Індустрыялізацыя можа дрэнна скончыцца для Беларусі, лічаць эксперты
Дзяржава можа паўтарыць памылкі мадэрнізацыі прадпрыемстваў у выпадку рэалізацыі плана індустрыялізацыі краіны.
Такое меркаванне выказалі БелаПАН беларускія эканамісты, каментуючы афіцыйныя заявы на гэту тэму.
На мінулым тыдні Міністэрства эканомікі паведаміла аб падрыхтоўцы плана індустрыялізацыі краіны. Дакумент прадугледжвае рэалізацыю 1.740 інвестыцыйных праектаў ва ўсіх раёнах. Улады чакаюць, што рэалізацыя плана будзе спрыяць павелічэнню валавога ўнутранага прадукту — з 54,4 млрд долараў у 2017-м да 100 млрд долараў у 2025 годзе.
Незалежныя эксперты, у сваю чаргу, адзначаюць, што з мэтай паскарэння тэмпаў росту эканомікі беларускія ўлады ў 2012 годзе ўжо ініцыявалі мадэрнізацыю 711 прадпрыемстваў, якая не прынесла жаданага эфекту.
"Дзе гарантыя, што мадэрнізацыя дзяржсектара, якую цяпер называюць індустрыялізацыяй, нарэшце прывядзе да паскарэння эканомікі? Чарговая спроба пайсці па гэтым шляху можа прывесці да фіскальнага крызісу", — мяркуе дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.
Нагадаем, з-за няздольнасці дзяржсектара абслугоўваць узятыя на мадэрнізацыю крэдыты, на бюджэт, паводле дадзеных Мінфіна, у апошнія гады былі перакладзены даўгі дзяржпрадпрыемстваў у 1,9 млрд долараў.
"З улікам існуючага вопыту мадэрнізацыі дзяржпрадпрыемстваў можна выказаць меркаванне, што эфектыўнасць праектаў у рамках плана індустрыялізацыі будзе таксама невысокай. Яна можа ператварыцца проста ў праяданне фінансавых рэсурсаў", — мяркуе навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Алег Мазоль.
Фінансавыя рэсурсы, мяркуе эксперт, неабходна накіроўваць на стымуляванне развіцця прыватнага бізнесу ў рэгіёнах, а не на рэалізацыю новых камерцыйных праектаў з удзелам дзяржкапіталу.
"У раёнах насельніцтва скарачаецца ў сярэднім на 1% у год, а працаздольнае насельніцтва памяншаецца ў сярэднім на 2,5% у год. Каб людзі заставаліся жыць у рэгіёнах, трэба ўсяляк падтрымліваць там развіццё прыватнага (сямейнага) бізнесу", — мяркуе Мазоль.
Рэсурсы трэба накіроўваць на перанавучанне спецыялістаў і за кошт гэтага павышаць кадравы патэнцыял рэгіёнаў, лічыць Чубрык.
"Дзяржава аказвае мядзведжую паслугу мясцоваму насельніцтву, падтрымліваючы неэфектыўныя дзяржпрадпрыемствы ў рэгіёнах. Людзі там працуюць і думаюць, што іх спецыяльнасць патрэбна, а на самай справе, улічваючы вельмі нізкія заробкі ў рэгіёнах, гэта вялікае пытанне", — падкрэсліў у каментары БелаПАН Аляксандр Чубрык.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН