ЕС увядзе санкцыі супраць Беларусі ў выпадку яе ўдзелу ў нападзе на Украіну
Еўрасаюз рыхтуе новыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі, уключаючы эканамічныя меры. Санкцыі ўвядуць супраць Мінска ў выпадку ўдзелу РБ у нападзе на Украіну.
![Калона вайсковай тэхнікі ў Беларусі, люты 2022 Калона вайсковай тэхнікі ў Беларусі, люты 2022](/img/v1/images/img_20220208_144534_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Калона вайсковай тэхнікі ў Беларусі, люты 2022
Калі Беларусь будзе ўдзельнічаць у нападзе Расіі на Украіну, то Еўрасаюз увядзе супраць Мінска новыя санкцыі. Пра гэта ў пятніцу, 18 лютага, заявіла высокапастаўленая крыніца DW у структурах Еўрасаюза.
Па словах чыноўніка, ЕС цяпер працуе над новымі санкцыямі ў дачыненні да Беларусі, уключаючы і эканамічныя абмежавальныя меры. Ён удакладніў, што на паседжанні Рады ЕС па замежных справах 21 лютага рашэння па новых санкцыях супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі не чакаецца.
«Так, мы разглядаем санкцыі супраць Беларусі, калі яна будзе ўдзельнічаць у нападзе супраць Украіны», — заявіў высокапастаўлены чыноўнік.
Ён нагадаў, што ў 2020 годзе Еўрасаюз уводзіў санкцыі супраць Мінска за сфальсіфікаваныя выбары прэзідэнта і за ўнутраныя рэпрэсіі. У 2021 годзе ЕС увёў санкцыі за прымусовую пасадку самалёта Ryanair і за выкарыстанне мігрантаў для ціску на Еўропу.
«Цяпер мы на трэцім раздзеле гэтай эпапеі. А менавіта, што Лукашэнка дае Расіі тэрыторыю сваёй краіны, якой ён нелегітымна кіруе, для патэнцыйнай агрэсіі супраць Украіны», — дадала крыніца.
Як вядома, сумесныя расійска-беларускія вучэнні «Саюзная рашучасць» праходзяць на тэрыторыі РБ, якая прадстаўляе самы зручны плацдарм для магчымага наступу на Кіеў. Вучэнні павінны завяршыцца 20 лютага. У Мінску запэўніваюць, што пасля заканчэння манеўраў, тэрыторыю краіны пакінуць усе салдаты і тэхніка войск РФ.