Налета вырастуць падаткі для ІТ, прадпрымальнікаў, рамеснікаў

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 18 снежня адразу ў двух чытаннях прынялі законапраект «Пра змяненне Падатковага кодэксу Рэспублікі Беларусь». «Радыё Свабода» паглядзела, што зменіцца.

nal_1_1.jpg

Якія падаткі вырастуць

  • Падатак на прыбытак аператараў мабільнай сувязі — да 30% (было 18%).
  • Падаходны падатак рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогій — да 13% (было 9%).
  • Адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў у Мінску дазволілі павялічваць у 4 разы, у абласцях — у 2 разы (раней мясцовыя ўлады мелі права стаўкі змяншаць).
  • Акцызы на цыгарэты — на 15%
  • Плата за рамесніцтва і агратурызм — 2 базавыя (была 1) — да 54 рублёў.

  • Арэнда і зямельны падатак з гандлёвых цэнтраў — 1,5% (было 0,7%).

Уводзяць плату за перасячэнне мяжы на аўтамабілі.
Транспартны падатак будуць спаганяць без прывязкі да тэхагляду.
Стаўкі падаткаў таксама індэксуюць з папраўкай на інфляцыю.
Таксама законам прадугледжваецца павышэнне падаткаў для фізічных асобаў і ІП. За рэпетытарства ў Мінску плануюць падняць плату да 40 рублёў (цяпер 36 рублёў), у абласных гарадах да 35 рублёў (цяпер гэты збор, напрыклад, у Мінскім раёне — 27 рублёў). Адзіны падатак за распрацоўку сайтаў плануюць падняць да 116 рублёў (цяпер 97 рублёў).
Пасля падняцця акцызаў да 15% сур’ёзна могуць падаражаць цыгарэты і алкаголь. У бюджэце на 2021 год плануецца атрымаць 19,5 мільярда даходаў ад падаткаў. У бюджэце на 2020 год даход ад падаткаў быў большы — 19,8 мільярда.

«Для бізнесу важная прадказальнасць, а ў Беларусі з гэтым праблемы»

У Беларусі ўвесь час мяняюцца ўмовы для бізнесу, што для бізнесу вельмі істотна. На гэта звяртае ўвагу дырэктар даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.
«У развітых краінах падаткі вышэйшыя, але там прадказальная сітуацыя: выконваюцца законы, інвестары абароненыя. У нас увесь час мяняецца заканадаўства, цяпер вось мяняецца падатковае. Гэта стварае дадатковыя складнікі непрадказальнасці, не спрыяе таму, каб бізнес трымаўся за Беларусь. Улады паказваюць, што сёння яны паабяцалі адно, а заўтра перадумалі», — кажа Аляксандр Чубрык.
Павышэнне падаткаў, на думку эксперта, можа дапамагчы атрымаць дадатковыя паступленні ў бюджэт. Але гэта можа спрацаваць «толькі ў кароткай перспектыве».
«У доўгатэрміновай перспектыве гэта можа даць адваротны эфект. Калі айцішнікам зменяць умовы і для іх будзе агульны падаткавы рэжым, гэта прыцісне сферу на пэўны час. Бізнес можа пайсці ў цень, можа з'ехаць з краіны», — гаворыць эканаміст.

«Гэта пакаранне для сярэдняга класа ад уладаў»

Павышэнне падаткаў не ўратуе эканоміку, мяркуе кіраўнік цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук. На яго думку, такі крок выглядае пакараннем для незадаволеных.
«У сітуацыі, калі бізнесу не хапае абароту, дзірка ў бюджэце, у паловы беларусаў няма ніякіх ашчаджэнняў, — і тут падвышэнне падаткаў, гэта выглядае як палітычна-карная мера. Пакараць сярэдні клас за рэвалюцыю. Беларуская ўлада ўсё робіць, каб знішчыць сярэдні клас. Будуць з'язджаць людзі, будуць пакідаць актывы, але ўладзе гэта не баліць, яны за гэта грошай не плацяць», — кажа Яраслаў Раманчук.
Павышэнне падатку прывядзе таксама да пагаршэння стану эканомікі, лічыць ён.
«Апошнія 5 гадоў бізнес кажа пра цяжар падаткаў, а ўрад яшчэ павышае іх», — дадае Яраслаў Раманчук.

«Іншыя краіны змяншаюць цяжар для бізнесу»

Падчас пандэміі многія краіны выдзелілі сродкі, каб падтрымаць бізнес у цяжкіх умовах. Нават у Кітаі падаткі пачалі змяншаць, прыводзіць прыклад Яраслаў Раманчук. У многіх краінах на фоне пандэміі ўводзілі падатковыя вакацыі. У Беларусі такіх захадаў не было.
Ён не выключае, што ўлада павысіць налета і іншыя падаткі.