«Калі ты ўвесь час думаеш, што ў цябе ўсё добра, можна не заўважыць, калі стане дрэнна»

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» ва ўласцівым яму публічыстычным рэчышчы піша пра схаваную статыстыку і тое, чым адгукнецца стварэнне «паралельнай рэальнасці» ў справаздачах.

20133101123854.jpg


Што табе сказаць? Малаверы прысаромленыя. Беларускія ўлады знайшлі эфектыўны і нават у чымсьці эфектны адказ на заходнія санкцыі. Таму што, як ні думай, а на гэта заходнім нядобразычліўцам, атрымліваецца, адказаць няма чым. Якія б яны санкцыі сабе там ні прыдумалі, а беларускія ўлады ўсё роўна ў доміку.

Можа, памятаеш афарызм прэм’ера Галоўчанкі? Ён неяк сказаў, што найлепшы адказ на санкцыі — зрабіць так, каб беларуская эканоміка не заўважыла іх наступстваў. Дык аказалася, у гэтым афарызме быў схаваны глыбокі сэнс. Цяпер заўважыць наступствы санкцый будзе значна цяжэй.

І гэты адказ просты, як усё геніяльнае. У панядзелак выявілася, што Мытны камітэт закрыў статыстыку па знешнім гандлі. А ўчора ўжо і Белстат не стаў публікаваць даныя аб экспарце калійных угнаенняў, металаў і ўсялякіх нафтапрадуктаў.

Цяпер, як ні імкніся Еўрасаюз разам з амерыканскім Мінфінам, а наступствы іх памкненняў, выяўленыя ў статыстыцы экспартна-імпартных аперацый, просты чалавек не ўбачыць. І сведчыць пра стабільнасць у тэлевізары стане значна зручней. Тым больш — прыдатны момант. Таму што з чэрвеня тэмп прыросту беларускай эканомікі выйшаў на стабільна нулявы ўзровень. Хоць у чэрвені на яго яшчэ ніякія санкцыі толкам падзейнічаць не паспелі. А цяпер, улічваючы актуальныя трэнды, рост, трэба думаць, накіруецца да адмоўных велічынь.

Беларускае начальства, напэўна, лічыць, што схаваць даныя — выдатны спосаб умацавання стабільнасці. Таму што ўпэўненае, што яно-та будзе ведаць праўду, а народцу праўду ведаць неабавязкова. Народзец ад праўды толькі псуецца.

Але, як паказвае практыка, калі няма незалежнага кантролю, у тых, хто дакладвае начальству, заўсёды ёсць спакуса трошачкі падфарбаваць рэчаіснасць. Каб начальства было задаволенае. Таму што незадаволенасць начальства — гэта пазбаўленне прэмій і вынясенне вымоў.

Як у познім Савецкім Саюзе, калі вышэйшае партыйнае начальства, якое мела доступ да сакрэтных і звышсакрэтных даных, на самой справе паняцця не мела пра тое, што адбываецца ў яе ў краіне і ў эканоміцы. А не маючы адэкватных уяўленняў пра навакольную рэчаіснасць, цяжка прымаць правільныя рашэнні. Калі ты ўвесь час думаеш, што ў цябе ўсё добра, то можна не заўважыць, калі стане ўжо зусім дрэнна.

Дый народ цяпер такі пайшоў, што, калі яму нічога не гаварыць, дык ён схільны прыдумляць сабе ўсякае нядобрае. У народа і раней было няшмат прычын верыць беларускай статыстыцы ў прыватнасці і беларускім уладам наогул, а цяпер, атрымліваецца, засталося яшчэ менш. І добра, калі народ не паверыць у няўмольны рост ВУП. А калі раптам ўсумніцца ў рэзервах Нацбанка?

Хоць на народзец улады, я думаю, даўно ўжо махнулі рукой. Таму што, колькі ты яму пра стабільнасць у тэлевізары ні расказвай, — усё роўна не верыць.