Хто ацэніць лібералізацыю

Міністэрства эканомікі рапартуе пра дасягненні ў сферы лібералізацыі дробнага бізнесу. Індывідуальныя прадпрымальнікі лічаць, што ўзаемадачыненні з дзяржавай з мёртвай кропкі не скрануліся. (На здымку: Анатоль Шумчанка)
За шэсць месяцаў гэтага года былі прынятыя 52 нарматыўна-прававыя акты ў межах плану першачарговых мерапрыемстваў па лібералізацыі ўмоў ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці ў 2009 годзе, яшчэ 19 праектаў нарматыўных актаў чакаюць сваёй чаргі да разгляду.



d707329bece455a462b58ce00d1194c9.jpg

Міністэрства эканомікі рапартуе пра дасягненні ў сферы лібералізацыі дробнага бізнесу. Індывідуальныя прадпрымальнікі лічаць, што ўзаемадачыненні з дзяржавай з мёртвай кропкі не скрануліся.

(На здымку: Анатоль Шумчанка)


За шэсць месяцаў гэтага года былі прынятыя 52 нарматыўна-прававыя акты ў межах плану першачарговых мерапрыемстваў па лібералізацыі ўмоў ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці ў 2009 годзе, яшчэ 19 праектаў нарматыўных актаў чакаюць сваёй чаргі да разгляду.

Дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтву Міністэрства эканомікі Беларусі Аляксандр Ліхачэўскі паведаміў журналістам, што сёлета была скарочаная колькасць адміністрацыйных працэдур у сферы аховы здароўя, транспарту, будаўніцтва ды іншых, спрошчаны парадак правядзення аўкцыёнаў і конкурсаў на зямлю, зменены парадак распараджэння дзяржаўнай маёмасцю. Мяркуецца, што сёлета падатковая нагрузка ў рэспубліцы знізіцца на 1,3 працэнтных пункта ад ВУП, такім чынам у суб’ектаў гаспадарання застанецца каля двух трыльёнаў беларускіх рублёў.
На дадзены момант распрацаваны праект пастановы ўрада аб удасканаленні парадку падрыхтоўкі і разгляду інвестыцыйных дамоваў з Рэспублікай Беларусь. Мясцовыя выканкамы могуць атрымаць права заключаць інвестыцыйныя дамовы ад імя Рэспублікі Беларусь. Па ініцыятыве Міжнароднага валютнага фонду ў Беларусі плануецца ствараць фонды банкаўскага кіравання. Праект адпаведнага ўказа цяпер знаходзіцца на разглядзе ў Адміністрацыі прэзідэнта.
Таксама ўрад дапрацоўвае праект указа кіраўніка дзяржавы аб спрашчэнні ліцэнзавання асобных відаў прадпрымальніцкай дзейнасці. Праект указа зацвярджае пералік відаў дзейнасці, работ і паслуг, якія ліцэнзуюцца. «Мы лічым, што гэта дазволіць скараціць агульную колькасць відаў дзейнасці на 8–9 найменняў і больш чым на 50 — колькасць работ і паслуг», — паведаміў Аляксандр Ліхачэўскі. Названы праект указа прадугледжвае скарачэнне тэрмінаў выканання працэдур ліцэнзавання: заявы на выдачу ліцэнзій, унясенне змяненняў і дапаўненняў будуць разглядацца не 30, а 15 дзён, заявы аб працягненні дзеяння ліцэнзіі — 10 дзён замест 30-ці.
Істотным новаўвядзеннем будзе адмена ліцэнзавання рознічнага гандлю і грамадскага харчавання (выключэнне складае гандаль падакцызнымі таварамі: алкаголем і тытунём). А з 1 студзеня 2012 года плануецца адмяніць ліцэнзаванне перапрацоўкі рыбы і морапрадуктаў. Упраўленне справамі прэзідэнта, якое адказвае за гэты від дзейнасці, мусіць да 2012 года пракантраляваць пераабсталяванне вытворчых магутнасцяў у рыбнай гаспадарцы. З 2012 года перапрацоўка рыбы і морапрадуктаў будзе рэгулявацца тэхнічнымі нарматыўнымі актамі.
Цяпер у Беларусі ліцэнзуюцца 53 віды дзейнасці. Агульная колькасць выдадзеных ліцэнзій складае 218 тысяч. З іх юрыдычным асобам выдадзена 72 тысячы, індывідуальным прадпрымальнікам — 144 тысячы, грамадзянам — 1,7 тысячы.
Дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтву Міністэрства эканомікі Беларусі Аляксандр Ліхачэўскі паведаміў, што падрыхтаваны праект закона аб малым і сярэднім бізнесе, і бліжэйшым часам ён можа быць адпраўлены на разгляд у парламент. Прадстаўнік Мінэканомікі лічыць, што не варта спадзявацца на імгненны эфект ад прынятых нарматыўных прававых актаў. Вынікаў можна чакаць прыкладна праз год. Дарэчы, як паведаміў Ліхачэўскі, Беларусь мае намер увайсці ў трыццаць краінаў з найлепшымі ўмовамі для вядзення бізнесу.
Старшыня рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка не падзяляе ўпэўненасці чыноўнікаў у тым, што працаваць дробным бізнесоўцам стала лягчэй. «Малы бізнес і дзяржава па-рознаму разумеюць паняцце «лібералізацыя». З кожным днём мы ўсё больш і больш пераконваемся, што глядзім на жыццё з розных ракурсаў, — адзначае лідэр прадпрымальніцкага руху. — Лібералізацыя — гэта найперш уменне слухаць адзін аднаго і не рабіць брыдасцяў. Тое, што адбываецца, абсалютна нічым не адрозніваецца ад ранейшых дзеянняў уладаў. Адносіны да прадпрымальнікаў выключна спажывецкія, прыгнятаючыя».
Паводле слоў Шумчанкі, найбольш праблем з забаронаю гандляваць дробнай розніцай асобнымі відамі тавараў, высокімі стаўкамі арэнды ў гандлёвых цэнтрах і падаткамі. Разам з тым, прадпрымальнік прызнае, што стала менш штрафаў і канфіскацый тавараў пасля ўвядзення мараторыя на праверкі. Многа пытанняў выклікае і недзеяздольнасць дэпартамента па прадпрымальніцтву Мінэканомікі. «Я не разумею, навошта гэты дэпартамент увогуле трымаюць. Мы пішам лісты, збіраем подпісы, прыходзім да іх з праблемамі, а ў адказ толькі паціскаюць плячыма», — заўважае кіраўнік «Перспектывы».