Мінпрацы распавяло, як можна павялічыць пенсію ў два разы
Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны прапанаваў спосаб, як павялічыць пенсію. Зрэшты, ён спадабаецца не ўсім.
Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў у эфіры тэлеканала АНТ распавёў, якія бонусы атрымае работнік за адкладзены выхад на пенсію, паведамляе zviazda.by.
Кавалькоў распавёў, што цяпер заканадаўча прадугледжана магчымасць адмовіцца ад атрымання пенсіі на перыяд працы. У такім выпадку яе памер за кожныя два месяцы павялічваецца на 1% заробку, прынятага для вылічэння.
Намеснік міністра прывёў прыклад пенсійных выплат для мужчыны з 30 гадамі працоўнага стажу і сярэдняй па краіне заработнай платай. У стандартнай сітуацыі памер пенсіі складае Br368, а калі на 5 гадоў адмовіцца ад выплат — Br706. «Пенсія павялічыцца ў 1,9 разы, прыбаўка істотная, — адзначыў Валерый Кавалькоў. — У сярэднім мужчына атрымлівае пенсію 16 гадоў, а жанчына — 26 гадоў. Гэты пяцігадовы перыяд у агульным перыядзе атрымання пенсіі не такі значны», — лічыць намеснік міністра.
Між тым, паводле звестак Белстата, у Беларусі ў 2018 чаканая працягласць жыцця мужчын пры нараджэнні (69,2 года) была меншая на 10,2 года за чаканую працягласць жыцця жанчын пры нараджэнні (79,4 года). Прычым сярод сельскага насельніцтва краіны разрыў яшчэ большы: мужчыны — 65,8 года і жанчыны — 77,2 года.
Звяртае на сябе ўвагу і тое, што ў большасці краін свету працягласць жыцця мужчын даўжэйшая, чым у Беларусі, а разрыў паміж паказчыкамі працягласці жыцця мужчын і жанчын ніжэйшы. Так, паводле Аддзела народанасельніцтва Дэпартамента па эканамічных і сацыяльных пытаннях Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, па сярэдняй чаканай працягласці жыцця мужчын пры нараджэнні ў 2015–2020 гг. (69,3 года) Беларусь займае 118-е месца ў свеце.
У той жа час, па сярэдняй чаканай працягласці жыцця жанчын пры нараджэнні ў 2015–2020 гг. (79,34 гадоў) Беларусь займае 72-е месца ў свеце.
Да таго ж звяртае на сябе ўвагу высокая смяротнасць беларускіх мужчын (у тым ліку мужчын працаздольнага ўзросту і высокі працэнт самагубстваў (33 на 100 000 мужчынаў), прычым у сельскай мясцовасці ён таксама істотна вышэйшы (65,1 на 100 000 мужчынаў).