У Варонежскай вобласці Расіі ўвялі рэжым надзвычайнай сітуацыі з-за патоку бежанцаў з Данбаса

Рэжым надзвычайнай сітуацыі ўвялі на тэрыторыі Варонежскай вобласці Расіі праз рост патоку людзей, якія прыбываюць з самаабвешчаных ДНР і ЛНР.

lugansk_doneck.jpg


Такая мера дазволіць задзейнічаць усе рэсурсы, каб максімальна аператыўна і камфортна вызначыць прыбываючых у пункты часовага размяшчэння, паведамляюць расійскія СМІ.

Па даных расійскіх дзяржаўных СМІ, у Расію прыбыло больш за 40 тысяч бежанцаў з Данбаса. Ва ўкраінскіх афіцыйных крыніцах гэтую лічбу не пацвярджаюць. Газета «Украінская праўда» называе гэтыя паведамленні фэйкам.

Сітуацыя ў рэгіёне абвастрылася пасля таго, як самаабвешчаныя ЛНР і ДНР абвінавацілі Украіну ў падрыхтоўцы наступу. 18 лютага непрызнаныя рэспублікі пачалі эвакуацыю жанчын і дзяцей, а пазней абвясцілі мабілізацыю.

Улады Украіны працягваюць заяўляць, што ніякага наступу ў Данбасе не плануюць. Паведамленні непрызнаных рэспублік Кіеў называе правакацыяй. Раней Еўрасаюз заявіў, што лічыць беспадстаўнымі заявы так званых «ДНР» і «ЛНР» аб планах Украіны па нападзе. Брусэль заклікаў Расію да дээскалацыі і вітаў стрыманую пазіцыю Кіева. Раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў тэлефоннай размове з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам паведаміў, што не мае намеру адказваць на правакацыі ў зоне канфлікту.

Пры гэтым на лініі судакранання пачасціліся абстрэлы. Абодва бакі канфлікту абвінавачваюць адзін аднаго ў парушэнні рэжыму спынення агню. Паводле звестак на 20 лютага, у выніку абстрэлаў загінулі двое ўкраінскіх вайскоўцаў, шасцёра атрымалі раненні.

Аб ахвярах 20 лютага заявілі і прадстаўнікі самаабвешчанай ЛНР, якія паведамілі, што ў выніку абстрэлу загінулі два чалавекі. Якога-небудзь незалежнага пацверджання гэтай інфармацыі не было. Старшыня Следчага камітэта Расіі Аляксандр Бастрыкін даручыў распачаць па гэтай падставе крымінальныя справы.