Беларуская эканоміка-2020: Грошай няма і не будзе

Шмат разоў мы казалі, што грамадзяне і ўлада жывуць у розных, паралельных сусветах. Але калі гэтыя сусветы перасякаюцца, улады атрымліваюць непрыемныя падарункі. І здзіўляюцца: «Чаму?» А народ кажа: «А таму што!» Таму што рэальнасць — іншая.

Фота www.politikus.ru

Фота www.politikus.ru

Днямі Лукашэнка абвінаваціў кіраўніцтва Нацбанка ў тым, што яно праваліла нагляд над камерцыйнымі банкамі. «На прыкладзе Белгазпрамбанка бачым, што працы — непачаты край. Павінен сказаць, што старшыня праўлення і кіраўніцтва банка нясуць персанальную адказ­насць за тое, што адбываецца ў нашых камерцыйных банках», — заявіў Лукашэнка. І крышачку абнавіў кіраўніцтва Нацбанка.

Беларусы ж на выбрыкі свайго кіраўніка адрэагавалі яшчэ задоўга да таго, як ён вырашыў пакіраваць Нацбанкам. Усе ж разумеюць, што «справа Белгазпрамбанка» — палітычная. А калі правадыр пачынае ўмешвацца куды б ні было — чакай бяды. Мы ўжо пісалі пра тое, што з гэтай палітычнай справай быў падарваны давер да банкаўскай сістэмы ў цэлым, і апошнія лічбы таго самага Нацбанка гэта пацвердзілі.

У чэрвені 2020 года сегмент рублёвых дэпазітаў фізічных асоб практычна замёр з прычынаў пандэміі каронавіруса і рэйдарскага захопу Белгазпрамбанка. Тэрміновыя ўнёскі беларусаў у банкі ў чэрвені скараціліся на 5,7 мільёна рублёў, а пераводы выраслі на 38,1 мільёна рублёў.

З пачатку года аб'ём тэрміновых рублёвых укладаў знізіўся на 99,2 мільёна рублёў, або 1,93%, вынікае са справаздачы Нацбанка Беларусі.

Валютныя дэпазіты фізічных асоб на 1 ліпеня склалі 5 мільярдаў 635,6 мільёна долараў. У параўнанні з папярэднім месяцам яны знізіліся на 132,2 мільёна долараў, з пачаткам года — на 580,7 мільёна долараў.

У чым небяспека падобных паводзінаў насельніцтва?

Як тлумачыць фінансавы аналітык Вадзім Іосуб, патрабаванне знізіць стаўку рэфінансавання добрае для тых, у каго ёсць крэдыты. І зусім не добрае для тых, у каго ёсць грошы. Бо ўслед за стаўкай рэфінансавання зніжаецца не толькі стаўка па крэдытах, але і стаўка па дэпазітах. Вынік — укладчыкам зніжэнне стаўкі не падабаецца, і яны забіраюць свае грошы з банкаў. У банкаў становіцца менш рэсурсаў. А менш рэсурсаў — няма чым крэдытаваць, напрыклад, прадпрыемствы.

З аднаго боку, прадпрыемствам, канешне, радасць: крэдыты сталі таннейшыя. Але што ім з таго, калі грошай на выдачу гэтых крэдытаў у банкаў няма?

А з чаго ў банках скончыліся грошы? З таго, што насельніцтва пачало забіраць грошы з банкаў. А чаго яно пачало забіраць свае грошы? Таму што нехта лічыць сябе разумнейшым за прафесіяналаў і ўлез, куды не трэба было ўлазіць.

Сітуацыя, між тым, ніяк не аптымістычная. Паводле Белстату, аптовы таваразварот у першым паўгоддзі ўпаў амаль на 9%, сфера грамадскага харчавання страціла 21,2%. Грузаперавозчыкі перавезлі на 8,8% менш тон грузаў, а колькасць пасажыраперавозак на ўсіх відах транспарту знізілася на 28,4%. А тут яшчэ і інфляцыя не ўкладваецца ў гадавыя паказчыкі: кошты ў чэрвені гэтага года сталі на 5,2% вышэйшымі, чым год таму, хаця гадавая інфляцыя запланавана ў памеры не больш за 5%.

