Раманчук: «Вы думаеце, мільярд-два долараў не знойдзецца на сілавыя структуры?»
Эканаміст Яраслаў Раманчук разважае, як будуць вазіць пакупнікам беларускі калій і хто ў першую чаргу пацерпіць ад гандлёвай вайны.
Эканаміст Яраслаў Раманчук патлумачыў, чаму сітуацыя з калійнымі ўгнаеннямі нанясе адчувальны ўдар па беларускай эканоміцы і бюджэце, але не прывядзе да падзення дыктатуры.
— На самай справе гандлёвыя войны заўсёды разбуральныя, — адзначае Яраслаў Раманчук у сваёй перадачы «Эканоміка здаровага сэнсу». — І ад санкцый у першую чаргу пакутуюць беларускія спажыўцы.
Эканаміст звярнуў увагу на сітуацыю з калійнымі ўгнаеннямі.
— А вы паспрабуйце знайсці інфраструктуру для 10–12 мільёнаў тон! Гэта ж чыгунка, гэта вагоны, партовыя магутнасці. І нават калі ў цябе добрыя сувязі з пакупнікамі: Індыя, Кітай, Бразілія — паспрабуй ты туды дайсці! Не на чаўнах жа вазіць, не на аслах! — адзначае Яраслаў Раманчук.
Паводле яго слоў, гандлёвая вайна, у якую мы ўступілі, пагражае змяніць адносіны паміж Беларуссю і Расіяй.
— Зразумела, што «Уралкалій» сёння на кані. Ён усё робіць, каб на гэтым зарабіць, прымусіць партнёра і канкурэнта па калійных угнаеннях прыйсці да яго з нейкай прапановай: стварэнне сумеснай кампаніі або каардынацыя паставак. А паколькі такой колькасці вагонаў, інфраструктуры няма — значыць, трэба альбо інвеставаць, альбо дзяліцца. А дзяліцца, зразумелая справа, нікому за проста так не хочацца. І гэта будзе першы і вельмі адчувальны ўдар па беларускай эканоміцы, па беларускім бюджэце, — упэўнены Яраслаў Раманчук.
Эканаміст задаецца пытаннем, ці прымусіць гэта беларускія ўлады пайсці на саступкі і сесці за стол перамоваў з еўрапейцамі?
— Мы гэтага не ведаем, таму што гэта выходзіць за рамкі нейкага эканамічнага разліку, тут ужо, як у бойцы, пайшлі эмоцыі, кулакамі махаюць, ніхто не лічыць страты. А страты рэальна вельмі сур'ёзныя. Асабліва для Беларусі. Калі 2-3-4 гады такі рэжым пратрымаецца — значыць, «Уралкалій» вельмі сур'ёзна пасуне «Беларуськалій» на рынках нашых пакупнікоў. І ў Індыю зойдзе, і ў Кітай, і ў Бразілію, — лічыць Яраслаў Раманчук.
— Я не выключаю нават такую сітуацыю, што пастаўшчыкі будуць атрымліваць калійныя ўгнаенні ніжэй за сабекошт, ніжэй за выдаткі вытворчасці для таго, каб, як кажуць некаторыя аграрыі, хоць нейкую валюту ў краіну прыцягнуць.
Пры гэтым эксперт упэўнены, што эканамічныя праблемы ніяк не паўплываюць на змену рэжыму і ўсталяванне ў краіне дэмакратыі.
— У 2021 годзе бюджэт Беларусі склаў каля 24,5 млрд долараў, ВУП пад 68 млрд. Вы думаеце, мільярд-два долараў не знойдзецца на сілавыя структуры, на ўтрыманне апарата гвалту? Знойдзецца! На развіццё не будзе, на лекараў не будзе, на настаўнікаў не будзе, на стыпендыі не будзе, на дарогі не будзе. А на ўсё тое, на чым трымаецца беларускі рэжым — на Дзяржплан і беларускі камунізм — грошы, на жаль, знойдуцца, — перакананы Раманчук.
Паводле gazetaby.com