Пасля крызісу
Два гады таму, у пятніцу пасля Дня Падзякі, мы з галоўным рэдактарам «НЧ» наведалі аддзяленне буйнога амерыканскага банка ў горадзе Хьюстан. Манітор у холе быў адладжаны на трансляцыю канала CNBC, па якім 24 гадзіны запар падаюцца фінансавыя навіны. Пакуль супрацоўнікі банка працавалі з маім рахункам, я сачыў за экранам. Тыя кадры засталіся ў маёй памяці як найбольш жудасныя хвіліны крызісу.
Два гады таму, у пятніцу пасля Дня Падзякі, мы з галоўным рэдактарам «НЧ» наведалі аддзяленне буйнога амерыканскага банка ў горадзе Хьюстан. Манітор у холе быў адладжаны
на трансляцыю канала CNBC, па якім 24 гадзіны запар падаюцца фінансавыя навіны. Пакуль супрацоўнікі банка працавалі з маім рахункам, я сачыў за экранам. Тыя кадры засталіся ў маёй памяці як найбольш
жудасныя хвіліны крызісу.
Лістапад 2008 года не быў пачаткам абвалу. Ён распачаўся з банкруцтва банка «Леман Бразэрс» (Lehman Brothers) у верасні. Выкліканая крызісам хваля панікі імкліва
ўзрастала. Ужо былі выдаткаваны мільярды долараў на выратаванне фінансавага холдынгу AIG. Ужо Кангрэс ЗША прыняў так званы TARP — 700-мільярдны пакет дзяржаўнага інвеставання капіталу ў
буйныя банкі краіны. Але менавіта тады, у лістападзе, крызіс дасягнуў той стадыі, калі можна было ўявіць сабе ўвесь жах будучыні, што ўжо зусім рэальна паўставала перад сусветам.
Апакаліпсіс учора
Навіной таго моманту быў «Сіцібанк» (карпарацыі Citigroup Inc.), ці не адзіны сапраўды сусветны банк, вядомы жыхарам кожнай краіны, і якому належаць лаўры аднаго з ініцыятараў
крызісу ад самага пачатку. Жах сітуацыі з канца 2008 года быў у тым, што нават мільярдаў з праграмы TARP «Сіцібанку» не хапіла. Чарговы тыдзень прыносіў новыя праблемы, і кожная з
іх, як па ланцугу, вяла да новых і новых выбухаў. І вось ланцуг падабраўся да ядзернага запасу.
Рабілася зразумела, што маштаб праблемаў «Сіцібанка» быў большым за «Леман Бразэрс» і нават AIG. У адрозненне ад апошніх, крызіс «Сіцібанка»
пагражаў ужо стратай грошай не прафесійных фінансістаў, а мільёнаў звычайных людзей. Калі б усе яны кінуліся за сваімі грашыма — так званы «набег на банк» —
крызіс, якім мы ведалі яго на папярэдняй стадыі, падаўся б нам дзіцячай гульнёй. Сучасныя банкі зрэдку маюць свабоднымі больш за 10 працэнтаў ад дэпазітаў насельніцтва. І калі кліенты
«Сіцібанка» забяруць са сваіх рахункаў нават 50 працэнтаў, а затым паніка перакінецца на іншыя буйныя банкі, то ніводзін урад свету, ніякага памеру TARP, не будуць мець рэсурсаў,
каб спыніць лавіну.
Гэты сцэнар азначаў бы сапраўдны апакаліпсіс. Калі лопаецца адразу ўся фінансавая сістэма, адбываецца эканамічны варыянт ядзернай зімы. Прадпрыемствы не могуць фінансаваць нават штодзённыя разлікі,
знікаюць усе вытокі капіталу, падае попыт, закрываюцца цэлыя індустрыі. І могуць прайсці гады, пакуль новы эканамічны клімат узнікне на месцы попелу. Менавіта гэты сцэнар адбыўся ў 1929 годзе, з яго
беспрацоўем да 25 працэнтаў і скарачэннем эканомікі на 47 працэнтаў. Палітычныя наступствы Вялікай дэпрэсіі добра вядомыя.
