Калі беларусы навучацца працаваць па законах рынку?

Прадстаўнікі міжнародных арганізацый назвалі асноўныя складнікі ўстойлівага росту эканомікі Беларусі.

work_1.jpg

Чатыры найважнейшыя напрамкі рэформаў

Нарастанне пратэкцыянісцкіх тэндэнцый негатыўна адаб’ецца на краінах, якія развіваюцца, і новых эканоміках. Такі прагноз зрабіла рэгіянальны дырэктар Сусветнага банка па Беларусі, Малдове і Украіне Сату Кахканен, выступаючы ў Мінску на канферэнцыі KEF 2018.
Паводле яе слоў, Беларусі неабходна стымуляваць развіццё знешняга гандлю і больш інтэгравацца ў глабальную эканоміку.
— Беларускі экспарт сканцэнтраваны на прыродных рэсурсах — угнаеннях і нафтапрадуктах, што можа падрываць канкурэнтаздольнасць экспарту тавараў і паслуг краіны. Інтэграцыя ў глабальную эканоміку асабліва важная для Беларусі, — адзначае прадстаўнік Сусветнага банка. Палітыка ўладаў па захаванні «статус-кво» ў эканоміцы не дае Беларусі магчымасці развівацца хутчэй і больш актыўна павышаць даходы насельніцтва. Краіне неабходныя рэформы.
Сусветны банк выдзяляе чатыры найважнейшыя напрамкі рэформаў, на якія варта было б зрабіць стаўку.
У прыватнасці, укараненне рынкавых механізмаў у рэальным і фінансавым сектарах дасць магчымасць павысіць канкурэнтаздольнасць айчынных вытворцаў.
— Гэта запатрабуе ўзмацнення жорсткасці бюджэтных абмежаванняў для дзяржпрадпрыемстваў, каб яны навучыліся гуляць па правілах рынку. А для прыцягнення замежных інвестыцый важна ўмацаваць правы ўласнікаў, — кажа Сату Кахканен.
Другім крокам яна называе ўступленне ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, якая дапаможа Беларусі выйсці на новыя рынкі. Трэцім складнікам поспеху можа стаць пашырэнне экспарту паслуг. Добры патэнцыял для росту наша краіна мае ў сектары інфармацыйных тэхналогій і транспартных паслуг.
Паколькі ў выніку рэформ могуць пацярпець работнікі менш эфектыўных прадпрыемстваў і нават цэлыя сектары эканомікі, то, на думку экспертаў СБ, важна працаваць над узмацненнем сістэмы сацыяльнай абароны.
Важная роля адводзіцца і ўстановам адукацыі, якія павінны рыхтаваць спецыялістаў прафесій будучыні, а таксама навучыць работнікаў мабільнасці.

Разумны «мікс» супраць інфляцыі

Дарадца выканаўчага дырэктара Міжнароднага валютнага фонду Аляксандр Забароўскі адзначае, што адзінага «залатога» кроку для вырашэння сістэмных пытанняў няма. Для гэтага трэба будзе зрабіць скаардынаваную сістэму мер.
На яго думку, базай для ўстойлівага росту эканомікі з’яўляецца пісьменная макраэканамічная палітыка, якая таксама рэагуе на змяненне знешніх умоў. Другім складнікам выступае бюджэтная палітыка.
Мы павінны канфіскоўваць з эканомікі рэсурсаў не больш, чым гэта неабходна для таго, каб выконваць сацыяльныя функцыі, і ў той жа час разумна імі распараджацца, — адзначае саветнік выканаўчага дырэктара МВФ.
Трэцім складнікам эксперт лічыць рэформы, накіраваныя на павышэнне канкурэнтаздольнасці эканомікі.
— Гэта цэлы набор мер, якія павінны быць узгоднены паміж сабой. Важны пакет складаюць прынцыпы, якія артыкулюе ўрад: роўнасць формаў уласнасці, адмова ад неэфектыўных субсідый, павышэнне эфектыўнасці бюджэтных расходаў, — кажа Аляксандр Забароўскі.
Эксперт лічыць, што эфектыўная рэалізацыя гэтых мер дасць шанец падоўжыць цяперашняе эканамічнае аднаўленне і выйсці на ўстойлівы рост.
Дарадца выканаўчага дырэктара МВФ адзначае, што вялікі ўнёсак у макраэканамічную стабілізацыю зрабіў Нацбанк.
Паводле яго слоў, стрымліваць інфляцыю эфектыўна не рэгуляваннем цэн, а разумным «міксам» грашова-крэдытнай і канкурэнтнай палітыкі.
— Мы выйшлі на эканамічны рост вышэй за сярэднесусветны, на самай справе, праводзячы нейтральную грашова-крэдытную палітыку. З аднаго боку, яна не аказвае павышаючага ціску на інфляцыю, з другога — не стрымлівае эканамічны рост, — падкрэслівае Аляксандр Забароўскі.
Паводле Заўтра тваёй краіны