Італьянізацыя беларускай моды

Nelva, Burvin, Lakbi, Bazalini — многія сустракалі гэтыя брэнды адзення ці маюць іх у сваіх шафах, нават не ведаючы, што яны беларускія. Пры ўсіх праблемах лёгкай прамысловасці краіны ў гэтай галіне хапае дастаткова паспяховых праектаў — пераважна, гэта прыватныя фірмы.

brestmoda.jpg


Гучныя маркі выраслі з маленькіх сямейных атэлье. Хаця і на фабрыках пад куратарствам дзяржавы ад Бабруйску да Рэчыцы ў розныя часы шылі рэчы на замову для сусветна вядомых Armani, Pierre Cardin, Hugo Boss, Adidas, Nike, S.Oliver, Next. Так што могуць вельмі файна шыць — трэба толькі добра жыць!

Цэнтр швачнай прамысловасці Беларусі і сапраўдная сталіца моды — Брэст. Тут размешчаныя дзясяткі швачных вытворчасцяў, працуюць знаныя дызайнеры, дзейнічаюць буйныя спецыялізаваныя гандлёвыя пляцоўкі. Сюды можна ладзіць трыкатаж- ці фэшн-туры як для беларусаў, так і для замежнікаў. Каб пабачыць адразу шмат усяго, завітайце ў Брэсце на адкрыты рынак «Стары горад» на вуліцы Луцкая або ў гандлёвы цэнтр «Беларускі трыкатаж» з трыма сотнямі павільёнаў.


Брэст як Мілан

Брэст быў вядомы швачнай прамысловасцю па ўсім СССР. Тады гэта былі дзве флагманскія фабрыкі: «Надзея» і «Элма» (не блытаць з мінскай «Элемай»). Мадэрнізаваўшыся нямецкім і японскім абсталяваннем, яны працуюць і дагэтуль. Напрыклад, гандлёвыя маркі Lemur ды Enfant Sage, пад якімі шыецца дзіцячае адзенне, належаць «Надзеі». А «Элма» прапануе марку Barbara Geratti, у вырабах якой, як рэкламуецца, выкарыстоўваецца толькі натуральная італьянская воўна. Кошты на такія сукенкі — ад 250 рублёў. У асноўным адзенне беларускіх брэндаў прадаецца афлайн, але пакрысе развіваецца і анлайн-продаж. Зазірніце, напрыклад, на Bellavka.by — гэты сайт з’яўляецца афіцыйным гандлёвым прадстаўніком 150 швачных прадпрыемстваў Беларусі. Асцярожна: у інтэрнэце хапае падробак самых вядомых нашых брэндаў. Калі бачыце прапановы ў сацыяльных сетках — гэта дакладна кантрафакт.

Апошнім часам болей на слыху наваствораныя пры незалежнасці брэсцкія фірмы па шыцці вопраткі. Усе яны экспартаарыентаваныя. Асноўны рынак збыту — Расія. Беларускі трыкатаж там наогул у пашане. Сваю прадукцыю брэсцкія швачныя фірмы прадаюць на згаданых намі вышэй буйных пляцоўках як гуртам, так і ў раздроб. Ну і, уласна, праз крамы ў Беларусі, Расіі і ва Украіне.

Да прыкладу, Nelva паўстала ў 1998 годзе як невялічкая швачная вытворчасць Івана Гарашэвіча і яго сям’і. Сёння гэта дастаткова буйная кампанія з цэхамі ва ўласных будынках і з болей як 200 мадэлямі вопраткі ў сезон. Сукенкі тут каштуюць прыкладна ад 100 рублёў. Але рэгулярна ладзяцца распродажы з істотнымі зніжкамі — усё паводле законаў індустрыі моды.

Burvin — яшчэ адзін сямейны бізнес з канца 1990-х гадоў. Назва кампаніі — ад прозвішча стваральнікаў, мужа з жонкай Вольгі і Сяргея Бурвін. Тут выпускаюць 700 мадэляў жаночай вопраткі на год. Яшчэ адна вядомая фірма — Condra Deluxe. Назва вытворная ад прозвішча заснавальніцы Вольгі Кандрацюк. Пачынала яна з таго, што шыла сябрам і знаёмым. Вольга Кандрацюк скончыла вучэльню па спецыяльнасці «краўчыха», працавала на згаданай «Элме». Апрача ўмелых рук, патрэбнае і крэатыўнае бізнес-мысленне. Кандрацюк у свой час увішна зарабляла на шыцці спадніц: у модзе былі чорныя спадніцы, але чорная тканіна была ў дэфіцыце, таму прадпрымальніца купляла памаранчавую і фарбавала яе ў патрэбны колер.

Дарэчы, пра дэфіцыт. Можна пачуць нямала гісторыяў ад паспяховых людзей у швачнай вытворчасці пра тое, што яны натхняліся гэтай справай у складаныя часіны. Калі бачылі, як іх бацькі вышукваюць кавалкі тканінаў, з якіх шыюць самі ці замаўляюць у знаёмых шыццё адзення, якое можна насіць і адрознае ад сціплага асартыменту крамаў пры канцы 1980-х і ў пачатку 1990-х гадоў. Можна сказаць, што ў гэтым плане Брэст падобны да Мілану, дзе менавіта ў складаныя пасляваенныя часы паўставалі модныя швачныя вытворчасці менавіта як дробныя сямейныя бізнесы.

