Іосуб: «Чым далей, тым больш з'яўляецца пытанняў»

Фінансавы аналітык разважае пра інфармацыю ад Белстата. «У даных Белстата па ВУП не вяжуцца некаторыя рэчы», — распавёў «Філіну» Вадзім Іосуб.

Вадзім Іосуб. Фота belbiz.by

Вадзім Іосуб. Фота belbiz.by

Нацыянальны статыстычны камітэт зрабіў першую ацэнку валавога ўнутранага прадукту за студзень-ліпень 2021 года. «Эканоміка Беларусі» адзначае, што пры гэтым рост ВУП Беларусі ў ліпені 2021 года склаў 0%.

«Філін» распытаў старшага аналітыка «Альпары Еўразія» Вадзіма Іосуба, што гэта значыць. І ці час пачынаць хвалявацца?

— На самой справе, рост ВУП не нулявы. Тут, хутчэй, пытанне да тых, хто яго так ацаніў. Справа ў тым, што ў нас у краіне ВУП лічыцца нарастаючым вынікам з пачатку года да адпаведнага перыяду мінулага года. Гэта значыць, апошнія даныя на сёння — гэта ВУП са студзеня па ліпень гэтага года ў параўнанні з тым жа прамежкам 2020-га.

Калі лічыць такім чынам, то валавы ўнутраны прадукт паказаў такі ж вынік, як і месяцам раней. Гэта значыць, па-ранейшаму тэмпы росту ВУП за сем месяцаў складаюць 3,3%. У прынцыпе, гэты паказчык можна лічыць інакш: параўноўваць ВУП не за перыяд, а за канкрэтны месяц — гэта значыць, ліпень 2021 года з ліпенем 2020 года.

Але і тады разлікі паказваюць рост на тыя ж 3,3%. Гэта значыць, мне здаецца, некаторыя, не разабраўшыся (але ў сувязі з тым, што тэмпы росту за сем месяцаў не змяніліся ў параўнанні з тэмпамі росту за шэсць месяцаў), назвалі гэта нулявым ростам. Хоць атрымліваецца, што тэмпы росту проста не змяніліся.

Гэта калі казаць пра бягучую афіцыйную статыстыку і зыходзіць з таго, што яна дакладная.

Таму што чым далей, тым больш з'яўляецца пытанняў да даных Белстата па ВУП. Там не вяжуцца некаторыя рэчы.

Напрыклад, у даных Белстата адбываецца прыкметны рост грузаперавозак пры стагнацыі транспартных паслуг.

Тут праблема ў тым, што ніякіх альтэрнатыўных крыніц падліку ў нас няма. Застаецца альбо верыць лічбам Белстата, альбо не.

У 2021 годзе рост валавога ўнутранага прадукту запланаваны на ўзроўні 1,8%. Гэтыя планы яшчэ рэалізуюцца?

— Не, яны наўрад ці былі такімі на момант прыняцця, а цяпер відавочна нерэалізуемыя. Нагадаю, гэтыя планы закладваліся мінулым летам, а былі зацверджаныя ў канцы восені–2020. Тады ўрад не ўлічваў магчымыя эканамічныя санкцыі.

Тут трэба адзначыць: дэ-факта санкцыі хоць і прынятыя, але яшчэ не дзейнічаюць. Па еўрапейскіх санкцыях, напрыклад, дадзеная адтэрміноўка дзеючых кантрактаў, а амерыканскія, якія адносяцца да «Беларуськалія», таксама пачнуць працаваць у канцы года.

Цяпер ужо ёсць праблемы з банкаўскімі плацяжамі. Верагодней за ўсё, далей яны будуць толькі нарастаць. Гэта значыць, банальна ўзнікаюць праблемы з плацяжамі за імпарт, з атрыманнем грошай за экспарт, па меншай меры, калі гаворка ідзе пра плацяжы ў доларах і еўра.

І нарастанне санкцый бліжэй да канца года будзе аказваць моцны ціск на тэмпы росту эканомікі. Мне здаецца, што, з улікам гэтага нарастання, год можа скончыцца ў мінусе прыкладна на паўтара працэнта, — прагназуе эканаміст.