Лідар «System of a Down» пра Беларусь: негвалтоўны пратэст працуе, магчымыя змены

Лідар гурта «System of a Down» і палітычны актывіст Серж Танкян пракаментаваў сваё стаўленне да палітычнага крызісу ў Беларусі. Гэтую тэму сярод іншых ён закрануў, адказваючы на пытанні гледачоў у жывым эфіры ў Instagram.

serzh_tankyan_148610296_210272827458139_6429466252340732605_n.jpg


На пытанне падпісчыка аб тым, што Серж думае пра мірныя пратэсты ў Беларусі, якія пачаліся пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года, артыст выказаўся так:

— Пратэсты ў Беларусі працягваюцца ўжо некаторы час, і Лукашэнка жорстка душыць іх. На жаль, Расія, то-бок Пуцін прыняў яго бок. І гэта сапраўды сумна. Чаму мяне навучыла «аксамітная рэвалюцыя» ў Арменіі у 2018 годзе, дык гэта таму, што негвалтоўны пратэст працуе, змены магчымыя. Я хачу, каб людзі паглядзелі фільм «I'm Not Alone» («Я не самотны») пра армянскую рэвалюцыю. У ім ёсць падказка, як працуе так званае дэцэнтралізаванае грамадзянскае непадпарадкаванне, — цытуе спевака TUT.BY.

Да таго ж, Танкян пералічыў тактыкі негвалтоўнай барацьбы па ўзоры нядаўніх пратэстаў у Арменіі. Ён дадаў, што яму сумна сачыць за тым, што адбываецца ў Беларусі, у М’янме і ў многіх іншых месцах у свеце, дзе ўспыхнулі пратэсты. Ён лічыць, што людзі не проста так выйшлі на вуліцы — яны больш не могуць прымаць сістэму, якая не змянялася гадамі, і цяпер змагаюцца за змены, каб іх дзеці маглі жыць у лепшай краіне і ім не давялося эміграваць.

— У мяне такое пачуццё, што ў бліжэйшыя тры-пяць гадоў гэты свет кардынальна зменіцца, таму што маладое пакаленне, хутчэй за ўсё, усе вы, якія пішуць мне, не зможа больш вытрымліваць як магчымае экалагічнае выміранне, так і барацьбу з аўтакратамі адначасова. Яны [аўтакраты] павінны сысці.

Нагадаем, што 19 сакавіка Серж Танкян выпусціў кліп «Electric Yerevan», прысвечаны пратэстам у Арменіі. У роліку заўважылі кадры і з беларускіх пратэстаў. А ў пачатку лютага ў фронтмэна «System of a Down» выйшаў кліп «Elasticity», у якім знялася акцёрка родам з Беларусі Саша Борціч.