На курсавой розніцы «Спартак» губляе $ 100-150 тысяч у месяц

Страты ад курсавой розніцы і дэвальвацыі расійскага рубля для СП ААТ «Спартак» складаюць 100-150 тыс. долараў у месяц.



spartak.jpg

Пра гэта паведаміў БелаПАН 22 снежня ў Гомелі генеральны дырэктар прадпрыемства Алег Жыдкоў.
Паводле яго слоў, расійскі рынак «дастаткова складаны». Гэта звязана з праблемамі пры перамовах аб павышэнні коштаў. «Мы зыходзім з сваіх магчымасцяў, але разумеем, што даходзіць да верхняй планкі ў коштах нельга, таму што тавар побач з расійскімі аналагамі не будзе прадавацца. Сёння на расійскім рынку буйныя вытворцы фактычна выціскаюць дробных з гандлёвых аб'ектаў. Робяць гэта за кошт сваёй магчымасці зніжаць цэны. Яны становяцца на паліцы замест тых, каго пасунулі, а потым будзе рост коштаў на гэтую прадукцыю. Калі яны зараз займаюць 30-35%, праз месяц гэта будзе ўжо 60-65%. І ў іх будзе магчымасць падымаць кошты», — адзначыў Жыдкоў.
Сярод іншых складанасцяў — «плата за паліцу», якая выяўляецца ў аплаце маркетынгавых паслуг і ўсякага роду бонусаў.
Па словах кіраўніка прадпрыемства, доля расійскага рынку ў аб'ёме продажаў складае 16-17%. У бягучым годзе былі пастаўкі на новыя рынкі: Канада, Ізраіль, Туркменістан, Кыргызстан, Таджыкістан, Латвія. У наступным годзе плануецца асвойваць рынак Кітая. Жыдкоў таксама адзначыў, што прадпрыемства мяняе стратэгію працы на рынку ЗША.
«Сёння мы і іншыя беларускія вытворцы прадукцыі назіраем звужэнне амерыканскага рынка. Гэта звязана са старэннем нашых асноўных спажыўцоў — рускамоўнай дыяспары. Крамы для іх зачыняюцца плюс вялікая канкурэнцыя сярод пастаўшчыкоў прадукцыі ўнутры ў гэтыя крамы. Мы разам з амерыканскімі партнёрамі распрацоўваем новы дызайн для нашай прадукцыі, новы брэнд, які будзе адаптаваны пад патрэбы і менталітэт карэннага амерыканскага рынка», — паведаміў Жыдкоў. Паводле яго слоў, вядуцца перамовы з НХЛ аб выпуску ліцэнзійнай прадукцыі.
Паводле аператыўных даных, прадпрыемства за 11 месяцаў бягучага года паставіла на ўнутраны рынак 18,2 тыс. тон прадукцыі, на экспарт — 3,9 тыс. 
БелапАН