Лукашэнка ўжо ўсё нармалізаваў
Кіраўнік Беларусі сёння на спецыяльнай нарадзе заявіў аб нармалізацыі ў праблемных пытаннях эканомікі Беларусі.
«Час, у які мы праводзім гэтае пасяджэнне, не такі ўжо і драматычны. Больш за тое, можна казаць, што сітуацыя па ўсіх тых праблемных пытаннях, якія так востра стаялі яшчэ тыдзень таму,
складаецца нармальна».
Пры гэтым, як перадае БЕЛТА, Лукашэнка падкрэсліў, што апошнія рашэнні не вітаюцца некаторымі асобнымі групамі кіраўнікоў:
«Але мы разбярэмся з кіраўніцтвам бліжэйшым часам. Мабыць, там вельмі многія перасядзелі ў сваіх крэслах. Гэта лёгка выправіць».
Эканаміст Міхась Залескі кажа, што ён асабіста не разумее пра якія рашэнні гаворыць кіраўнік Беларусі:
«Што зроблена за гэты тыдзень? Прынятая толькі адна адміністрацыйная мера. І — усё. І яна напалохала людзей яшчэ болей.
Адказнай фінансавай палітыкі ў нас не было ўжо 20 гадоў. І, мабыць, не будзе яшчэ 20.
А што тычыцца магчымых кадравых зменаў, то я наагул не разумею крытэры, паводле якіх Лукашэнка расстаўляе кадры. Таму і каментаваць тут нічога не магу».
svaboda.org