Эксперты кажуць, што росту даходаў беларусам чакаць не варта

Росту даходаў насельніцтва, які ў краіне назіраўся апошнія дзесяцігоддзі, у гэтай пяцігодцы чакаць не варта, прагназуюць эксперты.

Фота pravfond.eu

Фота pravfond.eu


Роўна 20 гадоў таму, 11 ліпеня 1996 года, Вярхоўным Саветам Беларусі было прынята рашэнне распрацаваць першую пяцігадовую праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця з мэтай "павышэння ўзроўню жыцця ўсіх груп насельніцтва".


Паводле афіцыйнай статыстыкі, за апошнія 20 гадоў самыя высокія тэмпы росту зарплат назіраліся ў 2001—2005 і ў 2006—2010 гадах: рэальныя даходы насельніцтва ў гэты перыяд павялічыліся на 80,1% і 76,3% адпаведна. За 2011—2015 гады рэальныя даходы ў Беларусі выраслі на 32,8%.


"Узровень праблем у банкаўскім сектары і сектары дзяржпрадпрыемстваў сёння высокі. Таму, калі нам удасца дамагчыся аднаўлення эканомікі ў другой палове пяцігодкі, гэта ўжо будзе добры вынік. Разлічваць на гэтым фоне, што рост даходаў насельніцтва будзе такім, як у мінулыя пяцігоддзі, не даводзіцца", — адзначыў у каментарыі БелаПАН дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.


На думку экспертаў, высокія тэмпы росту даходаў насельніцтва ў 2000-я гады былі абумоўлены вельмі спрыяльнай кан'юнктурай, у якой існавала беларуская эканоміка. "Рост эканомікі ў 2000-я быў забяспечаны за кошт энергетычных субсідый, якія атрымліваліся ад Расіі, і павелічэння збыту беларускай прадукцыі на расійскім рынку. У тыя часы ў нас пастаянна раслі інвестыцыі ў асноўны капітал, прадпрыемствы пашыралі магутнасці для вытворчасці прадукцыі, якую мы ў асноўным прадавалі Расіі", — успамінае вядучы даследчык Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.


Сітуацыя, у якой знаходзіцца эканоміка сёння, прынцыпова іншая, падкрэсліваюць аналітыкі. Як адзначыў былы старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч, "лафа" ў выглядзе льготных цэн на энерганосьбіты практычна скончылася. "Сёння сусветныя цэны на энерганосьбіты ўпалі. І лаг паміж тымі цэнамі, па якіх энергарэсурсы купляе Беларусь, і іх коштам на сусветным рынку скараціўся", — канстатуе Багданкевіч.


Акрамя гэтага, дадае ён, стан расійскай эканомікі не дазваляе разлічваць, як раней, на значны рост беларускага экспарту. У гэтых умовах Беларусь можа разлічваць у гэтай пяцігодцы толькі на павольны ўздым эканомікі і сціплы рост заробкаў, лічыць экс-кіраўнік Нацбанка. "Планы па росце заробкаў на гэту пяцігодку сталі больш рэальнымі. Магчыма, мы ўжо дасягнулі дна, і праз пару гадоў можа пачацца павольны ўздым эканомікі", — мяркуе Багданкевіч.


Нагадаем, праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016—2020 гады, ухваленая на чэрвеньскім Усебеларускім народным сходзе, прадугледжвае рост рэальных даходаў насельніцтва на 9,5—11,6%.


"Гэта адэкватная ацэнка росту даходаў у сярэднетэрміновай перспектыве. Пры гэтым, улічваючы, што ў 2016—2017 гадах эканоміка расці наўрад ці будзе, разлічваць на рост даходаў насельніцтва на 9,5—11,6% можна толькі ў другой палове пяцігодкі", — прагназуе Аляксандр Чубрык.


Дзмітрый Заяц, БелаПАН