Гэтую небяспеку разумелі ва ўрадзе, і таму прынялі вельмі рашучыя меры. Банк Федэральнага рэзерву купіў тады ў «Сіцібанка» ўсе «таксічныя» актывы, застрахаваў ад
страт іншыя і наўпрост інвеставаў у «Сіцібанк» столькі, што фактычна нацыяналізаваў яго. Іншыя праблемныя банкі былі амаль гвалтоўна прададзены мацнейшым канкурэнтам. Банк
«ВаМу», штат Вашынгтон — Washington Mutual (WaMu) — апынуўся ў руках «Чэйз Банка» (The Chase Manhattan Bank N. A.), «Ваковія»
(Wachovia Corp.) — у банка «Уэлс Фарга» (Wells Fargo & Co.) з Сан-Францыска.
Урэшце, Федэральны рэзерв пайшоў на зусім беспрэцэдэнтны крок і запампаваў у банкаўскую сістэму больш за трыльён долараў праз набыццё аблігацый урада ЗША на простым рынку, каб заахвоціць банкі
выдаваць крэдыт і набываць больш рызыкоўныя паперы, і гэтым стымуляваць эканоміку. Міжбанкаўскі крэдыт таксама часова гарантаваўся Федэральным рэзервам. Урады Брытаніі і краін ЕС прынялі адпаведныя
меры.
Фармаванню гэтай палітыкі спрыяў той факт, што старшыня Федэральнай сістэмы, прафесар эканомікі Бен Бернанке, сур'ёзна вывучаў Вялікую дэпрэсію, па тэме якой нават абараніў доктарскую дысертацыю. Яго
тэзіс — дэпрэсія была вынікам памылак цэнтральных банкаў, якія знаходзіліся ў палоне ідэалогіі класічнага капіталізму, і таму не здолелі зразумець, што ў час банкаўскай панікі няма
забароненых метадаў выратавання. Абавязак Цэнтральнага банка ў час крызісу, пісаў Бернанке, — прадухіліць фінансавы набег на банкі ўсімі сродкамі — нават калі «спатрэбіцца
скідваць грошы з гелікоптэраў».
Хіба толькі гэтай мерай і не скарысталіся ўрады заходніх краін цягам шасці самых гарачых месяцаў крызісу. У выніку ім хапіла крэдыту даверу, і свет амаль у апошні момант пазбег катастрофы —
новай Вялікай дэпрэсіі.
Вядома, быў пэўны эканамічны спад — каля 3 працэнтаў — у ЗША і Паўночнай Еўропе, больш — у краінах еўрапейскай перыферыі, асабліва тых, якія моцна залежалі ад знешняга
крэдыту, як Венгрыя, Латвія, а таксама сярод тых, дзе значна патаннела нафта (у Расіі). Прыкметна ўзрасло беспрацоўе. Але сапраўднай катастрофы — якая, калі верыць БТ, нібыта ахінула ўвесь,
акрамя Беларусі, свет — на самай справе не адбылося.
Больш таго, амаль нечакана сітуацыя стабілізавалася, і эканамічны рост, хаця і недастатковы для павялічэння працоўных месцаў, вярнуўся ў пазітыўную стадыю ў большасці краін. Зноў адкрыліся рынкі, і
па шмат якіх паказальніках выйшлі амаль на дакрызісны ўзровень.
Нудысты ў час адліву
Аднак той вельмі пазітыўны факт, што апакаліпсісу не адбылося, не азначае, што жыццё проста вярнулася ў перадкрызісны лад. Наадварот, 15 верасня, дзень банкруцтва банка «Леман
Бразэрс», бачыцца адным з тых, якія падвялі выразную рысу пад канцом эпохі. У нашым выпадку — эпохі аптымізму, лібералізму і дэмакратычнага прагрэсу, якая пачалася амаль дваццаць
гадоў таму—пасля завяршэння «халоднай вайны». Найбольш выразныя адметныя рысы новай эпохі ўжо праглядаюцца.