Занатуйце ў памяці іншыя папулярныя брэнды, на якія працуюць у тым ліку нашы дызайнеры з сусветна вядомымі імёнамі: Lakbi, Bazalini, Panda, Achosa, SoLei, Faufilure, Papilio, Favorini, Kiara, Mozart. Так, назвы фірмаў ці гандлёвых марак цяпер такія, што, калі бачыш шыльду на краме, дык страшна заходзіць, бо ўяўляецца, што гэта люксавы італьянскі ці французскі брэнд. Не тое, што звыклыя для нашага вуха «Славянка», «Світанак», «Купалінка», «Любава», «Алеся», «Камінтэрн», «Элема». А вось — да ведама — некалькі «заходніх» брэндаў, якія належаць расійскім бізнесоўцам і прысутнічаюць у Беларусі: Oodji, Gloria Jeans, Finn Flare.

bellegpram2_coltechdis.by.jpg


Адказ старажылаў

З брэндаў-старажылаў самай паспяховай застаецца «Элема», акцыямі якой дзяржава цяпер валодае толькі ў памеры 16,8%. Астатняе — у шэрагу фізасобаў і прыватных кампаніяў, кантрольнага пакета няма пакуль ні ў каго. Чысты прыбытак «Элемы» ў 2018 годзе склаў амаль 2,5 мільёны рублёў. Пачынала кампанія як швачная фабрыка імя Крупскай у 1930 годзе з вырабу ватовак і спецыяльнай мужчынскай вопраткі. А з 1950-х і па сёння спецыялізуецца на жаночым адзенні — паліто, курткі, касцюмы, сукенкі і гэтак далей. Дарэчы, ведаеце, як расшыфроўваецца назва «Элема»? Аказваецца, гэта беларускамоўная абрэвіятура ад «Элегантнае моднае адзенне».

Сёлета «Элема» паспрабавала паспрыяць элегантнасці беларускіх мужчын. Яна запусціла лінейку Etelier. Пачалі з верхняга мужчынскага адзення, але ў планах — пінжакі, штаны ды кашулі, якія будуць прадавацца ў крамах толькі з мужчынскімі рэчамі пад аднайменнай шыльдай. Будзе канкурэнцыя з гомельскім «Камінтэрнам», які з’яўляецца лідарам па выпуску класічных мужчынскіх гарнітураў і які сёлета адзначыў 100-годдзе. У мінулым годзе прадпрыемства было выведзенае са складу канцэрна «Беллегпрам», але ў дзяржавы па-ранейшаму кантрольны пакет — 54%. Паглядзім, як гэта адаб’ецца на дзейнасці «Камінтэрну».

Мужчынскімі бізнес-гарнітурамі вырашылі заняцца і на «Камволі», які спецыялізуецца на вырабе тканін. Гэта вынік працы створанага тут нядаўна дызайн-цэнтра, якім кіруе вядомая мадэльерка Эльвіра Жвікава. Гарнітуры будуць элітныя, шыцца ўручную і прадавацца пад адмысловай гандлёвай маркай.

«Камволь» — мінскае прадпрыемства, якое рэгулярна наведвае Лукашэнка, патрабуючы выпускаць якасныя тканіны, што выкарыстоўвалі б у сваёй вытворчасці айчынныя швачныя прадпрыемствы. Падчас аднаго з візітаў на «Камволь» Лукашэнка ставіў яго кіраўніцтву і працаўнікам у прыклад свой «італьянскі гарнітур», але, як выявілася, тое, у чым быў у той момант кіраўнік краіны, пашылі ў спецатэлье… акурат з тканіны камвольнага камбіната! Паводле кіраўніцтва «Камволя», у Лукашэнкі па-ранейшаму ёсць некалькі гарнітураў з іх тканіны. А якасць яе праз пяцігадовую мадэрнізацыю прадпрыемства ў 2012–2017 гадах значна палепшылася. Гэта — вынік укладзеных 110 мільёнаў долараў. Застаецца спадзявацца, што, рэкламуючы свае новыя калекцыі, швачныя фірмы стануць часцей акцэнтаваць увагу, што рэчы пашытыя з беларускага матэрыялу, — а не з італьянскага, як нярэдка бывае цяпер.

Што яшчэ змянілася на лепшае ў фэшн-індустрыі ў Беларусі, дык гэта рэгулярныя зніжкі. Прычым, яны сталі істотныя, як у Заходняй Еўропе — ад 20% і да 70%. Асабліва прыемна, калі купляеш па зніжцы не шырспажыўную вопратку, а дызайнерскую рэч з лімітаванай партыі. І танна, і амаль эксклюзіўна.

Зніжкі і розныя акцыі цяпер прапануюць усе, а вось «Купалінка» з Салігорску ловіць патрыятычны трэнд. У калекцыі «Я люблю Беларусь» прадпрыемства выкарыстоўвае арнамент на цішотках і шкарпэтках. То-бок, вышымайкі ўвайшлі і ў асартымент дзяржаўных прадпрыемстваў.