Стрыманне коштаў прывядзе да ўзмацнення крызісу
Мараторый на рост коштаў, пры тым, што дэвальвацыя ўжо склала амаль 40%, можа кепска скончыцца для беларускай эканомікі, лічыць дырэктар па даследаваннях Ліберальнага клуба Яўген Прэйгерман.
Эксперт нагадвае, што міністэрства гандлю намякала: мараторый працягнецца і пасля 15 студзеня і не будзе мець тэрміну даўніны. “Яны хацелі замацаваць гэта навечна, але зразумела, што пры існуючай сітуацыі ў нас нічога немагчыма зафіксаваць на доўгі тэрмін. І сам Лукашэнка ў той жа дзень-ікс, 15 студзеня на пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ўскосна заявіў, што трэба па максімуме выкарыстоўваць захады адміністрацыйнага рэгулявання коштаў, але так, каб не загубіць бізнэс”, — адзначыў суразмоўца.
Але, кажа Яўген Прэйгерман, калі будуць выкарыстоўвацца менавіта такія захады, то бізнэс якараз і загубяць. “Многія пачнуць выходзіць з рынка, а тыя, хто вырашыць змагацца да апошняга, рана ці позна могуць таксама проста збанкрутаваць. Так што дэкларацыя пра мараторый на рост коштаў сама па сабе добрая, асабліва ў год прэзідэнцкіх выбараў; у прынцыпе, яна адпавядае лозунгу сацыяльна арыентаванай дзяржавы, і пэўны час гэты лозунг будзе дзейнічаць”, — мяркуе эксперт.
Але бясконца рост коштаў стрымлівацца не можа, таму цягам найбліжэйшых некалькіх месяцаў улады будуць вымушаны шукаць пункты паразумення з бізнэсам. “Таму Лукашэнка і падкрэсліў, што трэба каардынаваць з бізнэсам тыя рашэнні, якія ўжо прыняты і якія яшчэ будуць прымацца. Так што ўжо ў наступныя тыдні нейкія рашэнні мусяць прымацца, і на тле таго лозунга пра мараторый на рост коштаў усё ж будуць прадпрынятыя захады, якія дазволяць хоць неяк трымацца на плыву хоць з нейкім мінімальным прыбыткам для бізнэса”, — не выключае суразмоўца.
— Дык навошта было ўводзіць мараторый на рост коштаў, калі дэвальвацыя склала пад 40 працэнтаў? — патыюся ў дырэктара Ліберальнага клуба.
— Зразумела, чаму. Каб не было дадатковае панікі з нагоды крызісных з’яваў у эканоміцы. Асабліва на тле навагодніх і калядных святаў, калі ўсе набывалі падарункі, прычым не адзін і не два. Апроч таго, відаць, улады імкнуліся прадэманстраваць меру прыстойнасці сацыяльнай дзяржавы, каб, нягледзячы на крызіс у эканоміцы, не дапусціць магчымасць выгрэбсці ўсё з кішэняў у людзей, — лічыць Яўген Прэйгерман.
У той жа час, кажа ён, усё гэта кепска стасуецца з законамі эканомікі, таму гэта захады кароткатэрміновага дзеяння. Нават калі б сёлета не было прэзідэнціх выбараў, адзначае эксперт, захады па стрыманню коштаў усё роўна рабіліся б у пераднавагодні час. “Іншая справа, што з меншым запалам, і можна было б чакаць больш хуткіх рашэнняў на карысць законаў эканомікі. Але сёлета чыннік прэзідэнцкіх выбараў будзе вельмі шмат што стрымліваць і прызямляць не столькі да эканамічнай, колькі да палітычнай рэальнасці”, — рэзюмуе Яўген Прэйгерман.