ЕАБР не выключае паглыблення рэцэсіі ў Беларусі ў 2021-2022 гадах
Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) не выключае паглыблення рэцэсіі ў Беларусі ў 2021-2022 гадах у выпадку рэалізацыі рызыкоўнага сцэнара ў выглядзе ўзмацнення негатыўнага ўплыву на эканоміку рэспублікі пандэміі каронавіруса і палітычнага крызісу.
«Рэалізацыя рызыкоўнага сцэнару прывядзе да спаду беларускай эканомікі ў 2021-2022 гадах. ВУП знізіцца на 1,4% у 2021 годзе і на 2,6% у 2022 годзе, а ў 2023 годзе прадэманструе рост на 0,4%», — гаворыцца ў апублікаваным макрааглядзе ЕАБР «Моцны аднаўленчы рост у 2021 годзе», піша «Інтэрфакс-Захад».
У адпаведнасці з базавым прагнозам, ЕАБР прагназуе нулявую дынаміку ВУП Беларусі ў 2021 годзе з наступным аднаўленчым ростам да 0,7% у 2022 годзе і 1,5% у 2023 годзе.
Эксперты ЕАБР адзначаюць негатыўны ўплыў поствыбарчага палітычнага крызісу ў краінена патэнцыял росту беларускай эканомікі, які працягваецца са жніўня мінулага года. «Захоўваецца падвышаная нявызначанасць уплыву грамадска-палітычных падзей 2020 года на патэнцыял эканамічнага росту. Неспрыяльнае развіццё падзей выкліча ў далейшым пагаршэнне інвестыцыйнага клімату Беларусі. Адток працоўных рэсурсаў і кампаній ІТ-сектара можа паскорыцца пасля адкрыцця межаў і зніжэння выдаткаў перамяшчэння. Неспрыяльнае развіццё падзей прывядзе да скарачэння патэнцыялу росту эканомікі Беларусі ў доўгатэрміновым перыядзе ( ... ) у сярэднетэрміновым перыядзе пры негатыўным развіцці падзей верагодныя глыбокі спад вытворчасці і актуалізацыя пагроз пазыковай і фінансавай стабільнасці», — гаворыцца ў аглядзе.
Акрамя таго, у рызыкоўным сцэнары зроблена дапушчэнне аб большым негатыўным уплыве пандэміі на патэнцыйны ВУП Беларусі ў параўнанні з базавым сцэнарам. У выпадку запаволенага аднаўлення дзелавой актыўнасці ў краінах — ключавых гандлёвых партнёрах Беларусі, пры зніжэнні цэн на сыравінныя тавары «інвестыцыйная актыўнасць у Беларусі будзе слабейшая ў параўнанні з базавым прагнозам». «Спажывецкі попыт у рызыкоўным сцэнары скароціцца, а насельніцтва павялічыць попыт на замежную валюту з-за павышэння дэвальвацыйных чаканняў», — не выключаюць эксперты.
Акрамя таго, яны папярэджваюць, што істотнае нарошчванне нярынкавага крэдытавання для стымулявання росту ВУП прывядзе да паскарэння інфляцыі і дэвальвацыі беларускага рубля.
Паводле іх ацэнкі, у сярэднетэрміновай перспектыве патэнцыял росту ВУП складзе каля 0,5-1% у год. Пры гэтым «устойлівае павышэнне эканамічнага росту запатрабуе маштабных структурных пераўтварэнняў, накіраваных на павелічэнне прадукцыйнасці працы і канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі», — падкрэсліваецца ў дакуменце. У той жа час «у кароткатэрміновым перыядзе стымуляванне дзелавой актыўнасці магчымае з дапамогай нарошчвання эмісійнага крэдытавання, аднак гэты інструмент не здольны павялічыць патэнцыял росту ў доўгатэрміновым перыядзе і можа прывесці да дэвальвацыі нацыянальнай валюты і паскарэння інфляцыі», — мяркуюць эксперты банка.
У той жа час яны адзначаюць пагрозу для ўстойлівасці пазыковай у выпадку ўзнікнення цяжкасцей з рэфінансаваннем дзяржаўнага доўгу. «Прыцягненне ўрадам запазычанняў у 2020 годзе дазволіла пераразмеркаваць пазыковы цяжар на больш працяглы перыяд. Разам з тым, у 2022-2023 гадах чакаецца павелічэнне плацяжоў па даўгавых абавязацельствах да $3,05-04 млрд. у год. Спатрэбіцца іх рэфінансаванне з-за абмежаванасці золатавалютных рэзерваў і слабога патэнцыялу эканамічнага росту», — гаворыцца ў аглядзе.
Між тым, нягледзячы на чаканае паляпшэнне знешніх умоў у базавым прагнозе, ЕАБР канстатуе, што беларуская эканоміка ў 2021 годзе працягне стагніраваць. «У цэлым эканамічная актыўнасць у Беларусі ў бягучым годзе застанецца на ўзроўні ніжэй за дакрызісны, у першую чаргу, на фоне слабой інвестыцыйнай актыўнасці. Да гэтага прывядуць падвышаная нявызначанасць і пагаршэнне эканамічных настрояў, няўстойлівае фінансавае становішча прадпрыемстваў і абмежаваная прапанова крэдытаў прыватнаму сектару», — лічаць эксперты.
Паводле прагнозу, інфляцыя ў Беларусі ў 2021 годзе знізіцца да 6,6% з 7,4% у 2020 годзе. У 2022-2023 гадах ЕАБР чакае інфляцыю ў Беларусі на ўзроўні 5% у год. У той жа час, тэндэнцыя паслаблення беларускай валюты захаваецца ў сярэднетэрміновай перспектыве, што звязана з адносна нізкімі тэмпамі эканамічнага росту краіны, лічаць аўтары агляду.
Беларускія ўлады ў канцы мінулага года зацвердзілі Мэтавы прагноз па росце эканомікі краіны на 1,8% у 2021 годзе.
Сусветны банк (СБ) прагназуе зніжэнне ВУП Беларусі ў 2021 годзе на 2,2% з наступным ростам эканомікі Рэспублікі на 1,9% у 2022 годзе. Паводле ацэнкі СБ, паглыбленне рэцэсіі ў Беларусі і слабое аднаўленне ў наступныя два гады абумоўлена «захаванай палітычнай напружанасцю, уплывам з боку расійскага “падатковага манеўру” (у нафтавай сферы. — ІФ) і адсутнасцю структурных рэформ».