Рублёвая стратэгія незалежнасці
Ціску Крамля не касуюць ані заспакаяльныя
заявы кіраўніцтва Беларусі, ані прынятая Стратэгія павышэння
даверу да нацыянальнай валюты да 2035 года. Цешыць можа толькі тое, што
ўрадоўцы і нацбанкаўцы намагаюцца ўзмацняць гэты самы «адзін з галоўных атрыбутаў палітычнага
суверэнітэту краіны».
Урад Беларусі і Нацыянальны банк сумеснай пастановай зацвердзілі
Стратэгію павышэння даверу да нацыянальнай валюты да 2035 года.
Улічваючы трывогі апошняга часу з прычыны так званай глыбокай інтэграцыі
з Расіяй гэтая пастанова тычыцца не толькі манетарна-эканамічных
пытанняў, але выглядае таксама як дакумент з палітычнымі сэнсамі.
Тут наўпрост і адзначаецца, што «нацыянальная валюта — найважнейшы эканамічны інструмент і адзін з галоўных атрыбутаў палітычнага суверэнітэту краіны». Стратэгія скіравана «на фармаванне комплексу паслядоўных узаемазвязаных захадаў, якія паспрыяюць павышэнню даверу насельніцтва і арганізацыяў да нацыянальнай валюты». Мэсэдж ясны: трывалая нацвалюта — моцны суверэнітэт. Давер да беларускага рубля — умацаванне сярод грамадзян Беларусі каштоўнасцяў незалежнасці.
Разважанняў пра выгады пераходу на расійскі рубель пры моцным сваім павінна паменець нават сярод непатрыятычных абывацеляў. Можа гэты дакумент суняць і алармізм тых, хто стурбаваны пагрозамі незалежнасці. А менавіта адзінай саюзнай валюты з эмісійным цэнтрам у Маскве і прагне Крэмль.
Менавіта гэтым пытанням, а таксама наднацыянальным органам прысвечаная, па словах расійскага прэм’ер-міністра Дзмітрыя Мядзведзева, самая закрытая — апошняя 31-я — з інтэграцыйных дарожных картаў.
Старшыня ж Нацбанку Беларусі Павел Калаур заявіў, што размовы аб пераходзе на расійскі рубель або нейкую агульную валюту не маюць пад сабой глебы. Болей за тое — яны «вярэдзяць грамадскасць, фармуюць павышаныя інфляцыйныя і дэвальвацыйныя чаканні».
Лагічная выснова: нават уласна развагі пра пераход на расійскі рубель падрываюць давер да нашага беларускага. Зрэшты, ціску Крамля з непрагназаваным вынікам не касуюць ані заспакаяльныя заявы кіраўніцтва Беларусі, ані своечасова прынятая Стратэгія павышэння даверу да нацыянальнай валюты да 2035 года. Цешыць можа толькі тое, што ўрадоўцы і нацбанкаўцы намагаюцца ўзмацняць гэты самы «найважнейшы эканамічны інструмент і адзін з галоўных атрыбутаў палітычнага суверэнітэту краіны».
Пастка даларызацыі
Цяперашні ж узровень даверу да нацыянальнай валюты ў Стратэгіі канстатаваны як нізкі. Прычыны: «Значная даларызацыя зберажэнняў грашовых сродкаў і абавязацельстваў у эканоміцы, разлікі паміж рэзідэнтамі ў замежнай валюце на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, прывязка да замежнай валюты пры ўстанаўленні коштаў і тарыфаў, падатковых і арэндных плацяжоў», а таксама ўжо згаданае «захаванне высокіх інфляцыйных і дэвальвацыйных чаканняў».
Натуральна, цягам трох дзесяцігоддзяў праз шматлікія дэвальвацыі і дэнамінацыі давер да беларускага рубля толькі падаў. Паглядзім на апошнія дзесяць гадоў: у 2009 годзе беларускі рубель абясцэніўся да долара на 30%, у 2011 годзе — амаль утрая, у 2015-м — на 55%. Што — давер?! Як зазначаюць ва ўрадзе і Нацбанку, рубель «перастаў выконваць у поўнай меры функцыі грошай»!
Адбылася грунтоўная даларызацыя эканомікі і спажывецкай свядомасці. У 2016 годзе фінансавая даларызацыя дасягнула максімуму з пачатку ўвядзення нацыянальнай валюты. Адваротны працэс ідзе ўсяго толькі некалькі гадоў дзякуючы новым грашам з манетамі — дакладней, стабільнаму іх курсу датычна долара, еўра і расійскага рубля. Але і цяпер даларызацыя шырокай грашовай масы складае 60%. І хіба амаль усе беларусы па-ранейшаму без складанасцяў здзівяць тых самых расейцаў аператыўным міжвалютным канвертарам у сваіх галовах, стоячы каля цэннікаў.
