жаданае захаванне ВУП.