Магілёўскі вагонабудаўнічы завод поўнасцю спыніў вытворчасць
Са снежня мінулага года Магілёўскі вагонабудаўнічы завод працаваў па паўмесяца. З красавіка вытворчасць цалкам спынена, распавёў спецыяліст прадпрыемства, які папрасіў не называць яго імя. Попыт на прадукцыю прадпрыемства ўпаў катастрафічна.
«У нас вытворчасць стаіць. Мы не ведаем, калі яе зможам запусціць», — паведаміў наш суразмоўца.
Паводле яго слоў, на прадпрыемстве працуе каля 800 рабочых. З-за прастою яны атрымліваюць 2/3 акладу. У сярэднім на заводзе зарабляюць прыкладна 3,6 млн. рублёў “бруднымі”.
Дырэктар завода Сяргей Перапеча не пацвярджае і не адмаўляе інфармацыю аб прыпынку вытворчасці прадпрыемства. Прычына прыпынку прадпрыемствы — значнае падзенне попыту на прадукцыю.
Так, у 2014 годзе завод прадаў каля 750 вагонаў. За тры месяцы 2015-га — толькі 10 вагонаў. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года продажу ўпалі прыкладна ў 18 (!) разоў.
«Раней завод прадаваў вагоны па цане 70 тысяч долараў за адзінку. Цяпер цана ў Расіі даходзіць да 29 тысяч долараў за адзінку. Цэны падаюць, паколькі на рынку празмернасць вагонаў. Калі раней кошт у 70 тысяч долараў дазваляў пакрываць сабекошт і нават атрымліваць прыбытак, то цяпер цана ў 29 тысяч долараў нават не пакрывае сабекошт. А пакупнік хоча браць вагоны па рынкавай цане. У нас такога кошту няма», — тлумачыць спецыяліст.
СЗАТ «Магілёўскі вагонабудаўнічы завод» быў заснаваны ў 2005 годзе. У 2012 годзе завод увайшоў у склад кампаніі «Белаз-Холдынг». Прадпрыемства з’яўляецца рэзідэнтам свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў».
Як распавядае суразмоўца, у 2005-2009 гадах на рынку быў дэфіцыт таварных вагонаў. Беларускім прадпрыемствам (Беларускай чыгунцы, «Беларуськалію», цэментным заводам) прыходзілася купляць вагоны ў Расіі па высокіх цэнах. Па гэтай прычыне ўрад прыняў рашэнне аб стварэнні імпартазамяшчальнага прадпрыемства ў Беларусі. Сёння ж на рынку назіраецца значнае павелічэнне прапановы вагонаў. З-за гэтага цэны ўпалі, і беларускія прадпрыемствы сталі праводзіць тэндэры і купляць больш танныя вагоны ў Расіі.