Леанід Злотнікаў: Курс 18 тысяч рублёў за долар можа быць ужо сёлета

На далейшую дэвальвацыю беларускай валюты ўплываюць шматлікія фактары.



ai_149248_aux_head_20150427_zlotnikow_new_360_t.jpg

Пра гэта ў інтэрв'ю сайту charter97.org заявіў вядомы эканаміст Леанід Злотнікаў.

— Сёння курс долара ў Беларусі перасягнуў чарговую псіхалагічную мяжу 16 тысяч рублёў. Якія, на вашу думку, прычыны гэтага абясцэньвання?

— Ёсць аб'ектыўныя і суб'ектыўныя фактары, якія ўплываюць на паніжэнне курсу беларускага рубля ў дачыненні да долара.

Па-першае, нядаўна адбыўся імпульсны адток валюты з Беларусі. Калі давялося аддаць мільярд долараў крэдыту, узятага пад еўрааблігацыі. Яго бралі пяць гадоў таму і цяпер вярнулі — гэта значыць, з Беларусі, з нашага рынку, гэтая валюта сышла. І прапанова суб'ектамі гаспадарання валюты на рынку паменшылася, таму што меў месца такі імпульсны адток валюты.

Па-другое, у нас склалася сітуацыя, калі сума крэдытаў, якія атрымліваюцца для выплаты папярэдніх запазычанняў, істотна паменшылася. У папярэднія гады мы бралі крэдыты, і траншаў хапала, каб разлічыцца з раней узятымі крэдытамі і яшчэ закрыць адмоўнае сальда рахунку.

Сёлета такая тэндэнцыя пераламалася. Сумы крэдытаў нам сталі памяншаць. Першы квартал гэтага года паказаў, што крэдыты, якія ўзялі нашы суб'екты гаспадарання — урад, банкі, прадпрыемствы — склалі 1,2 мільярда долараў, а крэдыты, якія давялося вярнуць — 1,7 мільярда даляраў за гэты ж квартал.

Адмоўнае сальда, такім чынам, склала яшчэ паўмільярда долараў. А ў мінулыя гады сум з новых крэдытаў ставала на выплату папярэдніх, і яшчэ нешта заставалася. Гэты факт указвае на тое, што ў пазыку нам сталі даваць больш скупа і паступленне валюты з гэтай крыніцы зменшылася.

Два гэтых фактары спарадзілі трэці: знікла выгаднасць захоўвання дэпазітаў у беларускіх рублях. Гэта прывяло да «перапампоўвання» грошай з дэпазітаў у беларускіх рублях на валютныя дэпазіты.

Яшчэ адзін вельмі важны фактар, які дагэтуль працаваў на павышэнне курсу замежных валют — гэта больш глыбокая дэвальвацыя расійскага рубля. Гэта значыць, што калі сёння Беларусь не будзе ў такой жа ступені праводзіць дэвальвацыю сваёй валюты, то будзе страчаная выгаднасць экспарту ў Расію. Таму мае месца ціск прамысловых колаў на ўрад, каб дэвальваваць беларускі рубель, не адстаючы ад Расіі.

Цяпер і ў Кітаі была праведзеная дэвальвацыя юаня, і агулам свет уваходзіць ў паласу «барацьбы дэвальвацый», гэта значыць усе будуць імкнуцца падтрымаць свой экспарт і будуць дэвальваваць сваю валюту.

Беларусь у гэтым сэнсе адстае ад сусветных тэндэнцый: два гады таму дэвальвацыя адбылася ў Турцыі, Казахстане і іншых краінах. Цяпер пайшла новая хваля, і калі Беларусь не будзе дэвальваваць сваю валюту — экспарт будзе істотна падаць.

Гэта ўсё аб'ектыўныя фактары. А галоўны фактар — ён адзін, і ён суб'ектыўны. Гэта вельмі нізкая эфектыўнасць беларускай эканомікі. Нам не даюць крэдытаў, таму што мы не хочам праводзіць рынкавыя рэформы. Нават з боку Расіі прапала імкненне нас падтрымаць.

Напрыклад, Еўразійскі банк рэканструкцыі і развіцця не даў дагэтуль апошні транш крэдыту, якім павінен быў выдаць яшчэ летам мінулага года. Гэта звязана з тым, што мы не праводзім рэформаў, пад якія выдаваліся крэдыты. А ўмовы былі простыя: прыватызацыя, у тым ліку і для расійскіх інвестараў, стварэнне рынкавай эканомікі. Цяпер і Расія не хоча нас крэдытаваць, як гэта было раней.

— Якімі будуць вашы прагнозы курса беларускага рубля найбліжэйшым часам?

— Дэвальвацыя будзе працягвацца. Ужо сёлета магчымы курс і 18 тысяч беларускіх рублёў за долар. Я гэта казаў яшчэ перад Новым годам і цяпер паўтару.