Калі звесці прыватнае да агульнага, то за першыя паўгода ВУП краіны склаў мінус 1,7% да першага паўгоддзя 2019 года. Падавалася б, нас чакае як мінімум спад эканомікі. Але міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў аптымістычна заяўляе, што мы адновім эканамічны рост у другім паўгоддзі і выйдзем на нулявы прырост ВУП па выніках 2020 года.

Так і хочацца сказаць: «Чакайце, чакайце!» А як жа прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2020 год, зацверджаны Лукашэнкам? Па ім у гэтым годзе ў нас павінен быць рост ВУП у 2,8%! А цяпер як найвялікшае дасягненне нам абяцаюць нулявы ВУП? Па-мойму — яскравы паказчык таго, як у нас працуе ўрад і колькі макулатуры ён выпрацоўвае на радасць нашым папярова-цэлюлозным камбінатам.

Але ёсць і яшчэ адна праблема. Па словах таго ж Вадзіма Іосуба, наша падзенне ВУП меншае, чым ва ўсіх суседзяў таму, што ў нас ВУП лічыцца (зноў жа, колькі мы пра гэта казалі) па створанай, а не па прададзенай прадукцыі. То-бок, шмат нашага ВУП ляжыць на складах, не прыносіць аніякай карысці, і больш за тое, стварае страты, бо тыя самыя склады таксама трэба за нешта ўтрымліваць. У нас паўтараюць як замову: «Вось у суседзяў крызіс скончыцца, а мы ўжо ўсё вырабілі і прададзім ім усё», — але няма ніякай гарантыі, што гэтыя складскія запасы будуць прададзеныя.

Такім чынам: прадпрыемствы працуюць на склад, прадукцыю прадаць немагчыма. Заробкі плаціць трэба. Раней на выплату заробкаў прадпрыемствы маглі б узяць крэдыты, але крэдытаў банкі не даюць, бо ў банкаў грошай няма. Таму што народ забірае грошы з банкаў з-за таго, што Лукашэнка вырашыў «ручкамі» пакіраваць стаўкай рэфінансавання.

Вы разумееце, якім чынам толькі адно нягеглае рашэнне дзейнага кіраўніка дзяржавы выклікае крызісныя сітуацыі ў эканоміцы?

А цяпер давайце паглядзім, што нам абяцае кандыдат у прэзідэнты Лукашэнка А.Р.? А абяцае ён нам — ніякіх рэформаў, але павелічэнне заробкаў дактарам і настаўнікам у два разы. Узнікае толькі адно пытанне: як ва ўмовах нулявога росту ВУП можна падвысіць заробкі ў бюджэтнай сферы ў два разы?

Зразумела, як — толькі ўключыць друкарку ў Нацбанку. Але ўсе мы ведаем, да чаго гэта прыводзіць. І дзякуй Богу, пакуль Нацбанкам па-ранейшаму кіруе Павел Калаур, які друкарскі станок запускаць адмаўляецца. Але ў нас усё ўпіраецца ў тое, што ўсе рашэнні ў краіне прымае адзін, і, шчыра скажам, не вельмі кампетэнтны чалавек. І хто ведае, што стрэльне яму ў галаву заўтра.

Міжнародныя фінансавыя арганізацыі прадракаюць Беларусі зніжэнне ВУП паводле вынікаў года на 6%. Калі паглядзець на мінулыя гады, то самае вялікае адмоўнае значэнне ВУП у нас было ў 1995 годзе — мінус 10,4%. Так што з пункту гледжання глыбіні падзення эканомікі ў 2020 годзе Беларусь чакае горшы паказчык падзення ВУП з 1995 года.