Еўракамісія дае Беларусі грошы на барацьбу з каронавірусам. А ў нас — парад!
У рамках сваёй глабальнай рэакцыі на ўспышку каронавіруса Еўрапейская камісія падтрымлівае ўсходнія краіны-партнёры і пераразмеркавала 140 мільёнаў еўра на самыя неадкладныя патрэбы, у тым ліку і для Беларусі.
Акрамя таго, Еўрапейская камісія таксама перанакіруе выкарыстанне існуючых інструментаў на суму да 700 мільёнаў еўра па ўсім рэгіёне, каб дапамагчы змякчыць сацыяльна-эканамічныя наступствы каронавіруснага крызісу.
Камісар па перамовах аб суседстве і пашырэнні Олівер Вархелі сказаў:
«Гэта вельмі цяжкія часы не толькі для ЕС, але і для нашых краін-партнёраў, такіх як Беларусь. Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб змякчыць наступствы ўспышкі каронавіруса для жыцця і сродкаў да існавання людзей. Сённяшні пакет (дапамогі. — НЧ.) адказвае як імгненным патрэбам сістэм аховы здароўя, так і доўгатэрміновым патрэбам найбольш уразлівых груп грамадства і малых і сярэдніх прадпрыемстваў, якія з'яўляюцца асновай эканомікі шасці краін (Усходняга партнёрства. — НЧ.».
Камісія будзе рэагаваць на надзённыя патрэбы шляхам падтрымкі паставак медыцынскіх прыбораў і асабістага абсталявання, такіх як апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх, лабараторныя наборы, маскі, ахоўныя акуляры, халаты і ахоўныя касцюмы. Еўрапейская камісія супрацоўнічае з Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя (СААЗ) і выдзяляе 30 мільёнаў еўра для забеспячэння таго, каб гэтыя неабходныя матэрыялы былі сумесна закуплены і эфектыўна размеркаваны паміж сістэмамі аховы здароўя шасці краін у бліжэйшыя тыдні. Акрамя таго, гэтыя сродкі будуць накіраваны на падтрымку нацыянальных адміністрацый аховы здароўя ў падрыхтоўцы медыцынскага і лабараторнага персаналу і правядзенні інфармацыйна-асветніцкіх мерапрыемстваў сярод шырокіх слаёў насельніцтва. Гэта будзе рэалізавана ў рамках супрацоўніцтва паміж ЕС, ААН і беларускім Чырвоным Крыжом.
Яшчэ адзін напрамак — падтрымка людзей, якія больш за ўсё пацярпелі ад крызісу, разам з грамадзянскімі партнёрамі. ЕС выдзеліў больш 11,3 млн еўра ў выглядзе невялікіх грантаў арганізацыям грамадзянскай супольнасці па ўсім рэгіёне. Гэтыя сродкі ўжо накіраваны на задавальненне неадкладных патрэбаў у рамках дзеючага рэгіянальнага «механізму хуткага рэагавання», напрыклад на падтрымку мясцовых школ з дыстанцыйным навучаннем. Да лета ў рамках гэтага пакета камісія прыступіць да рэалізацыі «праграмы салідарнасці Усходняга партнёрства», якая будзе нацэлена на найбольш пацярпелыя слаі насельніцтва праз падтрымку грамадзянскай супольнасці і, у прыватнасці, субгранты для невялікіх мясцовых арганізацый.
Трэці вектар — падтрымка эканомікі Беларусі, у прыватнасці малых і сярэдніх прадпрыемстваў (МСП). Адзін з крокаў у гэтым напрамку — запуск новай рэгіянальнай праграмы падтрымкі ў памеры 100 млн еўра для аказання дапамогі МСП, уключаючы самазанятасць, палягчэнне доступу да крэдытаў і стымуляванне бізнесу пасля крызісу. Прадугледжана садзейнічанне, спрашчэнне, паскарэнне і ўмацаванне існуючых крэдытных ліній і грантаў на суму 200 мільёнаў еўра для МСП у мясцовай валюце, у тым ліку ў рамках сваёй ініцыятывы EU4Business. Акрамя таго, ва ўмовах цяперашняга крызісу ЕС мабілізаваў свой асноўны інструмент зніжэння рызык на суму 500 мільёнаў еўра праз Еўрапейскі Фонд устойлівага развіцця (EFSD).
Еўрапейскі Саюз таксама гатовы аказаць дапамогу Беларусі праз TAIEX, свой раўнапраўны інструмент, выкарыстоўваючы экспертныя веды дзяржаў-членаў ЕС, вопыт і прыклады перадавой практыкі па ацэнцы сістэмы рэагавання на надзвычайныя сітуацыі і сістэм аховы здароўя.
Што ж, пакуль ЗША і ЕС выдзяляюць нам грошы на пераадольванне хваробы і яе наступстваў, афіцыйныя беларускія ўлады «не бачаць віруса», раяць «лячыцца трактарам» і рыхтуюцца да правядзення параду 9 траўня ды Славянскага базару.
Паводле прэс-рэлізу