Крывыя рашэнні на валютным рынку

Пасля рашэння ўвесці 30-працэнтны збор пры продажы валюты насельніцтву, рынак наяўных валют зрабіўся неліквідным. Для таго, каб яго рэанімаваць, Нацбанк рэкамендаваў беларускім банкам зрабіць курс пакупкі валюты вышэйшым, чым курс продажу. Пры гэтым продаж адбываецца па курсе, які на 30 працэнтаў вышэйшы за выдрукаваны на табло.



czaly1.jpg

Банкі набываюць долары па курсе 13770–13800 беларускіх рублёў, за еўра даюць каля 16900 рублёў. Курс для продажу не змяніўся ў параўнанні з папярэднімі днямі: 11145 рублёў за долар і 13665 рублёў за еўра, аднак пры набыцці валюты дадаткова трэба заплаціць 30 % збор ад сумы.

Ці дапаможа такі захад вярнуць валюту ў абменнікі, у інтэрвію Свабодзе разважае эканаміст Сяргей Чалы:
«Вядома, гэта чарговая мыліца. Задача гэтых крывых рашэнняў, якія былі зробленыя цягам апошніх дзён, — працягваць рабіць выгляд, што афіцыйны курс не змяніўся, ствараць ілюзію адсутнасці дэвальвацыі. Прыняўшы няўдалае рашэнне, улады спрабуюць выпраўляць яго негатыўныя пабочныя эфекты. Зразумела, што калі ўвялі 30-працэнтны збор з фізічных асобаў, валютны рынак стаў неліквідным. Таму што 30 працэнтаў розніцы паміж курсамі пакупкі і продажу азначаюць, што карыстацца афіцыйным рынкам няма ніякага сэнсу».
Паводле Сяргея Чалага, новая схема, пры якой розніца паміж курсам пакупкі і продажу складае 5 працэнтаў, можа працаваць толькі ў тым выпадку, калі банкі не будуць набываюць валюту на біржы.
«Калі банкі будуць набываць валюту на біржы, яны будуць плаціць 30-працэнтны падатак, які пойдзе ў бюджэт дзяржавы. Гэта прынясе банкам вялікія страты. Ім застаецца набываць валюту ў насельніцтва. Таму што ў такім выпадку 30-працэнтны збор, які плацяць пры пакупцы, застаецца ў банку. Кажучы іншымі словамі, рынак будзе працаваць прыкладна так, як вясной 2011 году — у рэжыме нулявога сальда: колькі насельніцтва здае, столькі ў абменніках і прадаецца. Цяпер у абменніках пакуль няма валюты з той прычыны, што людзі яе не прынеслі ў банкі», — кажа Сяргей Чалы.
Ці панясуць людзі валюту ў абменнікі па новым курсе 13800 за долар і 16800 за еўра, залежыць ад курсу на «чорным» рынку, лічыць Сяргей Чалы:
«Усё залежыць ад таго, ці палічаць людзі, што „чорны“ курс прыкладна адпавядае афіцыйнаму плюс 30 працэнтаў. Калі ж людзі будуць лічыць, што на самай справе валюта каштуе даражэй, то будзе сітуацыя траўня 2011 году — калі шматступеньчатая дэвальвацыя была зробленая, але недастаткова для таго, каб дасягнуць курсу „чорнага“ рынку».
На думку эканаміста, ніякія адміністрацыйныя рашэнні не рэанімуюць прыбіты 30-працэнтным разыходжаннем курсаў рынак наяўнай валюты:
«Зараз гэта нават рынкам цяжка назваць, бо на сапраўдным рынку ваганні курса вызначаюцца рынкавым спосабам, а не адміністрацыйнымі рашэннямі. Трэба ўлічваць, што адміністрацыйныя абмежаванні заўсёды вельмі шкодныя, яны заўсёды нясуць дадатковыя страты для эканомікі і яе суб’ектаў. Шлях адміністрацыйных абмежаванняў можа быць якім заўгодна доўгім, да тых часоў, пакуль мы не дойдзем да абсалютнага маразму, як гэта было ў 2011 годзе, калі ўжо ніякі рынак не працаваў, і гучалі прапановы выдаваць валюту насельніцтву па заявах, калі каму трэба паехаць на пахаванне сваяка за мяжу. Цяпер да такога яшчэ дастаткова далёка, але логіка адміністрацыйных абмежаванняў заўсёды такая: рашэнне, якое не вырашае праблему ў прынцыпе, цягне за сабой наступствы, якія толькі пагаршаюць сітуацыю. Каб прыбраць наступствы, неабходныя чарговыя адміністрацыйныя захады».
Сяргей Чалы выказаў меркаванне, што недахоп валюты і вялікая розніца паміж афіцыйным і «чорным» курсам можа працягвацца, як і ў 2011 годзе, каля 6-7 месяцаў. Пераломным момантам, які прымусіць уладаў «адпусціць» курс і збалансаваць яго ў адпаведнасці з рынкавымі законамі, будзе недахоп валюты на крытычны імпарт, у тым ліку на медыкаменты, і на аплату замежных энэрганосьбітаў.
Спадар Чалы мяркуе, што як у 2011 годзе, такая сытуацыя працягнецца каля паўгоду.
svaboda.org