Нацбанк сцвярджае, што ў жніўні ўсё патаннела. Вы гэта адчуваеце?

Паводле звестак, якія прыводзіць Нацбанк, у жніўні больш за палову тавараў у спажывецкім кошыку беларуса знізіліся ў кошце адносна жніўня мінулага года. Месяцам раней тавараў, якія патаннелі, нібыта было 46%, а, для параўнання, у студзені — усяго 8,4%.

_belarus_minsk_zyccjo_ekanomika_handal_ljudzi_fota_novy_czas__1__logo.jpg

Сітуацыя з коштамі, калі верыць дзяржорганам, выглядае сапраўды прыгожа, але ўжо нават чыноўнікі адзначаюць, што інфляцыйны навес становіцца з кожным месяцам усё цяжэйшым. З ліпеня на гэта намякаюць два моманты. Па-першае, паскорыўся рост коштаў на паслугі, якія традыцыйна мацней схільныя да дзяржрэгулявання. А па-другое, мы назіраем рост коштаў на гародніну, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».

Па даных свежага агляду статыстыкі, у ліпені цэны на плодаагароднінную прадукцыю аказаліся на 11,6% вышэйшымі чым у мінулым годзе. Такім чынам рост коштаў цяпер хутчэйшы, чым у канцы лета 2021 або 2022 года.

Вельмі рухомыя цэны на плодаагароднінную прадукцыю ў апошнія два гады сталі вынікам цэнавага хаосу 2022 года, рознай ураджайнасці і тэрмінаў уборачнай. Цяпер сезонныя кошты, відавочна, пачалі расці.

Цікава, што сама па сабе гародніна цяпер яшчэ на 3% таннейшая за леташнюю, а кансерваваная — і зусім на 7%. Але і тут ёсць выключэнні. Так, морква дадала ў кошце 23%, агуркі 60%, капуста і зусім падаражэла амаль удвая. Пры гэтым моцна вырасла ў цане садавіна, якія ўжо на 20% даражэйшая, чым у жніўні 2022 года. Яблыкі падаражэлі на 13%, вінаград на 40%, а грушы і зусім на 59%. Уся гэта разнастайнасць у сукупнасці і прынесла 11,6% росту ў гадавым выражэнні.

Якраз варта задумацца аб мэтазгоднасці хатняга кансервавання.

Акрамя паловы тавараў беларускага спажывецкага кошыка, якія за год патаннелі, яшчэ каля чвэрці падаражэлі не больш, чым на 5%. Пры гэтым 11% тавараў падаражэлі на 5-10% і, нарэшце, 12,6% тавараў прыраслі ў кошце больш чым на 10%.

Многія рынкавыя фактары сведчаць на карысць таго, што сітуацыя будзе мяняцца ў адваротны бок: шырокая грашовая маса хутка павялічваецца, даходы насельніцтва працягнулі рост, пераграваючы эканоміку, рубель слабее, а стрымліваць цэны адміністрацыйна становіцца ўсё цяжэй.

Глядзіце таксама