Фінансавая сістэма Беларусі недалічылася 5,5 млрд BYN
Раз на месяц Мінфін выдае куцыя звесткі аб бюджэце сектара дзяржкіравання і аб рэспубліканскім бюджэце. У параўнанні з тым абъёмам інфармацыі, якім рэгулярна дзеляцца мінфіны Расіі і Украіны, — гэта проста мізер. Тым не менш, некаторыя карысныя дадзеныя можна вычапіць нават з зрэзаных справаздач Беларусі.
Бюджэт сектара дзяржкіравання — гэта рэспубліканскі бюджэт, мясцовыя бюджэты і бюджэт Фонду сацабароны, з якога выплачваюцца пенсіі і дапамогі. За 9 месяцаў усе гэтыя бюджэты былі выкананы з агульным дэфіцытам у памеры 1,955 млрд BYN, адзначаюць banki24.by.
Для параўнання: па выніках студзеня-верасня 2019 года бюджэт сектара дзяржкіравання звялі з прафіцытам у 3,553 млрд BYN. Значыць, у 2020-м прасадка фінансавай сістэмы ў параўнанні з мінулым годам склала 5,508 млрд BYN.
Асноўныя страты панёс рэспубліканскі бюджэт. Калі ў 2019 годзе яго прафіцыт дасягаў 2,753 млрд BYN, то ў 2020-м дэфіцыт склаў 1,851 млрд BYN.
Пагаршэнне сітуацыі з рэспубліканскім бюджэтам звязанае з недаборам часткі даходаў (мінус 1,446 млрд BYN да 2019 года) і хуткім ростам расходнай часткі бюджэту (+3,158 млрд BYN). Галоўныя крыніцы недабору даходаў Мінфіна — падатак на прыбытак (мінус 506,9 млн BYN) і даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці (мінус 776,5 млн BYN).
Першы правал звязаны з дэвальвацыяй беларускага рубля і падзеннем продажаў тавараў, другі — з сітуацыяй на нафтавым і калійным рынках.
Зараз у Еўропе разгортваецца другая хваля лакдаўнаў, каціроўкі нафты і іншых сыравінных тавараў зноў паваліліся ўніз. Таму не выключана, што і 4 квартал у цэлым пройдзе для Мінфіна пад негатыўным знакам.