Кабякоў: Жорсткае рэгуляванне коштаў захаваецца

Кіраўнік ураду пры гэтым не распавёў, дакуль у Беларусі будзе дзейнічаць забарона на падвышэнне коштаў.



kabiak.jpg

Фота: yousmi.by

Жорсткае рэгуляванне коштаў пакуль захаваецца. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў у інтэрв’ю навінам тэлеканала “Беларусь 1” у эфіры ўвечары 17 студзеня, паведамляе БелаПАН.

“Жорсткі кантроль захаваецца, але ён не будзе вечным. То бок, гэта жорсткі кантроль на пераходны перыяд”, — заявіў Кабякоў.

Паводле яго словаў, “як толькі будзе сфармаванае разуменне, і прыведзныя ў адпаведнасць патрэбы з магчымасцямі, ад такога рэгулявання мы адмовімся”.

Нагадаем, што мараторый на рост коштаў быў уведзены ў Беларусі 19 снежня 2014 года згодна з пастановай Саўміну № 1207. Дакумент быў прыняты “з мэтай недапушчэння росту рознічных коштаў і забеспячэння ўнутранага спажывецкага рынка шырокім асартыментам тавараў”.

У першую чаргу гаворка ішла пра “насычэнне спажывецкага рынку нехарчовымі таварамі айчыннай вытворчасці”. Мінгандлю, Белкаапсаюзу, аблвыканкамам і Мінгарвыканкаму даручылі “не дапускаць росту рознічных коштаў на спажывецкія тавары і забяспечыць наяўнасць шырокага асартыменту ў гандлёвых аб’ектах, уключна з інтэрнэт-гандлем”.

Амаль за месяц дзеяння пастановы Мінгандлю перапыніла працу дзясяткаў гандлёвых аб’ектаў, якія дапускалі падвышэнне коштаў — гэта была адна з асноўных прэтэнзіяў да іх працы.

Паралельна з прыняццём пастановы аб недапушчэнні росту коштаў была часова ўведзеная 30-адсоткавая пошліна на набыццё валюты, якая фактычна азначала рэзкае абясцэньванне беларускага рубля. Пазней з ростам афіцыйнага курсу валют пошліну знізілі да 20%, а затым увогуле адмянілі, але пры гэтым курсы валют істотна выраслі і дэвальвацыя адбылася дэ-факта.

На сёння ў Беларусі існуе пэўны дэфіцыт наяўнай валюты, які адчуваюць не толькі звычайныя грамадзяне, але і прадпрымальнікі, якія працуюць з імпартным таварам. Ва ўмовах рэзкага падаражэння валюты яны не маюць права падвышаць кошты ў беларускіх рублях на свае тавары і такім чынам вымушаныя працаваць стратна. У сувязі з гэтым многія прадпрымальнікі займаюць цяпер пазіцыю чакання і не спяшаюцца завозіць у Беларусь новы тавар, што ў сваю чаргу прыводзіць да пэўнага дэфіцыту і звужэння асартыменту.

euroradio.by