Знакаміты амерыканскі інвестар Уорэн Бафет — даўні крытык эканамічнага буму — калісьці сказаў, што «толькі падчас адліву становіцца бачна, хто плаваў голым». Больш
за дзесяць гадоў прыліў таннага крэдыту і няспынна даражэючай нерухомасці хаваў той факт, што цэлыя плыні эканомікі ЗША і еўразоны, кожная парознаму, плавалі аголенымі.
У ЗША жыццё па-за бюджэтам сканцэнтравалася найперш у спажывецкім сектары. За трыццаць апошніх гадоў рэальны заробак сярэдняга амерыканца амаль не змяніўся, а шмат у каго — асабліва ў
працоўных без універсітэцкай адукацыі — заўважна знізіўся. Мільёны амерыканцаў, што раней маглі добра зарабляць цяжкай, але адносна нескладанай працай на канвееры ці тэкстыльным камбінаце,
воляй глабалізацыі і тэхналогій выпалі з сярэдняга ў ніжэйшы клас. Але, як сказаў амерыканскі комік: «Гэта Амерыка — тое, што спыняецца рост заробкаў, не азначае, што спыняецца
жыццё».
Жыццё працягнулася ў крэдыт. Зараз на сярэднюю амерыканскую сям'ю прыходзіцца 18000 долараў крэдыту, амаль напалову больш, чым у 1998 годзе, і гэта без уліку пазыкі на нерухомасць. Дзяржава таксама
запазычыла — на дзве вайны і на палітычна папулярныя зніжкі ставак падаткаў.
І вось — адліў. Структурныя праблемы, выкліканыя канцом індустрыяльнай эканомікі ЗША, стратай канкурэнтаздольнасці вытворчасці, адлівам працы за мяжу і кепскім станам адукацыі, былі ўпершыню
зарэгістраваны яшчэ напрыканцы 1980-х, але шмат гадоў хаваліся за нечаканым бумам пасля «халоднай вайны». Зараз яны выйшлі на паверхню, і крызіс сярэдняга класу, няўпэўненасць перад
глабалізацыяй і раздрабленне грамадства на адукаваны і неадукаваны класы гучна ўварваліся ў палітычнае жыццё краіны на восеньскіх выбарах у Кангрэс.
Еўропа таксама атрымала свой адліў, хаця ён мае форму больш дзяржаўную, але сутнасць тая ж больш за дзесяць гадоў праект Еўропы фінансаваўся прылівам крэдыту. У час адліву стала бачна, што цудоўнае
аднаўленне Поўдня Еўропы (і Ірландыі на Поўначы) — візітоўка пераўтвараючай моцы ЕС — фінансавалася прыкладна тым жа чынам, што і амерыканская спажывецкая хваля. У Грэцыі і
Партугаліі — наўпрост праз дзяржаўныя запазычанні, у Іспаніі і Ірландыі — праз прыватны крэдыт.
Амаль уся Еўропа, акрамя Германіі і былых сацыялістычных краін, таксама страціла канкурэнтаздольнасць, вымушаная ўтрымліваць высокабюджэтныя сацыяльныя сістэмы, пазбаўленая магчымасці дэвальвацыі
еўра. І вось — у хвалях адліву амаль захлынуліся некалькі ўрадаў, уводзяцца цяжкія скарачэнні бюджэтаў, на вуліцах хвалі пратэсту. Пытанне навісла нават над самім еўра — бо немцы (і
нават славакі) не хочуць плаціць за грэкаў, а грэкі крыўдуюць на «нямецкую фінансавую акупацыю». У ЗША «палітыка крыўды» на глабалізацыю, якую заўважыў яшчэ
напачатку 1990-х гадоў нямецкі даследчык Ханс Бетц, выйшла на паверхню і вынесла ва ўладу сур'ёзную колькасць скрайне правых палітыкаў.
