Беларус уцёк у Літву на… параплане!
Незвычайны спосаб перасекчы беларуска-літоўскую мяжу абраў удзельнік паслявыбарчых пратэстаў у Беларусі Андрэй Суша. Ен распавёў тэлеканалу «Настоящее время», як уцякаў з Беларусі на мотапараплане і чаму ён абраў менавіта такі спосаб уцёкаў.
Андрэй Суша працаваў дэфектаскапістам у мінскай лабараторыі і, як многія жыхары Беларусі, прымаў удзел у пратэстах супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. У студзені 2021 года да яго пачалі прыходзіць сілавікі, затым павезлі ў аддзел бяспекі кампаніі і прыгразілі запісаць прабачэнні на камеру. У сакавіку яго 72 гадзіны пратрымалі ў ізалятары і выклікалі на допыт у Следчы камітэт. Пасля таго, як на яго завялі дзве крымінальныя справы — «за абразу міліцыянта» і «пагрозу расправы над супрацоўнікамі праваахоўных органаў», — ён, як і многія суайчыннікі, вырашыў пакінуць Беларусь, распавядае «Радыё Свабода».
Аднак зрабіў гэта вельмі незвычайным спосабам: пераляцеў праз мяжу на мотапараплане.
«У мяне літоўскай візы не было, праз мяжу ісці — таксама няма стоадсоткавай гарантыі, што я бяспечна перайду. Ужо былі выпадкі, што людзей лавілі і адпраўлялі назад на “хімію”. І я вырашыў ляцець», — тлумачыць Андрэй Суша выбар такога незвычайнага спосабу перасячэння мяжы.
Ён кажа, што лётае на мотапараплане ўжо даволі даўно, таму «тэхнічна гэта не было складана». Ён проста па мапе прыкладна пабудаваў свой маршрут, прыехаў на месца, узляцеў і паляцеў. На пытанне, ці не было страшна, што памежнікі маглі адкрыць агонь па ім, Андрэй Суша адказвае:
«Так, было трошкі страшна, але лепш памерці прыстрэленым, чым гніць у лукашэнкаўскай турме. Я там ужываў некаторыя меры, каб засцерагчыся: ляцеў над лясамі, каб мяне складана было заўважыць, ляцеў на нізкай вышыні», — распавядае Андрэй і ўдакладняе, што ляцеў прыкладна ў метрах 100 над зямлёй.
Калі ён прызямліўся, пайшоў да мясцовых жыхароў, яны выклікалі паліцыю. Паліцыя ўжо потым выклікала памежную службу, і ён напісаў прашэнне аб прытулку. Цяпер ён знаходзіцца ў цэнтры для прыёму ўцекачоў, яго дакументы разглядае літоўскі ўрад — служба эміграцыі.