Кіраўнік Еўрапарламента: санкцыі супраць беларускага рэжыму эфектыўныя, яны могуць быць узмоцненыя

Прэзідэнт Еўрапейскага парламента Давід Сасолі заявіў, што лічыць санкцыі супраць беларускага рэжыму эфектыўнымі і не выключае ўзмацнення іх жорсткасці. Пра гэта ён заявіў на прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы з прэм’ер-міністаркай Літвы Інгрыдай Шыманітэ.

2204709_02ea97f576edc74e965261f34f358529.jpg


Сасолі заявіў, што рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае мігрантаў, і дадаў, што ЕС павінен прыняць меры для абароны сваіх межаў, піша REFORM.by.

«Рэжым Лукашэнкі на самой справе выкарыстоўвае няшчасных людзей, мужчын і жанчын. Я бачыў дзеянні, якія выклікаюць абурэнне, калі памежнікі выштурхоўваюць людзей за мяжу», — заявіў кіраўнік Еўрапарламента.

Сасолі заявіў, што ЕС не адмовіцца ад санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі.

«Што тычыцца санкцый, мы не хочам адступаць. Мы бачым, што гэта эфектыўны спосаб. Мы гаварылі з прэм'ер-міністаркай [Шыманітэ], што яны могуць быць узмоцненыя, — заявіў Сасолі. — Кожны раз, калі закранаецца кашалёк, гэта выклікае рэакцыю, таму мы бачым, што эфект можа быць станоўчым».

Сасолі заявіў, што Еўрасаюз хоча дамагчыся ад Беларусі вызвалення палітвязняў і адмаўлення ад агрэсіўных дзеянняў — як, напрыклад, захоп самалёта «Ryanair».