Даларызацыя — гэта і страты, і вялікія рызыкі. Паводле падлікаў Нацбанку, штогод праз яе Беларусь губляе 2-3% ад ВУП. А Міжнародны валютны фонд заявіў, што сёння ў Беларусі адна з найбольш даларызаваных эканомік ва Усходняй Еўропе. Напрыклад, сярод рызыкаў даларызацыі МВФ назваў рызыку ліквіднасці: масавае выманне валютных укладаў можа стварыць ціск на валютныя рэзервы.
«Новы Час» вывучыў сумесны даклад МВФ і Нацбанку аб паказчыках даларызацыі ў Беларусі ў параўнанні з іншымі краінамі Еўропы. Даларызацыя дэпазітаў складае прыкладна 65%, такія высокія лічбы толькі ў Сербіі. Ва Украіне — 40%, у Расіі — менш за 30%, у Польшчы — 10%. Між тым, у 2009 годзе палова банкаўскіх укладаў фізасобаў у нашай краіне была ў замежнай валюце. Тады гаварылася «аж 50%», цяпер — «толькі 50%». Падобная сітуацыя з даларызацыяй крэдытаў — цяпер іх у замежнай валюце амаль 70%, а ў 2009-м было менш за 40%.
Умацаваць BYN
Якім жа чынам мусіць расці давер да нацыянальнай валюты паводле прынятай днямі адмысловай Стратэгіі?
Напрыклад, плануецца штогод зніжаць наш дзяржаўны доўг, які «пераважна сфармаваны валютнымі абавязальніцтвамі». «Пераважна» — гэта на 97%. У рэальным сектары эканомікі будуць рэалізаваныя захады па аздараўленні дзяржаўных арганізацыяў. Перадусім праз жорсткую фінансавую дысцыпліну датычна эканамічна неэфектыўных прадпрыемстваў. Іх папросту будуць выводзіць з рынка, то-бок, банкруціць, і перадаваць іх актывы больш плённым суб’ектам гаспадарання.
Мае пашырыцца сфера ўжытку беларускага рубля. Усе стаўкі падаткаў, арэнднай платы і тарыфаў дзяржаўных арганізацыяў будуць устаноўленыя ў нацыянальнай валюце, як і выплачвацца ў ёй стануць усе дапамогі і субсідыі. У правілы камунікацыі дзяржорганаў укараняць прынцып, паводле якога пры ацэнках аб’ёмаў грашовых сродкаў, звязаных з беларускай эканомікай, сумы павінны будуць указвацца ў сваіх родных грашах.
Забаўна заяўлена пра стрымліванне коштаў. Гэта не гарантуецца і нават не абяцаецца Нацбанкам і ўрадам. Яны папросту «прызнаюць, што ключавым унёскам грашова-крэдытнай палітыкі ў забеспячэнне ўстойлівага эканамічнага росту будзе з’яўляцца забеспячэнне цэнавай стабільнасці ў краіне».
Дэкларуюцца намаганні Савету міністраў і Нацбанку Беларусі дзеля «фармавання бізнес-асяроддзя, заснаванага на верхавенстве закона і правілах рынкавай канкурэнцыі»; «забеспячэння абароны прыватнай уласнасці і забеспячэння роўнасці ўсіх формаў уласнасці»; «укаранення прынцыпаў і паводзінных нормаў, угрунтаваных на адкрытасці і празрыстасці працэсаў прыняцця і рэалізацыі дзяржаўнай эканамічнай палітыкі».
І яшчэ раз што да эканамічнага супрацоўніцтва з Расіяй. Анансаваны разгляд пытання аб змяненнях у пагадненне паміж урадамі Беларусі і Расіі, якія б выключылі магчымасць разлікаў у замежнай валюце на тэрыторыі нашай краіны паміж рэзідэнтамі за прыродны газ.
Выніковай мэтай Стратэгіі, гэта значыць да 2035 года, пазначана набліжэнне долі нацыянальнай валюты ў шырокай грашовай масе да 80%. Дык хай бы словы стратэгаў з кола ўрадоўцаў і банкіраў ды Богу ў вушы! Будзе сумна, калі Стратэгія выкінецца ў сметніцу рукой Крамля ці чарговай унутрыбеларускай, цьху-цьху, дэвальвацыяй. Бо так хочацца давяраць нашаму рублю, так жа?