Пакупніцкая здольнасць беларускага экспарту працягвае падаць
У студзені—жніўні 2016 года для Беларусі склаліся неспрыяльныя цэнавыя ўмовы знешняга гандлю: зніжэнне адпаведнага індэкса склала 8,2%, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. Такая тэндэнцыя назіралася і летась.
Пакупніцкая здольнасць экспарту ў параўнанні са студзенем—жніўнем 2015 года зменшылася на 7,9%. Памяншэнне вартаснага аб'ёму экспарту ў студзені—жніўні 2016 года абумоўлена падзеннем сярэдніх цэн экспартуемых тавараў, імпарту — сярэдніх цэн і фізічных аб'ёмаў імпартуемых тавараў. У параўнанні са студзенем—жніўнем 2015 года сярэднія цэны экспарту знізіліся на 17,4%, імпарту — на 10%. Таварная маса экспарту павялічылася на 0,3%, імпарту — зменшылася на 3,4%.
Разам з тым зафіксавана павелічэнне фізічных аб'ёмаў экспарту інвестыцыйных тавараў на 17% пры зніжэнні цэн на 6,5%. Экспарт прамежкавых тавараў скараціўся на 3,9%, энергетычных — на 9,7%. Экспарт іншых прамежкавых тавараў паменшыўся на 0,5%.
Зніжэнне сярэдніх цэн экспарту назіралася ў групе прамежкавых тавараў на 20,9%, у тым ліку энергетычных — на 30,8%. Экспартныя цэны на спажывецкія тавары зменшыліся на 9%, у той час як аб'ём экспарту вырас на 8,8%. Зніжэнне цэн зафіксавана ў тым ліку на харчовыя тавары на 10% пры росце экспарту на 1,2%. На нехарчовыя тавары цэны зменшыліся на 6,9%, а экспарт вырас на 23,4%.
У ліпені ўрадам зацверджана праграма падтрымкі і развіцця экспарту на 2016—2020 гады, распрацаваны план падтрымкі айчынных экспарцёраў. Асаблівая ўвага ў дакуменце нададзена дыверсіфікацыі экспарту.
Прадугледжана працягнуць перамовы па ўступленні краіны ў СГА, правесці лібералізацыю заканадаўства, якое рэгулюе парадак ажыццяўлення і кантролю знешнегандлёвых аперацый. Мяркуецца таксама ўкараніць механізм аднаго акна ў адміністраванні знешняга гандлю, скараціць колькасць дакументаў, неабходных для афармлення знешнегандлёвых здзелак.
Марына Носава, БелаПАН.