Офіс Ціханоўскай выступіў з патрабаваннем вываду расійскіх войскаў з Беларусі

Офіс Святланы Ціханоўскай выступіў з патрабаваннем неадкладнага вываду расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі.

photo_2022_02_20_14_19_27.jpg


«Знаходжанне на нашай тэрыторыі расійскіх войскаў парушае нашу Канстытуцыю, міжнароднае права, ставіць пад пагрозу бяспеку кожнага беларуса і цэлага рэгіёна. Беларусь уцягваюць у чужую вайну і ператвараюць у краіну-агрэсара», — гаворыцца ў распаўсюджанай сёння заяве офіса, паведамляе REFORM.by.

У офісе лічаць, што Беларусь губляе суб'ектнасць, а беларусы — кантроль над уласнай краінай.

«Мы патрабуем неадкладнага вываду расійскіх войскаў з нашай тэрыторыі. Мы будзем дамагацца, каб гэтае пытанне было вынесена на разгляд Савета Бяспекі ААН. Мы ўжо накіравалі лісты ў краіны ЕС з прапановамі новых моцных санкцый, якія б’юць па рэжыме, а не па людзях. Мы правядзем кансультацыі з суседзямі, Еўрапейскім саюзам, ЗША і Вялікабрытаніяй», — заяўляюць аўтары.

Яны запэўніваюць, што крокі супраць беларускага суверэнітэту пацягнуць самыя сур'ёзныя наступствы.

Нагадаем, афіцыйна сумесныя беларуска-расійскія вучэнні «Саюзная рашучасць» завяршыліся сёння, аднак Лукашэнка і Пуцін прынялі рашэнне працягнуць «праверку сіл рэагавання Саюзнай дзяржавы». Прычынамі гэтага названыя нарастанне ваеннай актыўнасці ля знешніх межаў Саюзнай дзяржавы і абвастрэнне сітуацыі на Данбасе.