Шарль Мішэль: ЕС не будзе прапаноўваць перамовы Расіі вечна
Еўрасаюз не можа вечна прапаноўваць дыялог Расіі на фоне ракетных вучэнняў і павелічэння войскаў на мяжы з Украінай. Пра гэта заявіў кіраўнік Еўрасавета Шарль Мішэль падчас Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.
![Шарль Мішэль і Уладзімір Пуцін / РИА Новости Шарль Мішэль і Уладзімір Пуцін / РИА Новости](/img/v1/images/1513720901_0_0_2886_1624_1920x0_80_0_0_6e9ea0ee54e94d0bae3ced1f4ff8b640.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Шарль Мішэль і Уладзімір Пуцін / РИА Новости
«Канцэнтрацыя расійскіх сіл вакол Украіны працягваецца, мы не бачым ніякіх прыкмет дээскалацыі... Мы не можам вечна прапаноўваць аліўкавую галіну: калі эскалацыя працягнецца, будуць уведзены маштабныя санкцыі», — цытуе словы палітыка Еўрарадыё са спасылкай на ТАСС.
Шарль Мішэль не хавае, што санкцыі супраць Расіі нанясуць эканамічны ўрон самім краінам — членам супольнасці. Але краіны Захаду маюць ідэі, як яго пераадолець.
Па словах Мішэля, сваімі дзеяннямі Расія спрабавала «падзяліць Захад», але замест гэтага ў яе атрымалася згуртаваць краіны ЕС, ЗША, Канаду і іншых партнёраў па ўсім свеце. Тым не менш дыпламатычны шлях вырашэння канфлікту вакол Украіны паміж Расіяй і краінамі Захаду застаецца для еўрапейскага і амерыканскага бакоў прыярытэтным.