Шыем сваю справу

Паводле Белстату, 7% расходаў беларусаў прыпадае на адзенне і абутак. Ці хацелі б вы апранаць суайчыннікаў, прадаючы, шыючы ці рамантуючы адзенне? Мы раскажам пра самыя простыя і з невялікім стартавым капіталам спосабы зарабіць на гэтым. А таксама пра нюансы, якія могуць быць карысныя, калі вы — пакупнік-спажывец.

shvachka_grodno.in.jpg

Канцэрн «Беллегпрам» невыпадкова ўз’еўся на крамы сэканд-хэнд як на канкурэнтаў. Калі не праз якасць рэчаў, якія там прадаюцца (хаця гэта далёка не «анучы»), дык з-за іх колькасці. Яны растуць як грыбы. Напрыклад, у наваколлі майго дома ў Мінску за апошнія некалькі гадоў адчынілася каля паўдзясятка такіх крамаў. Асноўных прычынаў «сэканд-маніі» дзве. Першая — нізкія даходы насельніцтва. Сэканд-хэнд і яго распаўсюджанасць — яскравы індыкатар узроўню жыцця, хаця, зноў жа, закупляюцца ў такіх крамах не толькі бедныя людзі. Другая прычына — гэты бізнес дастаткова просты для ўваходу. Калі агулам, то схема няхітрая: закупляеш былыя ва ўжытку рэчы гуртам і прадаеш у раздроб — ці дробным гуртам. Гэтая простасць шмат каго спакушае паспрабаваць.


Чым пахне сэканд-хэнд?

Але з чаго пачынаць і ў якіх маштабах варта адчыняць краму патрыманай вопраткі, абутку і сумежных аксесуараў? Найперш займіцеся стварэннем ІП (са спрошчанай сістэмай падаткаабкладання ў 5% ад выручкі) і бэнч-маркетынгам. Пад гэтым салідным бізнес-словам разумеецца працэс пошуку, вывучэння і выкарыстання ўдалай дзейнасці канкурэнтных фірмаў дзеля дасканалай працы вашай. То-бок, пахадзіце па крамах сэканд-хэнду: вывучыце тавар, кошты, наведнікаў. І... адчуйце спецыфічны пах рэчаў.

Пах — наступства апрацоўкі рэчаў хімікатамі па патрабаванні санітарна-эпідэміялагічнай службы дзеля стандартаў бяспекі. Праводзіцца яна перад паступленнем рэчаў на гуртавыя склады. Уладальнікі крамаў закупляюць патрыманую і стокавую вопратку ўжо адмыслова апрацаваную і з адпаведнай дакументацыяй. З гэтага вынікае парада: арэндаванае памяшканне «сэкандавай» крамы павінна добра праветрывацца. Асвяжальнікі паветра тут мала дапамогуць.

І лайфхак, як вынішчыць пах з такой вопраткі. У час замочвання і прання выкарыстоўваюць соду, палошчуць у вадзе, у якую дадаюць гарэлку або, лепш за ўсё, нашатырны спірт. Ёсць таксама спецыяльныя дэзадаранты для пазбаўлення ад непрыемных пахаў у тканінах.

Што да размяшчэння гандлёвай кропкі, то трэба шукаць, вядома, прахадное месца навідавоку. Але, у адрозненне ад, напрыклад, кавярняў, у дадзеным выпадку неістотна, дзе вы адчыніце краму, — у цэнтры горада ці ў спальным раёне. У «спальніку» будзе абсалютна слушна — каля шляхоў з вялікай колькасцю мінакоў і шматпавярховікаў паблізу, ды каб яшчэ каля гіпермаркета. Натуральна, і арэнда будзе танней. Дарэчы, пачынаць тыя, хто працуе ў гэтым бізнесе, раяць з крамнай плошчы каля 40–50 квадратных метраў. А павялічваць яе пасля таго, як вы дакладна вызначыцеся, які тавар у вас добра прадаецца.

А па тавар вам — на гуртавыя склады. Рэчы там прадаюцца ў вялізных цюках па некалькі дзясяткаў кілаграмаў. Выбіраць з іх нешта нельга — браць трэба цалкам, а потым ужо сартаваць (ці не сартаваць) перад продажам. А вось змесціва мяхоў падзяляецца на катэгорыі: тут ужо маеце выбар. Гэта можа быць нейкая адна пазіцыя (напрыклад, джынсы ці дзіцячыя чаравікі) або мікс рэчаў рознай катэгорыі суадносінаў (кошт-якасць). Можа быць вопратка з невялікім адсоткам зношанасці або прыдатная толькі на анучы, фірмовая былая ва ўжытку і новая стокавая. Сток — гэта не распрададзенае ў крамах адзен­не, калі застаюцца асобныя рэчы, якія нельга прадаваць, бо няма ўсёй лінейкі памераў мадэлі. Паношанае адзенне — тое, што аддаецца ці прадаецца за невялікія грошы як ужо непатрэбнае жыхарамі розных краінаў Еўропы. Стан былых ва ўжытку рэчаў можа быць які заўгодна. На спецыяльных сартавальных фабрыках гэтыя рэчы потым і падзяляюцца на розныя віды і катэгорыі. Далей — у сэканд-хэнды, у тым ліку беларускія.

На гуртавых складах цюкі з патрыманай і стокавай вопраткай прадаюцца на вагу. Для ўяўлення: мех з адзеннем вядомай фірмы C&A прадаецца па 13 еўра за кілаграм, моладзевай Hype — за 20 еўра, мікс H&M з дэфектамі — за 6, цюк з байкамі — па 2 еўра за кіло, проста мікс — ад 3 еўра ў залежнасці ад якасці. Гуртавыя склады прапануюць зніжкі: каля 10%, калі купляеш у іх ад 500 кілаграмаў, а таксама гатовыя даць менеджарскую кансультацыю ўладальнікам новых крамаў.

