Бізнэсоўцы заклікалі прызнаць дэвальвацыю
Таксама яны прапанавалі распрацаваць сістэму мер па падтрымцы найбольш уразлівых груп насельніцтва і прыярытэтных сектараў эканомікі.
Пра гэта гаворыцца ў звароце бізнэс-звязаў Беларусі да віцэ-прэм’ера, старшыні рады па развіцці прадпрымальніцтва ў Беларусі Пятра Пракаповіча.
Дзелавыя колы выказаліся за рабочую нараду «з удзелам зацікаўленых для больш дэталёвага абмеркавання пытанняў».
Старшыня Мінскага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімір Карагін адзначыў, што сустрэча з Пятром Пракаповічам чакаецца пасля калядных святаў.
«Дэ-факта дэвальвацыя адбылася», — заявіў старшыня Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Аляксандр Швец, але інструментарый абраны няправільна.
Ён лічыць, што 30%-ны збор можна было абвясціць на 1-2 тыдні, каб збіць ажыятаж, бо ў выніку ў краіне паўстала множнасць курсаў, «што мы ўжо праходзілі».
«Цяпер спахапіліся і памянялі курс пакупкі для фізічных асобаў. Але не трэба гарадзіць агарод і лічыць насельніцтва дурней за тых, хто працуе ў Нацбанку. Яны прайшлі нямала крызісаў.
Чым хутчэй ўзаконім, што дэвальвацыя адбылася, тым лепш для бізнэсу. Гэта дазволіць адэкватна ацэньваць выдаткі», — сказаў парталу tut.by Швец.
Бізнэсоўцы лічаць, што прынятыя рашэнні «адмоўна паўплываюць на эканамічны рост суб’ектаў гаспадарання, прывядуць да вымываньня абаротнага капіталу, замарожвання
заробкаў, знізяць інвестактыўнасць бізнэсу, негатыўна паўплываюць на канкурэнтаздольнасць айчыннай прадукцыі па коштавым фактары як на знешнім, так і на ўнутраным рынках, прывядуць да росту
пратэрмінаванай дэбіторскай і крэдыторскай запазычанасці, павелічэння колькасці стратных арганізацый, парушаць рытмічнасць працы бізнэсу ў справе заключэння кантрактаў і выкананьня паставак на 2015
год».
У якасці экстраных мераў бізнэсоўцы прапануюць дазволіць суб’ектам гаспадарання сумы, звязаныя з вяртаннем 30%-га падатку, уключаць у затраты па вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі, або
адносіць да пазарэалізацыйных выдаткаў, што ўлічваюцца пры падаткаабкладанні. Акрамя таго, бізнэс просіць не распаўсюджваць падатак на пагашэнне валютных крэдытаў, дамовы па якіх заключаны да 20
снежня, а таксама на куплю валюты для пагашэння крэдытнай запазычанасці па таварных крэдытах, па якіх да 20 снежня атрымана прадукцыя.
На ўзроўні Нацбанка бізнэс просіць прызнаць сітуацыю з выплатай крэдытаў форс-мажорнай і дазволіць банкам перагледзець умовы і тэрміны вяртання валютных крэдытаў без штрафных санкцый.
На ўзроўні ўрада бізнэсоўцы просяць дазволіць павялічваць кошты да ўзроўню, які забяспечвае пакрыццё выдаткаў, то бок да нулявога ўзроўню рэнтабэльнасці.
Згодна з указам прэзідэнта, 30% -ны валютны падатак будзе выплачвацца да 1 лютага 2015 года.
svaboda.org