Год Банана
Ці не дваццаць гадоў запар у Беларусі ідзе дыскусія аб прыватызацыі. Прадаваць ці не прадаваць беларускія прадпрыемствы, каму і па якой цане. Вакол гэтага пытання шмат палітычных спекуляцый, што надакучылі не менш за само пытанне. А між тым усе значна прасцей, чым думаюць, але нашмат больш складана, чым могуць зрабіць.
Ці не дваццаць гадоў запар у Беларусі ідзе дыскусія аб прыватызацыі. Прадаваць ці не прадаваць беларускія прадпрыемствы, каму і па якой цане. Вакол гэтага пытання шмат палітычных спекуляцый, што надакучылі не менш за само пытанне.
А між тым усе значна прасцей, чым думаюць, але нашмат больш складана, чым могуць зрабіць.
Прыкладам, быў такі час у Беларусі, калі імпартныя алкагольныя напоі можна было набыць нават у звычайным вулічным шапіку. І не абы якія напоі... А звычайныя для еўрапейскага рознічнага гандлю. Гэта значыць адносна танныя і безумоўна якасныя. Зразумела, што такая выснова ніяк не тычыцца да розных падробак, якіх было нават зашмат і ў шапіках, і ў крамах.
Увогуле, пачынаючы 1992-м годам, сітуацыя на спажывецкім рынку стала вельмі хутка мяняцца, пераходзіць ад звыклага картачна-талоннага размеркавання да свабоднага гандлю.
Асабіста для сябе 1992 год, хоць ён быў вельмі багаты на больш значныя падзеі, я называю годам банана. Летам Мінск быў літаральна завалены бананавым шалупіннем. Бананаў, што яшчэ ўчора лічыліся у гандлі дэфіцытным трапічным фруктам для спажывання амаль выключна гаспадарча-партыйна-савецкай наменклатурай, елі надзвычай многа. Быццам тыя малпы. Ну і смеццілі адпаведна.
Таму Мінск (па бытавой забруджанасці) напамінаў маладую сталіцу новастворанай дэмакратычнай дзяржавы. Ніхто і думаць не хацеў, што праз колькі год давядзецца жыць у нейкіх новаўтварэнні, якое мяркуе стаць сталіцай новай імперыі. Акрамя бананаў, напомню, у Мінску было надзвычайна дзіўнае стаўленне да правоў грамадзян. Захацелі, сабраліся і пайшлі сваёй калонай на Першамайскую дэманстрацыю. Па праспекту Скарыны на плошчу Незалежнасці...
Зараз бананы купляюць збольшага дзецям, а дарослыя калі п’юць алкагольныя напоі, то амаль выключна беларускія. Хоць у доларавым эквіваленце нават цяперашнія, шмат страціўшыя ад дэвальвацыі, грашовыя набыткі насельніцтва нашмат большыя, чым напачатку 90-х, дапрэзідэнцкіх гадоў. Чаму так? Уся справа ў тым, што маючы задачу пераадолення татальнага таварнага дэфіцыту, урад Беларусі змушаны быў устанаўліваць на імпартныя тавары вельмі нізкія мыты. Завезеныя на такіх умовах у Беларусь прадукты шырокага ўжытку аказваліся вельмі таннымі. А пры нізкіх коштах набыткі гандлю залежаць ад паскарэння таваразвароту. Таму “чаўнакі праявілі надзвычайную нават для гэтага няўрымслівага племені актыўнасць і літаральна завалілі краіну таннымі таварамі. Дзе правіў баль дэфіцыт і уладарыў таваравед савецкага тыпу, правілы гульні пачаў вызначаць спажывецкі попыт, які паступова сфарміраваў тып гандляркі, якая улічвала капрызы пакупніка і пры гэтым нават ветліва яму усміхалася.
У 1994 годзе сярэдні заробак народнай гаспадарцы апусціўся ніжэй кошту мінімальнага спажывецкага бюджэту, а жыццёвы ўзровень большасці (60%) насельніцтва не дацягваў да рысы беднасці. Зразумела, люд паспаліты не сядзеў на месцы, круціўся, бо жыць хацеў, нешта зарабляў у дадатак да афіцыйных набыткаў, але збольшага жыў бедна. Але жыў. І калі разабрацца, што піў-еў, абуваў ды адзяваў, атрымліваецца не нашмат горай чым зараз, пасля ўсіх адбыўшыхся у краіне дзівосаў.
Гэтыя дзівосы былі рукатворнымі, тое цуда, дзякуючы якому выжылі ў постсацыялістычны час, было рынкавым. Просценькае такое цуда, якое жалезна ўзнікае як праява той заканамернасці, што рынак здольны задаволіць спажывецкі попыт кожнага пакупніка у адпаведнасці з яго магчымасцямі. Гэтым цудам скарысталіся амаль усе постсавецкія дзяржавы не толькі для выжывання, а і для стварэння такой эканомікі, якая б цалкам адпавядала рэсурсным і іншым асаблівасцям краіны і гарантавала ёй месца ў міжнародным падзеле працы.
Прыкладам, патрыманыя іншамаркі, як адразу набылі ажыятажны попыт ў параўнанні з мясцовымі аўто, некага змусілі закрыць уласную вытворчасць. Хтосьці так зрабіў з вугальнымі стратнымі шахтамі, яшчэ нехта зачыніў металургічныя камбінаты, судаверфі ды іншыя вытворчасці. Ад якіх пралетарскага “прэстыжу было шмат, але замест прыбыткаў вялікія і ўсё большыя страты.
Большасць гэтых краін адразу адкрылі свае эканомікі перад замежным капіталам, які (як кожны капітал) сам знайшоў для сябе найбольш адэкватную рынкавую нішу. А той, хто памыліўся, даўно саступіў месца больш удаламу ды кемнаму. Пры гэтым урады і краіны непакоіліся не столькі аб магчымых барышах ад продажу свайго “фамільнага срэбра, колькі аб стварэнні здольнай да самаразвіцця рынкавай эканомікі. Якая мусіць прыносіць набыткі ў будучым. Дарэчы, ведаючы, што БССР мела за савецкім часам добры патэнцыял у электроннай прамысловасці, комплексам гэтых прадпрыемстваў вельмі цікавіліся паўднёвыя карэйцы. Але паразумення з імі не знайшлі. Увогуле, ні адна з вядомых у свеце фірм так і не прыйшла у беларускую эканоміку. Няма ні сумесных, ні чыста замежных прадпрыемстваў з сусветна вядомымі брэндамі.
Нашы ўсё спрабавалі зрабіць самі. Штосьці удалося (літаральна закапалі грошы, а канкурэнтную вытворчасць не наладзілі), дзесьці (як гэта было са спробаў будаўніцтва ў Гомелі завода кінескопаў) ад непрадуманых рашэнняў перасцярог не іначай сам Пан Бог. Але па вялікаму рахунку нічога не зроблена.
А каб нічога не рабілі ды не надта задзіралі мыты на імпарт, усё б даўно зрабілася само па сабе. Самым лепшым чынам.