Што стала з коштамі на нерухомасць? Падзенне па ўсіх напрамках

Як за 10 гадоў змяніліся цэны на нерухомасць у Мінску. «Наша Ніва» параўноўвае лічбы і паказвае, што прынесла найбольшую выгаду.

Мінскія новабудоўлі

Мінскія новабудоўлі

Цэны на кватэры

Сярэдні кошт «квадрата» ў Мінску станам на верасень бягучага года складае 1365 даляраў ЗША. Такія даныя прыводзіць аналітыка realt.by.

Дзесяць гадоў таму, перад першым нападам Расіі на Украіну, 15 верасня 2013 года, сярэдні кошт метра ў сталіцы знаходзіўся на ўзроўні $1831. Гэта паказчыкі былі блізкія да пікавых. Калі казаць пра «дзясятыя» ў цэлым, то пік цэн на нерухомасць прыйшоўся на першую палову кастрычніка 2013 года, калі квадрат у сталіцы ў сярэднім даходзіў да $1841. Абсалютны рэкорд па цэнах на нерухомасць прыйшоўся на восень 2007 года, калі сярэдні кошт «квадрата» ў Мінску пераваліў за 2 тысячы даляраў і складаў 2011 $/м².

infographic1_iyut1.jpg.jpg

Агулам за апошнія 10 гадоў кошт «квадрату» ў сталіцы знізіўся на 25,5%.

Сярэднія цэны на сталічныя кватэры ў залежнасці ад колькасці пакояў цяпер выглядаюць так:

Аднапакаёвыя — $54 300

Двухпакаёвыя — $65 400

Трохпакаёвыя — $85 100

Чатырохпакаёвыя — $99 700 

Дзесяць гадоў таму парадак цэн быў зусім іншы:

Аднапакаёвыя — $70 000

Двухпакаёвыя — $98 600

Трохпакаёвыя — $135 000

Чатырохпакаёвыя — $166 700

Такім чынам, за 10 гадоў аднапакаёўкі згубілі ў цане каля 22,5%. Двухпакаёўкі — 33%, трохпакаёўкі — 37%, а чатырохпакаёвыя кватэры ў сярэднім згубілі 40% ад цаны 2013 года. 

Арэнда кватэр у Мінску

Стаўкі на арэнду жытла ў Мінску 10 гадоў таму таксама былі вышэйшымі за цяперашнія.

infographic22_khsh6.jpg.jpg

Сярэдні кошт арэнды аднапакаёвай кватэры ў маі 2013 года складаў $340, двухпакаёвай — $400, трохпакаёвай — $500.

Праз 10 гадоў сярэднія стаўкі па арэндзе выглядаюць так: 

1-пакаёвыя — $266, 2-пакаёвыя — $337, 3-пакаёвыя — $ 456.

Камерцыйная нерухомасць

Дзесяць гадоў таму пікавымі былі не толькі цэны на жылую нерухомасць, але і на камерцыйную.

infographic3_8bh0z.jpg.jpg

Так, летам 2013 года, сярэдняя цана на квадрат офісаў В-класа ў Мінску была на ўзроўні 2430 $/м². Офісы класа С у сярэднім прадаваліся па $1866 за квадрат. У офісах, якія толькі будаваліся, цэны былі па 2146 і 1833 $/м² адпаведна.

Ужо праз 10 гадоў кошт «метра» ў офісах В-класа складае $1451, а ў памяшканнях класа С — $1148.

Такім чынам, «офісны квадрат» у сталіцы за 10 гадоў згубіў у сярэднім каля 40% ад кошту ў 2013, што супастаўна са зніжэннем цэн на чатырохпакаёвыя кватэры.

У пытаннях арэнды ў 2013 годзе мы дайшлі да таго, што па цане арэнды офісных памяшканняў квартал у цэнтры Мінска ўвайшоў у трыццатку самых дарагіх у свеце.

Сярэдні кошт арэнды 1м² з ПДВ у 2013 годзе ў сталіцы выглядаў так.

Офісы А класу — 41€/м², В+ — 22€/м², В — 21.1€/м² С — 16,9€/м².

А вось так сярэднія стаўкі выглядаюць сёлета:

Офісы А класу — 19,5€/м², В+ — 12,4€/м², В — 9,2€/м², С — 7,2€/м².

Арэндныя стаўкі за гэты час знізіліся прыблізна ў 2 разы.