Новыя хлопцы раёна
Тушэнне крызіснага пажару абышлося дорага. Усе заходнія ўрады выйшлі з крызісу з бюджэтамі, падобнымі на тыя, што маюць рынкавыя краіны пасля вялікай вайны. Запазычанні больш за 80 працэнтаў ВУП і
дэфіцыты бюджэту зрабіліся нормай. У Еўропе з імі спрабуюць змагацца праз скарачэнне заробкаў і колькасці бюджэтнікаў. У ЗША, дзе як зніжэнне выдаткаў, так і падвышэнне падаткаў застаюцца палітычным
самагубствам, пануе клімат партыйнай вайны. Але ўсяму заходняму свету не пазбегнуць балючага выбару паміж унутранымі праграмамі, знешнепалітычнымі амбіцыямі і шляхам развіцця.
Між тым, толькі нядаўна так званыя «ўзнікаючыя» краіны за час крызісу «ўзніклі» з усёй відавочнасцю і сталі паўнавартаснымі сябрамі Вялікай дваццаткі. У Азіі
крызіс быў быццам незаўважаны. Краіны, што прайшлі праз эканамічнае пекла ў 1998 годзе, былі добра падрыхтаваныя праз дзесяць гадоў, між тым іх колішнія настаўнікі з Захаду не выканалі ніводнай са
сваіх уласных рэкамендацый.
У хворыя заходнія банкі ў 2008 годзе ўліліся мільярды з Сінгапура, Кітая, і Персідскага Заліва. Азіяцкія гіганты, а з імі Бразілія, не страцілі амаль ні працэнта хуткаснага развіцця. Ужо не толькі
простая вытворчасць, але і навукаёмістыя індустрыі і нават сэрвісы перацякаюць з Захаду ў Індыю і Кітай. З эканамічнай вагой узрастае і палітычная, і вось ужо на лекцыю з Вашынгтону пра неабходнасць
дэвальваваць юаня Пекін адказвае—як роўны—лекцыяй пра штучнае друкаванне грошай Федэральным рэзервам.
У Беларусі — наадварот
Як заўжды, у Беларусі — наадварот. Калі, здавалася, увесь свет рухаўся да дэмакратыі і рынку, з Беларусі ішлі супрацьлеглыя навіны. Зараз, калі Захад застаўся сам-насам з праблемамі пасля
адліву, Беларусь раптам пацягнула ў заходнім напрамку, а найвялікшы аматар дзяржаўнай мадэлі сацыяльнага рынку ганарыцца месцам у чацвёрцы лібералізатараў эканомікі. І калі адзін з самых ліберальных
урадаў — канадскі — забараніў прадаваць «Поташ Корп», буйнейшае калійнае прадпрыемства, прычым не каму-небудзь, а братэрскім англічанам, ахоўнікі стратэгічнага
багацця Беларусі сур'ёзна загаварылі пра продаж «Беларуськалія».
Так атрымалася таму, што крызіс, які спачатку выклікаў меншы эканамічны спад, чым, напрыклад, у Латвіі, на самай справе карэнным чынам змяніў эканамічны фундамент беларускага палітычнага ладу.
Крызіс падштурхнуў Расію, якая сама апынулася ахвярай, перагледзець дывідэнд на 100 мільярдаў укладзеных у падмацаванне беларускага эканамічнага цуду. І калі не спыніць яго цалкам, то істотна
ўрэзаць. Прыкладна тады ж скончыліся крэдыты з лонданскіх банкаў.
Наступствамі крызісу экспарт з Беларусі ў Расію абваліўся на 40 працэнтаў, а тое, што ВУП Беларусі не скараціўся настолькі ж, тлумачыцца выключна нечаканай дапамогай МВФ. І хаця дзякуючы гэтай
дапамозе «Беларусь Інкарпарэйтэд» таксама ўратаваліся ад катастрофы, «цуд» відавочна скончыўся, і цяпер усім стала зразумела, хто купаўся голым у Нарачы. Яны зараз
чакаюць прыліву і плануюць часткова прадаваць і возера, і нетры, і фамільнае срэбра — хоць на Захад, хоць на Усход — хто больш заплаціць. Так, наступствамі крызісу, нават Сінявокая
зрабілася звычайнай краінай і разам з усім светам уступае ў новую эру глабальнага развіцця.
Сяргей КАРОЛЬ, фінансавы дырэктар MetLife Ink.