Пракаповіча — на «Шоў экстрасэнсаў»

Хутка нам у чарговы раз распавядуць, як нам будзе жыць лепш і весялей. У Беларусі створана рабочая група для падрыхтоўкі праекта асноўных напрамкаў бюджэтна-фінансавай і падатковай палітыкі на 2015 год, сярэднетэрміновай фінансавай праграмы на 2015–2017 гады і яе ўвязкі з найважнейшымі параметрамі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі.



pragnoz_1.gif

Кіраўніком рабочай групы прызначаны намеснік прэм’ер-міністра і айцец беларускіх дэвальвацыяў Пётр Пракаповіч, намеснікамі кіраўніка — міністр эканомікі Мікалай Снапкоў і намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч. У склад рабочай групы ўвайшлі таксама прадстаўнікі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Нацыянальнага банка, Міністэрства па падатках і зборах, парламентарыі. Гэтая ж група будзе каардынаваць працу па падрыхтоўцы праекта закона «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2015 год».

Будзем шчырымі: бюджэт, падатковая і фінансавая палітыка на 2015 год — праца тытанічная. Бо яна робіцца ў сітуацыі, калі будучыня няпэўная, і нават непрадказальная. З пачатку 2015 года павінен запрацаваць Еўразійскі эканамічны саюз Беларусі, Расіі і Казахстана, але ці запрацуе? А калі запрацуе, то на якіх умовах: ці будуць скасаваныя ўсе мытныя бар’еры і галоўнае — пошліна на экспарт нафтапрадуктаў? Якія паказнікі ў нас будуць у гандлі з Украінай — трэцім па велічыні нашым гандлёвым партнёрам пасля Расіі і ЕС? Ці будзе прынятае палітычнае рашэнне пра дэвальвацыю або дэнамінацыю з «грашыма, падобнымі да еўра», у той час, калі ані для першага, ані для другога не існуе спрыяльных паказчыкаў? У такіх умовах ці звярнуцца да медыума і «павярцець талерачку» альбо пагадаць на гушчы кавы, ці рабіць «эканамічна вывераныя» прагнозы — вынік будзе аднолькавым.

Вось і эканаміст Барыс Жаліба кажа: «Каб я быў прыхільнікам эканамічнага шляху сённяшняй улады, я б зрабіў бы ўсё, каб у такую камісію не ўваходзіць». Бо наступствы ўкраінскага канфлікту — гэта не толькі таваразварот з Беларуссю, а і санкцыі супраць Расіі, што адаб’ецца і на самой Расіі, і на Беларусі. «Шчыра кажучы, я не бачу перспектываў беларускай эканомікі зараз, акрамя як у звязку з Расіяй. Мы ўсё больш залежым ад Расіі, і ў нас зараз вельмі вузкае поле для манеўраў. Таму, як ні круці, а, хутчэй за ўсё, прыйдзецца прадаваць Расіі актывы, усё больш буйныя, што яшчэ больш будзе павышаць уплыў Расіі, і гэтак далей», — лічыць Жаліба.

Тое, што павінна быць у гэтай праграме, на думку Жалібы, улады рабіць не будуць. «Каб развівацца, трэба мяняць эканамічную стратэгію і тактыку. Нам трэба праводзіць не «мадэрнізацыю», а інфраструктурную рэформу эканомікі, больш увагі надаваць прыватнаму бізнэсу, змяншаць уплыў дзяржавы, і, нарэшце, развярнуцца на Захад, дзе ёсць і капітал, і неабходныя тэхналогіі для развіцця гаспадаркі. Аднак улада на гэта не пойдзе, бо яна, па-першае, не бачыць свайго існавання без Расіі, і без расійскай жа дапамогі не здолее ўтрымліваць гэтую ўладу», — лічыць Жаліба.

Былы старшыня Нацбанку і ганаровы старшыня АГП Станіслаў Багданкевіч увогуле лічыць, што з такой камісіяй улада паставіла воз наперадзе каня. «Фінансы — гэта службовы інструмент эканомікі. З працай такой камісіі трэба пачакаць, і чакаць трэба не сканчэння ўкраінскага крызісу альбо ЕАЭС, а фармавання нармальнай праграмы эканамічнага развіцця. Нам трэба вызначыць мэты — у прамысловасці, бізнэсе, знешнеэканамічнай дзейнасці і гэтак далей — рэальна і не менш як на 5 год, а ўжо потым, у межах эканамічнай праграмы і зыходзячы з яе мэтаў, рабіць праграму фінансавую», — лічыць Багданкевіч.

У нас ёсць асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнай палітыкі з 2010-га па 2015-ы гады, але рэальнымі іх ніхто не назаве. Напрыклад, за гэты час мы павінны былі нарасціць аб’ём ВУП на 62–68%, аб’ём прамвытворчасці — на 54–60%, экспарт — у два разы, уводзіць у эксплуатацыю 10 мільёнаў квадратных метраў жылля на год, а золатавалютныя рэзервы павінны былі дасягнуць не менш як трох месяцаў імпарту, то бок каля $12 мільярдаў.

У выніку рост ВУП у нас 0,9% за 2013 год і 1,5% за 2012-ы, ЗВР на 1 красавіка 2014-га склалі $5 мільярдаў 715 мільёнаў, і з астатнімі паказчыкамі не лепш. І на гэтых прагнозах нам будаваць бюджэтна-фінансавую палітыку?

Багданкевіч кажа, што грошы знайсці можна дзе заўгодна: крэдыты, займы, інвестыцыі, прыватызацыя… Але праблема нумар адзін — гэта крайняя неэфектыўнасць эканомікі, павелічэнне стратнасці прадпрыемстваў, падзенне рэнтабельнасці, інфляцыя, якую мы не можам спыніць ужо дзесяцігоддзі, і гэтак далей. «Нам трэба ад пачатку ствараць праграму рэформаў, і не толькі ў эканамічнай сферы. Ніякая эканоміка не здолее развівацца без адказу на знешнія выклікі — значыць, трэба рэформа міжнародных адносінаў. Капітал не прыйдзе ў неправавую краіну — рэформа судова-прававой сістэмы. Новыя тэхналогіі павінны абапірацца на адукаваныя кадры — рэформа адукацыі. І гэтак далей», — адзначае Багданкевіч.

Карацей, ён лічыць таксама, як Жаліба, — на такія рэформы ўлада не пойдзе, бо яны пагражаюць самому існаванню гэтай улады.

Такім чынам, калі ўлада і будзе нам распавядаць, як хораша мы будзем жыць у перспектыве ад 2015 да 2017 года, то ўсе гэтыя словы будуць проста казкамі. Так праграмы не робяцца. Можа, Пракаповічу лепш сапраўды задаць пару-тройку пытанняў на «Шоў экстрасэнсаў»?