Апроч адзення вам трэба набыць вешалкі, мэблю, касу і тэрмінал для банкаўскіх картак, прымерачныя з люстэркамі і гэтак далей. Агулам стартавы капітал ацэньваецца ў 6–8 тысяч долараў. Акупіцца, калі ўсё пойдзе добра, выдаткі павінны праз паўгода-год. Яшчэ адна падказка: узімку ў гандлі сэканд-хэндаў — адчувальны мёртвы сезон. Таму заняцца падрыхтоўкай да адкрыцця такой крамы варта халоднай парой, каб увесну ўзяць старт.


Ланцужкі б/у

sekand2.jpg



«Новы Час» пагутарыў з былым гаспадаром крамы сэканд-хэнд. Аляксей прадаў бізнес сваяку пасля таго, як вырашыў пайсці ў сферу IT, але па інерцыі мае інтарэс да сэканд-хэнду і сочыць за тым, што адбываецца на гэтым рынку.

— Крамаў стала значна болей, і я заўважыў такую тэндэнцыю, што прадпрымальнікі, якія імі валодаюць, стараюцца неяк вылучацца. Напрыклад, спецыялізавацца толькі на дзіцячай вопратцы і абутку. Або ўсё болей пераходзіць на адзенне вядомых марак і на сток. У выніку ёсць цэлы шэраг крамаў, якія ўжо мала падобныя да сэканд-хэнду. Там могуць вісець джынсы коштам пад 100 рублёў!

Аляксей кажа, што «сэканды» ніколі не былі выключна «крамамі для бедных». Некаторыя палююць там на новыя ці крыху патрыманыя прыстойныя рэчы проста дзеля эканоміі, каб болей траціць на падарожжы ці самаразвіццё. Для некаторых гэта пераўтвараецца нават у імпэтнае хобі: здабыць нешта цікавае і недарагое. Хтосьці купляе адзенне для дзяцей, бо тыя хутка растуць, таму часта абновак хапае толькі на адзін сезон.

— А для многіх, асабліва маладых людзей, сэканд-хэндавыя крамы — сродак зарабіць, — распавядае наш суразмоўца. — Графік новых прывозаў усім вядомы. Студэнты, напрыклад, прыходзяць да пачатку працы крамы ў гэтыя дні і спрактыкаваным вокам вельмі хутка выцягваюць фірмовае адзенне. Потым у пральню, «лэйбу» нашыюць пры патрэбе — і на сайты аб’яваў як купленае калісьці для сябе за мяжой. Натуральна, ставяць кошт у разы болей. Моладзь так лёгка «падымае» ад 200 долараў на месяц. А ёсць такія, што купляюць у інтэрнэце купленае ў сэканд-хэндзе і яшчэ раз перапрадаюць. Па сутнасці, гэта вяртанне «фарцоўшчыкаў», што былі ў Савецкім Саюзе. І такі бізнес можа быць. Народ круціцца, прадпрымальніцкую жылку, як кажуць, развівае!

Значна больш сур’ёзная і клапатлівая справа — адчыніць сваю фірму па рамонце ці шыцці адзення. На добрае абсталяванне вам спатрэбіцца пад 2 тысячы долараў, хаця можна набыць і танней былое ва ўжытку. Па капітале ўваход у такі бізнес таксама недарагі, але лепей ім займацца тым, хто можа рабіць нешта сваімі рукамі: шыць-краіць-мадэляваць. Попыт абавязкова будзе: індывідуальнае шыццё ва ўсе часы запатрабаванае — не ўсім людзям пасуюць стандартныя крамныя памеры, дый эксклюзіўная вопратка заўжды ў цане, а малыя даходы значнай часткі народа паспрыяюць замовам на рамонт адзення дзеля адтэрміноўкі пакупкі новага. Дарэчы, з рамонтам прасцей — узяў і выправіў праблему, а вось для індывідуальнага шыцця патрэбнае яшчэ ўменне камунікаваць з заказчыкам. Таму спачатку хіба лепей патрэніравацца на знаёмых, арганізаваўшы «хатняе атэлье».

Пры канцы падказка, якая можа прыдасца. Калі нестае грошай на адкрыццё сваёй справы, адзін са спосабаў іх знайсці — са статусам беспрацоўнага звярнуцца па беззваротную субсідыю на пачатак свайго бізнесу. Яе не даюць паўторна і тым, хто спыніў прадпрымальніцкую ці рамесніцкую дзейнасць менш за год таму. Трэба мець бізнес-план і, пажадана, профільную адукацыю ці ўменне. Памер субсідыі — 11 бюджэтаў пражытковага мінімуму. Для сельскай мясцовасці — 15. Калі ваш бізнес будзе нейкім чынам звязаны з укараненнем навукова-тэхнічных распрацовак, то маеце права на 20 субсідыйных БПМ. А роўны БПМ цяпер 231 рублю.

Можна ўзяць крэдыт, але банкі дадуць яго прадпрымальнікам без досведу толькі пад заклад маёмасці ці пад заруку. Аднак фінансавыя кансультанты не раяць браць крэдыт, але калі ўжо без гэтага нявыкрутка, то, каб мінімізаваць імаверныя страты, няхай ён складае толькі каля чвэрці вашых укладанняў у адкрыццё бізнесу.